Правал рэферэндуму: у Чылі застаецца дзейнай Канстытуцыя Піначэта

Учора ў Чылі прайшоў рэферэндум наконт новай Канстытуцыі краіны, якая не мянялася з 1980-х гадоў, калі яе прыняў урад Аўгуста Піначэта. Сённяшнія чылійцы адмовіліся ад новай Канстытуцыі.

thumbs_b_c_b8e1459006d65af9e04c6e64d04c9fcc.jpg


Жыхары Чылі на рэферэндуме 4 верасня прагаласавалі супраць новай канстытуцыі, якая павінна была замяніць дакумент, прыняты ў 1980-х гадах за Аўгуста Піначэтам, паведамляе «Бі-бі-сі». Выглядае на тое, што новая Канстытуцыя аказалася для чылійцаў занадта радыкальнай.
Праект, падрыхтаваны ўрадам цяперашняга прэзідэнта Чылі Габрыэля Борыча, сапраўды змяшчае шмат новага для Чылі. Ён прадугледжвае замену сената краіны на савет рэгіёнаў, канстытуцыйнае прызнанне права жанчыны на аборт і норму, у адпаведнасці з якой прынамсі 50% пасад ва ўрадавых інстытутах павінны займаць жанчыны.


Таксама новая Канстытуцыя павінна была абвясціць Чылі шматнацыянальнай рэспублікай, а за супольнасцямі абарыгенаў (сёння доля карэнных амерыканцаў сярод жыхароў краіны — каля 13%) прызнавалася права на займаныя імі зямлі і іх рэсурсы.
Новы праект Асноўнага закона краіны праваліўся з трэскам: «супраць» прагаласавалі амаль 62%. «За», адпаведна, выказаліся каля 38%.
Працэс падрыхтоўкі новай Канстытуцыі ў Чылі пачаўся тры гады таму. На той момант каля 80% насельніцтва выказаліся за замену старой версіі, прынятай дыктатарам Піначэтам, на рэферэндуме. Як мяркуюць аналітыкі, прапанаваны зараз праект быў сустрэты адмоўна праз тое, што «недастаткова прадстаўляў» усе слаі насельніцтва. Да таго ж, галасаванне было абавязковым для ўсіх дарослых — і тыя, каму штосьці не падабалася ў прапанаваных зменах, галасавалі супраць.
Гэты правал можа адбіцца і на цяперашнім урадзе: мяркуецца, што пасля няўдалага канстытуцыйнага праекта прэзідэнт паспрабуе змяніць яго склад.