«Новые известия»: У Расіі ваяваць на Данбас вярбуюць амаль дзяцей

Сярод ваюючых супраць урадавых войскаў Украіны — вялікая колькасць 18-20-гадовых юнакоў з Расіі. Сваякі забітага пад Данецкам Яўгена Пушкарова сцвярджаюць: хлапчукам ніяк не складана патрапіць на вайну — трэба ўсяго толькі запоўніць анкету ў сацыяльнай сетцы. А вярбоўнікаў, якія завабліваюць маладых расійцаў ваяваць на Данбас, ніхто не збіраецца спыняць, піша Віталь Славецкі ў выданні «Новые известия».



pushkarou_fota.jpg

Добраахвотнікі, якія прыехалі на мінулым тыдні ў Санкт-Пецярбург з Данбаса на пахаванне баявога таварыша — 18-гадовага Яўгена Пушкарова (на фота), паведамілі: нягледзячы на перамір’е, людзі там гінуць кожны дзень. Сярод ваюючых супраць урадавых войскаў Украіны — вялікая колькасць 18-20-гадовых юнакоў з Расіі. Сваякі забітага пад Данецкам Яўгена сцвярджаюць: хлапчукам ніяк не складана патрапіць на вайну — трэба ўсяго толькі запоўніць анкету ў сацыяльнай сетцы.

Развітацца з Яўгенам Пушкаровым 17 кастрычніка прыйшлі амаль 300 чалавек: сваякі, сябры, прадстаўнікі ваенна-патрыятычных клубаў і нават тыя, хто не быў знаёмы з ім асабіста, але чулі яго гісторыю. Прысутнічалі і добраахвотнікі з канспіратыўнымі пазыўнымі «Ціхі» і «Мангуст», якія ваявалі з Яўгенам і якія дапамагалі прывезці яго цела ў Пецярбург.

Людзі не стрымлівалі слёз. Большасць з іх не чакалі, што Жэня апынецца пад кулямі і снарадамі. Хлопец сказаў бацькам, што адправіўся на сустрэчу з сябрам у Растоў, а на самай справе апынуўся на вайне. «Ужо адтуль паведаміў нам: «Не мог глядзець па тэлевізары на забітых дзяцей і старых. Сышоў іх абараняць», — распавёў «НІ» бацька загінулага юнака Аляксей Фамін. — Ён займаўся ў ваенна-спартыўным клубе, падобна, вырашыў, што здолее іх выратаваць. Жэня добра страляў, але ж гэтага зусім не дастаткова для ўдзелу ў рэальных баях. У астатнім быў абсалютна не падрыхтаваны да такога. Першага жніўня яму споўнілася 18 гадоў. Амаль дзіця».

«Ціхі» і «Мангуст» (свае сапраўдныя імёны «аднапалчане» забітага Жэні хаваюць) паведамілі, што загінуў Пушкароў 10 кастрычніка ў пасёлку Нікішына Данецкай вобласці. Ён першым убачыў, што іх пазіцыю хочуць узяць у кола. Члены групы сталі адыходзіць, Жэня іх прыкрываў, страляючы з кулямёта ў бок праціўнікаў. Куля трапіла яму ў плячо, раненне аказалася смяротным. «Памёр Жэня хутка...» — скончылі аповед відавочцы гібелі хлопца. Ім удалося даставіць цела на тэрыторыю Расіі — ў бальнічны морг горада Каменск-Шахцінскі Растоўскай вобласці. Туды за ім прыехалі блізкія.

«Я хачу, каб як мага больш людзей даведаліся пра тое, як загінуў мой сын, — сказала пасля завяршэння пахавання маці забітага Жанна Пушкарова. — Ён запоўніў нейкія анкеты ў Інтэрнэце і апынуўся на вайне. Яго завербавалі, згулялі на пачуццях... Хочацца, каб усе даведаліся пра гэта. Бо тады інфармацыя можа дапамагчы іншым бацькам. Яны выратуюць сваіх дзяцей».

Доктар філалагічных навук, ваенны гісторык Барыс Сакалоў лічыць, што выключна шляхам грамадскай агалоскі можна выратаваць іншых юнакоў ад уцёкаў на Данбас. «Здаецца, расійскія праваахоўныя органы не стануць выяўляць вярбоўнікаў і спосабы перакідання добраахвотнікаў ва Украіну. Інакш даўно гэтым заняліся б, — сказаў навуковец «НІ». — Адказнасць за гібель маладых расійцаў, на мой погляд, ляжыць на нашых кіраўніках. Вельмі верагодна, што гэта яны стварылі сітуацыю, пры якой немалая колькасць грамадзян краіны бесперашкодна сыходзіць на вайну. Зараз баявыя дзеянні вядуцца не асабліва актыўна. Але, мяркуючы па ўсім, завершацца не хутка. Расійскія юнакі працягнуць шлях на ўкраінскі паўднёвы ўсход».

Згодны з тым, што сілавікі не стануць разбірацца з вярбоўнікамі і адказны сакратар «Саюза камітэтаў салдацкіх маці Расіі» Валянціна Мельнікава. «Тым часам разабрацца вельмі не пашкодзіла б. Па-першае, юнакоў трэба зберагчы, па-другое, вярбоўшчыкі цалкам могуць вербаваць моладзь і для здзяйснення неправавых дзеянняў на нашай тэрыторыі. Успомнім напад на музыкаў і гледачоў рок-канцэрта ў Пермскім краі, тое, што здарылася ў красавіку гэтага года. Па-сапраўднаму баявы напад, — выказала сваё бачанне сітуацыі «НІ» праваабаронца. — Дакладная колькасць расійскіх добраахвотнікаў у Данбасе невядома. Як следства — немагчыма ацаніць колькасць маладых расійцаў, якія ваююць там. Але паколькі сур’ёзная праблема прысутнічае, а ўнікаць у яе ніхто не хоча — справа толькі за бацькамі. Метад выратавання юнакоў застаецца адзін — надаваць ім значна большую ўвагу, сачыць за зменай настрою, паводзін. Вельмі часта дзеці сыходзяць таму, што не адчуваюць бацькоўскай падтрымкі, таму, што ў доме не ўсё добра. Звяртайце на сваіх дзетак увагу! Інакш аднойчы яны могуць сысці назаўжды».

Доктар юрыдычных навук, генерал-лейтэнант міліцыі ў адстаўцы Аляксандр Гураў сказаў «НІ»: «Ва ўсе часы ў баявых дзеяннях удзельнічалі адначасова жыхары розных краін. У перыяд расійска-грузінскага канфлікту ў 2008 годзе на баку Грузіі змагаліся грамадзяне Літвы. У Іспанію ў 1930-я гады сцякаліся паваяваць людзі амаль з усіх еўрапейскіх дзяржаў. З аднаго боку — традыцыйная з'ява, з другога — калі гаворка ідзе пра жыцці амаль дзяцей, неабходна прымаць экстраныя меры. Падняць на міжнародным узроўні пытанне аб забароне ўдзельнічаць ва ўзброеных канфліктах «староннім» людзям. А пакуль, сапраўды, справа толькі за бацькамі».