Politico: Страх адпавядае расійскай рыторыцы

Ваенныя вучэнні «Захад — 2017», якія на гэтым тыдні праводзяць сумесна Расія і Беларусь, спарадзілі трывожныя прагнозы з нагоды схаванай расійскай агрэсіі супраць яе балтыйскіх суседзяў і нават самой Беларусі.

zapad_2017_5.jpg


Аднак вучэнні «Захад» падобныя да свята Нараджэння Хрыстовага: яны наступаюць у загадзя вядомы час, аднак ўзбуджэнне і доўгая падрыхтоўка засланяюць праўдзівы сэнс падзеі, — іранізуе аўтар артыкула Кір Джайлс у выданні Politico.

Гэта праўда, што папярэднія расійскія вучэнні такога маштабу прывялі войскі ў стан гатоўнасці да неадкладных ваенных аперацыяў непасрэдна пасля іх заканчэння — супраць Грузіі ў 2008 годзе і супраць Украіны ў 2014 годзе, прызнае ён.

Сёй-той у Прыбалтыцы выказвае занепакоенасць, што тое ж самае можа адбыцца і з краінамі Балтыі. Але верагоднасць таго, што Расія распачне якія-небудзь варожыя дзеянні пад прыкрыццём «Захаду», ніжэй, чым у 2013 годзе, лічыць аўтар артыкулу.

У той час у краінах Балтыі не былі размешчаны войскі NАТО на пастаяннай аснове. Цяпер там знаходзяцца невялікія, але важныя па сваім значэнні батальёны ўзмоцненага перадавога базавання, гаворыцца ў артыкуле.

Джайлс адзначае, што вучэнні даюць магчымасць заходнім назіральнікам паглядзець, што будзе адбывацца, і зрабіць уласныя высновы.

67292_image.jpg


Улічваючы, што вядзенне Расіяй «інфармацыйнай вайны» — зараз горача дэбатуемая тэма, асаблівая ўвага будзе нададзена «войскам інфармацыйных аперацый» на прадмет таго, як Расія плануе іх прымяняць на тактычным і аператыўным узроўні.

«Трывога Еўропы з нагоды перспектывы расійскага ваеннага авантурызму ставіць Маскву ў зручнае становішча», — мяркуе журналіст.

«Гэты страх адпавядае расійскай рыторыцы і сталым намёкам на наўпроставыя ваенныя дзеянні супраць яе суседзяў і іншых супернікаў. Расія можа не прадастаўляць інфармацыю пра маштабы вучэнняў — заходнія СМІ сваімі здагадкамі і страшнымі гісторыямі робяць працу Крамля за яго», — гаворыцца ў артыкуле.

«Беларусь, наадварот, прадэманстравала жаданне знізіць напружанасць і падстрахавацца ад выпадковых або знарокавых адхіленняў ад сцэнара вучэнняў», — піша аўтар, падкрэсліваючы, што менавіта Беларусь, а не Расія запрасіла замежных назіральнікаў.

Джайлс заклікае іх да пільнасці і ўвазе да таго, што будзе адбывацца за межамі Беларусі. Адразу пасля таго, як назіральнікі пакінуць Беларусь пасля заканчэння вучэнняў, будзе яшчэ рана рабіць высновы, ці ўсё расійскія войскі і тэхніка на самай справе выведзены адтуль, гаворыцца ў артыкуле.


Паводле inopressa.ru