Расія. Больш траціны вераць у чараўнікоў, 23% не вызначыліся
Больш траціны расіян (36%) лічаць, што некаторыя людзі могуць чараваць і наводзіць сурокі, — такія вынікі апытання Усерасійскага цэнтру вывучэння грамадскай думкі (ВЦИОМ).
41% не лічаць, што вядзьмарства рэальна існуе. На думку 23% расіян, нельга сказаць дакладна, існуе магія ці не.
Часцей у вядзьмарства вераць расійскія жанчыны — сярод іх 42% лічыць, што ведзьмакі рэальныя, 36% жанчын у іх не верыць, а 22% цяжка адказаць на гэта пытанне. Сярод грамадзян ва ўзросце ад 45 да 59 гадоў большасць таксама вераць у магію.
27% расіян "асабіста сутыкалася" з вядзьмарствам. У 71% такога досведу няма. Яшчэ 2% не змаглі адказаць на пытанне.
Большасць (68%) не спрабуе абараніцца ад вядзьмарства, чараў і сурокаў, а траціна расіян нейкім чынам агароджвае сябе ад паранармальных з'яў. Амаль палова з гэтай групы моліцца і ходзіць у царкву, каб абараніцца ад чараўнікоў, астатнія носяць крыжы, амулеты і "асаблівую шпільку". Яшчэ 7% проста "трымаюцца далей" ад чараўнікоў і ведзьмакоў.
"Хоць адносная большасць расіян сцвярджаюць, што не вераць у вядзьмарства, многія ва ўсялякім разе знаёмыя са стэрэатыпна-міфалагічнымі ўяўленнямі пра яго", — адзначае аналітык Усерасійскага цэнтру вывучэння грамадскай думкі Іван Леконцев. На яго думку, хоць расіяне і ставяцца да вядзьмарства негатыўна, яны схільныя апраўдваць тых, хто звяртаецца да калдуноў і знахараў.
Самыя папулярныя адказы на пытанне: "Чаму некаторыя людзі звяртаюцца да ведзьмакоў?" наступныя. Таму што "знаходзяцца ў бязвыхаднай сітуацыі, страцілі надзею" (так лічаць 27%.) На думку 14%, да чараўнікоў ходзяць "з-за непісьменнасці і глупства". А 13% мяркуюць, што просяць дапамогі ведзьмакоў тыя, хто "баяцца зрабіць нешта самі ў жыцці".
Паводле ВВС