Эксперты не выключаюць паніжэнне рэйтынгу Расіі да «смеццевага» ўзроўню

Аналітыкі RBS ў сваім аглядзе не выключаюць, што міжнароднае рэйтынгавае агенцтва S&P можа панізіць рэйтынг Расіі да ўзроўню BB+, такі рэйтынг ўспрымаецца інвестарамі як «смеццевы». 



s_p.jpg

Аналітыкі RBS паказваюць на супадзенне адразу некалькіх негатыўных фактараў: кошты на нафту зніжаюцца у той час, як дзяржаўныя і прыватныя пазычальнікі страцілі доступ да заходніх рынкаў у выніку заходніх санкцый супраць Расіі, паведамляе РБК.

«Рэйтынгавыя агенцтва павінны глядзець на адсутнасць доступу да свежых запазычанняў у якасці асноўнага негатыўнага фактару», — паказваюць аналітыкі RBS.

Другі найбуйнейшы інвестбанк — UBS — таксама дапускае зніжэнне рэйтынгу. У сваім аглядзе ад 22 кастрычніка аналітыкі нагадваюць, што зніжэнне 17 кастрычніка рэйтынгу Расіі агенцтвам Moody’s з узроўню Baa1 да Baa2 не акажа прыкметнага ўплыву на Расію, бо ён застаецца на дзве прыступкі вышэй «смеццевага» ўзроўню.

«Але мы не выключаем, што іншыя рэйтынгавыя агенцтва, такія як S&P і Fitch, знізяць рэйтынг, улічваючы іх негатыўны прагноз», — пішуць аналітыкі.

Сапраўды, панізіўшы рэйтынг Расіі S&P прысвоіла яму негатыўны прагноз. У прэс-службе S&P пацвердзілі, што на заўтра запланаваны перагляд рэйтынгу і публікацыя прэс-рэлізу па яго выніках, якая адбудзецца пасля закрыцця рынкаў.