«Няслушна зразумелі». У Іране застаецца паліцыя нораваў
Хіджаб прыйдзецца дастаць са сметніцы. У Іране абверглі паведамленні СМІ аб ліквідацыі адмысловага органа, які сочыць за выкананнем ісламскага дрэс-кода
Такія чуткі ўзніклі з-за таго, што словы генеральнага пракурора краіны Махамада Джафара Мантазеры былі няправільна вытлумачаны, піша Al Alam.
Паводле выдання, афіцыйныя ўлады не рабілі ніякіх заяў аб ліквідацыі паліцыі нораваў. Чуткі ж пра гэта звязаныя з няправільнай трактоўкай слоў генпракурора Ірана, які заявіў аб тым, што патрулі паліцыі нораваў не падпарадкоўваюцца судовай уладзе.
— Максімальная выснова, якую можна зрабіць са слоў шэйха Мухамада Джафара Мантазеры, заключаецца ў тым, што патрулі паліцыі нораваў не былі звязаны з судовым апаратам з моманту іх стварэння, і генеральны пракурор пацвердзіў, што судовыя органы працягнуць сачыць за дзеяннямі і паводзінамі ў грамадстве, — адзначае выданне.
Нагадаем, напярэдадні ў іранскіх СМІ з'явілася паведамленне, што ўлады Ірана нібыта прынялі рашэнне распусціць паліцыю нораваў, якая кантралявала выкананне жанчынамі правілаў адзення.
Генпракурор краіны таксама заявіў аб тым, што ў Тэгеране пачалі працаваць над зменамі закона, які абавязвае кабет насіць хіджаб. Ён не ўдакладніў, якія менавіта змены могуць быць унесены, аднак дадаў, што «мы ўбачым вынікі праз тыдзень ці два».
У верасні паліцыя нораваў затрымала 22-гадовую Махсу Аміні за «няправільнае» нашэнне хіджаба (у яе з-пад хусткі былі бачныя валасы). Дзяўчына загінула пры нявысветленых абставінах. Па словах сваякоў Аміні, паліцыянты жорстка збілі дзяўчыну. Самі сілавікі сцвярджаюць, што Аміні патрапіла ў лякарню нібыта цераз сардэчную недастатковасць.
Пасля гэтага ў Іране пачаліся масавыя пратэсты. Савет бяспекі Міністэрства ўнутраных спраў Ірана заявіў аб гібелі 200 чалавек на працягу апошніх некалькіх тыдняў.
Аднак гэтыя дадзеныя супярэчаць лічбам, агучаным праваабаронцамі і ААН. Па дадзеных вярхоўнага камісара па правах чалавека Фолькера Цюрка, на 22 лістапада было вядома аб гібелі звыш 300 чалавек, у тым ліку больш за 40 дзяцей. Па дадзеных праваабаронцаў на гэтую ж дату, з пачатку пратэстаў было забіта каля 400 дэманстрантаў і больш за 16 тысяч чалавек былі арыштаваныя. Пяцёх дэманстрантаў іранскія ўлады прысудзілі да смяротнага пакарання па абвінавачанні ў «варожасці супраць Алаха».
У апазіцыйных СМІ краіны паведамляюць, што Іран просіць Расію паставіць спецабсталяванне і дапамагчы навучыць супрацоўнікаў службы бяспекі для здушэння маштабных пратэстаў, а Масква перадае Тэгерану выведныя дадзеныя аб сітуацыі ў краіне.