Расія. Пуцін ставіць на дармаедаў?
Міністр працы РФ Максім Тапілін зноў прыгразіў расіянам «падаткам на дармаедаў». Прычым, у адрозненне ад беларускага аналагу, тое, што прапануе міністр суседняй дзяржавы, будзе больш жорсткім.
Паводле Тапіліна, з тых, хто афіцыйна не працуе, плануецца браць па 25 тысяч рублёў на год (каля 400 долараў). Таксама «дармаедаў» будуць абкладаць дадатковымі паборамі на нерухомасць.
Праўда, некаторыя не выключаюць, што ўсе пагрозы Тапіліна — частка піяр-кампаніі Пуціна, які раней рашуча выступіў супраць падатку.
Стаўка робіцца на тое, каб спалоханыя ініцыятывай Тапіліна беспрацоўныя (а іх у Расіі каля 15 мільёнаў) прыйшлі на прэзідэнцкія выбары і дружна прагаласавалі за Пуціна. Сапраўды, інакш цяжка зразумець, нашто Тапілін робіць такія непапулярныя заявы напярэдадні прэзідэнцкай кампаніі.
А ўвогуле, падаецца, што падатак на расійскіх дармаедаў — справа часу. Зараз у Дзярждуме ідзе праца над законапраектам аб персаніфікаваным уліку насельніцтва, то бок, дэ-факта рэестрам гультаёў.
Паводле расійскай прэсы