Расія захацела забраць у Нарвегіі частку Баранцава мора
Адносіны Расіі і Нарвегіі абвастраюцца. РФ захацела здабыць частку Баранцава мора.
Спікер Дзяржаўнай
думы Расійскай Федэрацыі Вячаслаў Валодзін даручыў перагледзець
нарвежска-расійскае пагадненне аб мяжы. Улады Нарвегіі спадзяюцца, што Масква будзе
прытрымлівацца дамоўленасцяў. Пра гэта піша РБК са спасылкай на нарвежскае
выданне NRK.
Валодзін звярнуўся ў Камітэт Дзярждумы РФ па замежных справах з просьбай перагледзець пагадненне аб падзяляльнай лініі паміж Нарвегіяй і Расіяй. У прыватнасці, камітэт павінен вызначыцца, ці варта скасаваць або прыпыніць пагадненне аб мяжы і супрацоўніцтве ў Баранцавым моры. Гэтым пытаннем, нібыта, заняўся расійскі дэпутат-камуніст Міхаіл Мацвееў.
Нагадаем, у 2010 годзе — пасля 40 гадоў перамоваў — Расія і Нарвегія дамовіліся аб кампрамісе вакол падзяляльнай лініі ў Баранцавым моры. У прыватнасці, спрэчны марскі ўчастак быў падзелены на дзве прыкладна роўныя часткі. Яго плошча складае 1,75 млн квадратных кіламетраў і змяшчае вялікія каштоўнасці.
Міхаіл Мацвееў заявіў, што пагадненне прымалася з мэтай умацаваць супрацоўніцтва паміж Нарвегіяй і Расіяй. "Цяпер мы бачым, што Нарвегія перашкаджае адпраўцы прадуктаў харчавання нашым жыхарам на Шпіцберген", — дадаў ён.
Аднак Нарвегія звяртае ўвагу, што гэты дакумент не мае зваротнай сілы. Па словах прадстаўніка МЗС Нарвегіі Ане Хаавардсдатэр, у пагадненні з Расіяй няма пункта аб скасаванні дамовы.
"Агульнапрынятай практыкай з'яўляецца тое, што пагадненні аб усталяванні межаў дзейнічаюць бестэрмінова. Мы спадзяемся, што Расія будзе ставіцца да гэтага з павагай", — дадала яна.
Заява Матвеева прагучала праз тыдзень пасля таго, як Расія абвінаваціла Нарвегію ў нібыта парушэнні дамовы аб Шпіцбергене праз немагчымасць забяспечваць прадуктамі расійскія паселішчы на архіпелагу.
"Нарвегія не парушае дамову аб Шпіцбергене. Груз, спынены на нарвежска-расійскай мяжы, не прапусцілі на падставе санкцый, якія забараняюць расійскім аўтатранспартным кампаніям перавозіць тавары па тэрыторыі Нарвегіі", — адзначылі ў МЗС Нарвегіі. І дадалі, што перавозкі не абавязкова павінны праходзіць праз мацерыковую Нарвегію на расійскіх грузавіках.