Кабякоў: Цана на расійскі газ для Беларусі пакуль застанецца такая, як ёсць

Цана на расійскі газ для Беларусі пакуль застанецца "такая, як ёсць", заявіў прэм'ер-міністр Андрэй Кабякоў у інтэрв'ю тэлеканалу "Мир 24", якое было паказанае ў эфіры ўвечары 30 кастрычніка.

Фота finobzor.ru

Фота finobzor.ru


"Цана такая, як ёсць, — 132 долары за адзін кубаметр, але нам падыходзяць спадарожныя рашэнні", — заявіў прэм'ер, адказваючы на пытанне, якая будзе цана газу для Беларусі.
"Адзін купляе, другі прадае. І, натуральна, той, хто купляе, хоча купіць танней, а той, хто прадае, хоча прадаць даражэй. Гэта правілы рынку, — растлумачыў Кабякоў. — З іншага боку, ёсць разуменне таго, што мы павінны рухацца да канкурэнтнага рынку, у якім у межах эканамічнага саюза не можа быць дыскрымінацыі тавараў".
Кабякоў падкрэсліў, што бакі знайшлі рашэнне на падставе пагадненняў, падпісаных у рамках ЕАЭС. "Мы знайшлі выхады, перш за ўсё ў падыходах, зыходзячы з тых пагадненняў, якія падпісаныя ў межах Еўразійскага эканамічнага саюза. Мы павінны выйсці у 2019 годзе на адзіны рынак электраэнергіі, у 2025 годзе — на адзіны рынак нафты і газу", — паведаміў прэм'ер.
Ён таксама выказаў пажаданне, каб паміж дзвюма краінамі было менш рознагалоссяў. "Але тыя праблемы, якія ўзнікаюць, мы імкнемся па-партнёрску, па-братэрску вырашыць", — адзначыў ён.
БелаПАН