Пажыццёвае зняволенне для 5 «беркутаўцаў», якія расстралялі Майдан

Пракурор просіць пажыццёвыя тэрміны для пяцярых былых байцоў "Беркута", датычных да расстрэлу пратэстоўцаў на Майдане ў 2014 годзе.

630_360_1582185827_977.jpeg

Дзяржабвінавачанне запытала пажыццёвае пазбаўленне волі для пяцярых былых супрацоўнікаў спецпадраздзялення "Беркут" — Аляксандра Марынчанкі, Сяргея Тамтуры, Алега Янішэўскага, Паўла Аброськіна і Сяргея Зінчанкі — па справе аб расстрэле пратэстоўцаў на Майдане ў лютым 2014 года, піша www.currenttime.tv.

Справа былых "беркутаўцаў" разглядаецца ў судзе Кіева. Янішэўскага, Аброськіна і Зінчанку судзяць завочна. Суд разглядае падзеі 20 лютага 2014 года на вуліцы Інстытуцкай, дзе 48 чалавек былі забітыя і 80 — параненыя.

Усяго ў справе аб расстрэлах на Майдане фігуруюць 25 былых супрацоўнікаў "Беркута", але пасля рэвалюцыі амаль адразу 20 чалавек з'ехалі ў Расію.



Фігурантам справы інкрымінуюць перавышэнне службовых паўнамоцтваў, тэракт, наўмыснае забойства, замах на забойства, перашкоду мірным мітынгам, крадзеж і ўтойванне зброі пасля здзяйснення злачынства. Былыя байцы "Беркута" не прызнаюць сваёй віны.

"Не стала 48 чалавек. Яны загінулі. Астатнія 80 атрымалі агнястрэльныя раненні. Ім удалося нейкім чынам выжыць. Мы не можам выправіць тое, што здарылася, але сваім прысудам, Паважаны суд, вы павінны вызначыць справядлівую меру пакарання", — сказаў пракурор Ігар Зямскоў.

Пракурор таксама просіць суд пазбавіць іх званняў і права займацца праваахоўнай дзейнасцю на працягу трох гадоў.

Прысуд пяцярым абвінавачаным павінны былі вынесці яшчэ ў 2020 годзе, аднак у канцы 2019-га суд адпусціў іх з-пад варты — беркутаўцаў уключылі ў спісы на абмен палоннымі.



Аднак праз некалькі месяцаў пасля абмену двое з пяцярых супрацоўнікаў "Беркута" вярнуліся ў Кіеў і паўсталі перад судом. Сяргей Тамтура, як і яго былы калега Аляксандр Марынчанка, лічыць сябе невінаватым, таму, нібыта, ён і вярнуўся ў Кіеў.

У справе, якую разглядаюць цяпер у судзе, няма куль, што былі выпушчаныя з аўтаматаў Марынчанкі і Тамтура. Суд прызнаў іх абодвух саўдзельнікамі расстрэлу на Майдане і вызваліў з-пад варты.

Адвакат сем'яў загінулых Віталь Ціціч адзначае, што адсутнасць у справе куль не адмяняе віны былых байцоў "Беркута".

Па справах астатніх трох удзельнікаў, якіх судзяць завочна, доказаў больш: з целаў забітых актывістаў былі вынятыя кулі, выпушчаныя з іх табельнай зброі.

Расследаваннем і выяўленнем асобаў супрацоўнікаў “Беркуту”, што знайшлі прытулак у Беларусі ды разганялі пратэсты 2020 года і сведчылі супраць беларускіх актывіста ў судзе, займаўся журналіст «Новага Часу» Дзяніс Івашын. Яго расследаванне ўскалыхнула беларускую інтэрнэт-прастору. Дзяніс выкрыў трох колішніх «беркутаўцаў», якія цяпер спакойна працуюць у шэрагах беларускай міліцыі. Тады ж журналіст выказаў меркаванне, што такіх «уцекачоў» у Беларусі можа знаходзіцца каля сотні.

Цяпер беларускія ўлады Дзяніса Івашына, прызнанага палітвязнем, абвінавачваюць ва ўмяшанні ў дзейнасць супрацоўнікаў унутраных спраў. За кратамі яго трымаюць амаль 500 дзён