NBA і Nike здрадзілі амерыканскім каштоўнасцям?

Віцэ-прэзідэнт ЗША Майкл Пенс нечакана ўмяшаўся ў канфлікт паміж Кітаем і амерыканскай Нацыянальнай баскетбольнай асацыяцыяй (NBA).

_107505707_0b79bce9_4b29_4898_a722_f6be762d6986.jpg

На думку Пенса, функцыянеры NBA, а таксама кампанія Nike, якая з’яўляецца спонсарам асацыяцыі, здрадзілі амерыканскім каштоўнасцям. Здрада палягае ў тым, што NBA і Nike трымаюць дыстанцыю ад кіраўніка баскетбольнай каманды Houston Rockets, які выступіў у Twitter у падтрымку дэманстрантаў у Ганконгу. На тую эскападу Пекін адказаў вельмі жорстка: спыніў трансляцыю на кітайскім тэлебачанні матчаў згаданай каманды. Па сутнасці, фірмы ЗША аказаліся пастаўленыя перад выбарам: альбо страціць свае прыбыткі ў КНР, альбо змірыцца з дыктатам.

Выбар быў зроблены на карысць апошняга, што і не спадабалася Пенсу. Паводле яго словаў, баскетбольная арганізацыя і карпарацыя ігнаруюць парушэнне правоў чалавека і паводзяць сябе як філіялы аўтарытарнага рэжыму. Такія паводзіны віцэ-прэзідэнт назваў «неамерыканскімі».

Зрэшты, трэба мець на ўвазе, што гаворка Пенса прагучала напярэдадні чарговага раўнду гандлёвых перамоваў паміж Кітаем і ЗША. У гэтым плане, магчыма, Пенс проста гуляе ў «злога паліцэйскага».

Так ці інакш, наўрад ці амерыканскія карпарацыі, якім патрэбна кліенцкая база ў КНР, прыслухаюцца да парадаў Пенса. У сувязі з гэтым даводзіцца пагадзіцца з версіяй, што кітайскія ўлады атрымліваюць усё большыя магчымасці дыктаваць свету свае параметры свабоды слова.