Рада або эстрада?
Шмат хто ва Украіне называе выбары парламента 21 ліпеня выбарамі ў Вярхоўную эстраду. Усё з-за колькасці прадстаўнікоў шоу-бізнесу ў выбарчых спісах.
Оперны саліст Дзмітрый Гнацюк, акардэаніст Ян Табачнік, спявак Віктар Паўлік, рокер Святаслаў Вакарчук і нават топ-мадэль, «Міс Сусвет–2007» Юлія Гершун. Што агульнага паміж гэтымі прадстаўнікамі ўкраінскай багемы? Правільны адказ — жаданне атрымаць дэпутацкі мандат у Вярхоўнай Радзе будучага склікання.
Такое багацце артыстаў у спісах у адных выклікае замілаванне, а ў іншых — трывогу. На думку скептыкаў, дамінаванне пэўнай прафесійнай катэгорыі сярод дэпутатаў прынцыпова не азначае якасны парламент. На выбарах пяцігадовай даўніны сярод выбаршчыкаў быў запыт на камуфляж — усе імкнуліся займець у сваім выбарчым спісе героя АТА або ўдзельніка Самаабароны Майдану. У выніку Вярхоўная Рада колеру хакі аказалася самай непапулярнай за ўсю гісторыю ўкраінскага парламентарызму, маючы ў апошнія пару гадоў чатыры працэнты даверу.
Яшчэ большы канфуз можа чакаць Вярхоўную Раду менестрэляў і скамарохаў. Першыя публічныя выказванні кандыдатаў ад шоу-бізнесу шакуюць сваёй палітычнай непісьменнасцю і махровым папулізмам. Напрыклад, вядомы ў мінулым гулец данецкага КВЗ, а цяпер кандыдат ад «Слугі народа» Сяргей Сівоха так фармулюе праграму вяртання раёнаў, некантраляваных Кіевам: «Трэба стварыць усе ўмовы для вяртання Данбаса». Вось такі геніяльны план.
Дый што ўжо казаць, калі ў офісе прэзідэнта сталіцай Канады называюць Таронта, а сам Уладзімір Зяленскі, які намінаваў прыгожых жанчын брэндам Украіны, шакаваў Еўропу. Многія еўрапейскія лэдзі ўбачылі ў гэтым рэкламу прастытуцыі.
Скепсіс адносна якасці новага парламента ўзмацняе тое, што некаторыя артысты ўжо спрабавалі сябе ў вялікай палітыцы і, як правіла, беспаспяхова. У 2007-м годзе спявачка Руслана Лыжэчка склала дэпутацкія паўнамоцтвы, назваўшы тое, што адбываецца ў Радзе, «клаўнадай і цыркам». Падобны дэмарш паўтарыла ў 2015 годзе яе калега Злата Огневіч і аргументавала свой учынак: «Як культурны дзеяч, не бачу сэнсу ў дэпутацтве». Успамінаецца 2008 год, калі Святаслаў Вакарчук склаў дэпутацкія паўнамоцтвы, таму што «не хацеў страціць сябе».
Нарэшце, артыстам уласцівая фантастычная эластычнасць палітычных поглядаў. Напрыклад, спявак і рэктар Міхаіл Паплаўскі, які зараз ідзе ў спісе ад аграрыяў, паспеў за апошнія тры дэпутацкія кадэнцыі пабываць у сямі партыйных фракцыях. Прычым ён неяк прымудрыўся нават пераскочыць з аранжавай «Нашай Украіны» ў «Працоўную Украіну», якая блакавалася з Януковічам.
Парадаксальна, але ўсе гэтыя гісторыі мала бянтэжаць публіку. Палітолагі чакалі сур’ёзнага абвалу рэйтынгу партыі Вакарчука «Голас» пасля таго, як яе лідар у адным з ток-шоу жудасна аскандаліўся — у рамках дэбатаў па праблемах камуналкі не змог назваць цану на газ. У выніку папулярнасць «Голасу» сапраўды трохі прасела, але не катастрафічна. Нягледзячы на дзяжурныя нязграбныя заявы Зяленскага, утрымлівае высокі працэнт і праект «Слуга народа».
Гэты феномен можна растлумачыць па-рознаму. Напрыклад, тым, што прыхільнікі (і асабліва прыхільніцы) заўсёды адданыя свайму куміру. Але ёсць і іншы пункт гледжання. Магчыма, мы назіраем ірацыянальную рэакцыю грамадства на эрозію традыцыйнага кіруючага класа Украіны. Кіруючая эліта за дваццаць гадоў цалкам дэградавала і загразла ў карупцыі. Даверу да іх ужо няма. А паколькі натуральнае абнаўленне эліты праз партыйныя механізмы, як на Захадзе, ва Украіне немагчыма, у якасці альтэрнатывы выступаюць тыя, хто хоць неяк медыйна раскручаны. У нашым выпадку — артысты.
Паводле гэтай логікі, у хуткім часе краіну напаткае кіраўнічы параліч, які ажывіць вуліцу. Далей можна чакаць чаго заўгодна — ад таго, што Захад дасць прэзідэнту карт-бланш на зачыстку радыкалаў, да фармавання альтэрнатыўных цэнтраў улады ў рэгіёнах.
Аптымісты, наадварот, бачаць у радыкальным абнаўленні (няхай нават у выглядзе навалы трубадураў) шанец на разрыў з постсавецкай мадэллю Украіны, галоўным маркёрам якой была палітычная карупцыя. На іх думку, на гарызонце з’яўляюцца контуры новай, чацвёртай па ліку ўкраінскай рэспублікі, пабудаванай паводле новага канцэпту: грамадзянін — не раб дзяржавы, а кліент, якому дзяржава аказвае паслугі.
Сваю думку пра тое, што чакае Украіну з парламентам трубадураў, «Новаму Часу» выказаў кіеўскі палітолаг Юрый Палянін. Паводле яго меркавання, у выніку паходу ва ўладу артысты вельмі хутка страцяць рэпутацыю і глянец, паколькі галасаваць ім давядзецца за вельмі непапулярныя законы. Дастаткова згадаць толькі ідэю продажу зямлі, якую пастаянна агучваюць спікеры Зяленскага. «Што тычыцца лёсу краіны ў цэлым, то хуткі параліч улады нам таксама не пагражае. Для гэтага патрэбны хаця б год-паўтара. Між тым, ужо ўвосень многія прагназуюць сур’ёзны крызіс з-за чаканай хвалі расчаравання праектам “Слуга народа”. Нездарма нацыяналісты ўжо анансавалі на восень сваю рэвалюцыю. Рэвалюцыі, канешне, наўрад ці варта чакаць, а вось пературбацыі на палітычным полі непазбежныя. Давядзецца адаптавацца пад новыя рэаліі і дэпутатам-артыстам. І гэта будзе такі цырк-шапіто, які ў “95-м квартале” вы нават не пабачыце».