Не «ВКонтакте» адзіным…

Забарона расійскіх сацыяльных сетак ва Украіне стварыла запыт на мясцовыя аналагі ВК і ОК. Аказалася, што такія эксперыменты робяцца не першы год.

18554551_1937252809844754_789641484_n_650x410.jpg

Нават тыя ўкраінцы, хто бачыць у забароне ОК і ВК пазітыў, пагаджаюцца: цалкам паставіць пад кантроль інтэрнэт тэхнічна немагчыма. Украінскія аматары забароненых паблікаў будуць абыходзіць блакіроўку праз розныя сайты-люстэркі, ананімайзеры, проксі, і, дарэчы, ужо актыўна і паспяхова гэта робяць. Больш за тое, узнік небяспечны для ўлады феномен, калі карыстанне забароненымі сеткамі ўспрымаецца абывацелямі як нейкая форма палітычнага пратэсту.

У гэтым плане лагічна, што ў грамадстве паўстала ідэя стварыць папулярную ўкраінскую сацсетку. «Нам патрэбны інтэрнэт-рэсурс, інфармацыю з якога не «зліваюць» расійскім спецслужбам, патрэбная ўласная ўкраінская сацыяльная сетка, магчыма, нават зачыненая для «неўкраінцаў» (ніякай дыскрымінацыі, проста халодны патрыятычны разлік)», — так фармулюе задачу кіеўскае кампутарнае выданне ARTmodernMarketing. З гэтым згодны дэпутат Барыслаў Бяроза, які піша: «Не сеткі ствараюць і фармуюць сэнсы, а людзі. Сеткі забаранілі, а контрпрапагандай хто займацца будзе? Трэба не толькі забараняць, але і даваць нейкую альтэрнатыву».

Узгадваюць, што некаторыя краіны, сапраўды, здолелі больш-менш паспяхова ства­рыць аналагі знешніх інтэрнэт-рэсурсаў. Перш за ўсё, гэта Кітай, дзе даўно змагаюцца з заходнім уплывам на розумы мясцовых. Сацыяльная сетка Qzone — прадукт інтэрнэт-кампаніі Tencent — з’яўляецца трэцяй сеткай у свеце па колькасці карыстальнікаў. Паводле дадзеных на пачатак 2014 года, у ёй было зарэгістравана 625 мільёнаў чалавек.

І тут раптам высветлілася, што эксперыменты па стварэнні ўкраінскіх сацсетак ідуць даўно. Цяпер такіх праектаў ужо як мінімум пару дзясяткаў: UkrOpen, UKRFACE, Ц.укр і іншыя. Праўда, пакуль іх КПД вельмі сціплы. Рэкардсмен па колькасці карыстальнікаў, калі верыць таму ж ARTmodernMarketing, — WeUA, дзе па стане на чэрвень 2016 года было 153 000 зарэгістраваных карыстальнікаў.

Прычыны такога сумнага становішча растлумачыць няцяжка. Па-першае, украінскія сеткі выйшлі на рынак, калі ўсе нішы там былі даўно занятыя. Па-другое, стваральнікі альтэрнатыў ВК і ОК, як правіла, праграмісты-энтузіясты, якім цяжка адразу зрабіць вельмі якасны прадукт. Таму некаторыя проста капіруюць дызайн таго ж ВК, або нават выкарыстоўваюць яго стары «дзвіжок». Хапае і іншых недахопаў. Тыя ж «Українці» падтрымліваюць выключна тэкст. Як следства, у лепшым выпадку, альтэрнатыўныя расійскім украінскія сацсеткі выглядаюць як таўкатня: карыстальнікі прапануюць нешта набыць, уладкавацца на сезонную працу за мяжой, напісаць курсавыя і гэтак далей.

Некаторым рэсурсам уласцівая занадта моцная ўстаноўка на палітызацыю або вузкую спецыялізацыю. Каб стаць карыстальнікам той жа сеткі «Українці», ад кандыдата акрамя рэгістрацыі патрабуецца нешта накшталт эсэ «Чаму вы лічыце сябе ўкраінцам?». Усё ж такі пісаць эсэ пры рэгістрацыі — гэта занадта. Галоўнай мэтай дзейнасці партала Hurtom абвяшчаецца распаўсюджванне кінафільмаў на ўкраінскай мове, якія карыстальнікі могуць абмяркоўваць на форумах.

Усе гэта дазволіла аднаму з аглядальнікаў існуючых сацыяльных сетак ва Украіне зрабіць сумнае рэзюмэ: «Карыстацца ўкраінскімі сацыяльнымі сеткамі не толькі не зручна, але і проста не хочацца. Сапраўдная паўнавартасная ўкраінская сацыяльная сетка з’явіцца ва Украіне, мяркуючы па ўсім, яшчэ не хутка».

sacsetki_ukraina.jpg

Аднак, магчыма, чакаць давядзецца не так доўга. На мінулым тыдні стала вядома, што канадская кампанія StartupSoft плануе стварыць аналаг «ВКонтакте» для ўкраінцаў. У StartupSoft былі гатовыя ўзяцца за працу, калі колькасць зацікаўленых падпісчыкаў перавысіць 50 тысяч да 1 чэрвеня. Зараз, каб сабраць тую лічбу падпісчыкаў, спатрэбілася ўсяго толькі тры дні. Сцвярджаецца, што сетка Ukrainians будзе распрацавана за чатыры месяцы адразу для трох платформаў — web, iOS і Android.

Праўда, пакуль канчаткова не вельмі зразумела — што такога выбітнага будзе ў Ukrainians, каб сюды з ВК табуном пабеглі падлеткі? Наўрад ці ў Ukrainians будзе дазволена размяшчаць нелегальны кантэнт, што ёсць фішкай рэсурсу «ВКонтакте», які не ў малой ступені папулярны дзякуючы «пірацкай» музыцы.

Аднак галоўная перашкода для поспеху Ukrainians — дасюль не зразумелы канчатковы лёс ВК і ОК ва Украіне. Іх забарону ўжо збіраюцца аспрэчыць у судзе шэраг дэпутатаў, якія спасылаюцца ў тым ліку на заявы вядучых праваабарончых арганізацый накшталт Human Rights Watch або Amnesty International, якія крытыкуюць крок Парашэнкі. Акрамя таго, у інтэрнэце створана каля 50 петыцыйных кампаній супраць крыміналізацыі тых рэсурсаў. Відавочна, што не абыдзецца без позываў і ў еўрапейскія суды.

Але найбольш камічным бу­дзе, калі той жа Пётр Парашэнка сам адменіць сваю пастанову. Некаторыя палітолагі мярку­юць, што гісторыя з забаронай ВК і ОК — прыдуманая піяршчыкамі прэзідэнта шматхадоўка, фінал якой плануецца на час выбарчай кампаніі 2019 года. Тады Пётр Аляксеевіч раптам перагледзіць свае рашэнне, каб стварыць сабе вобраз мудрага палітыка, які здольны прыслухацца да думкі грамадзян.