У Расіі таксама з'явіліся «рэйкавыя партызаны». Яны робяць дыверсіі на чыгунцы і паляць ваенкаматы

Усё гэта робіцца, нібыта, каб наблізіць канец вайны. Ідэя з дыверсіямі на чыгунцы ў рускіх ўзнікла пасля пачатку «рэйкавай вайны» ў Беларусі.

Пашкоджаны чыгуначны мост у Белгародскай вобласці РФ, 12 красавіка 2022 года

Пашкоджаны чыгуначны мост у Белгародскай вобласці РФ, 12 красавіка 2022 года

У Расіі, як і ў Беларусі, з'явіліся «рэйкавыя партызаны» яны ладзяць дыверсіі на чыгунцы. Выданне The Insider з імі пагаварыла.

З канца лютага ў расійскіх СМІ і сацсетках з'явіліся паведамленні пра як мінімум 23 атакі на ваенкаматы ў розных рэгіёнах РФ, падлічыў The Insider. З гэтых 23 нападаў 20 былі падпаламі — у асноўным, з ужываннем «кактэйляў Молатава». Некаторыя з нападаў былі знятыя на відэа самімі ж падпальшчыкамі. У мінулым, 2021-м годзе, такіх выпадкаў не было.

Некалькі меркаваных падпальшчыкаў нават былі затрыманыя.

Пасля пачатку вайны з Украінай у Расіі таксама пачасціліся аварыі на чыгунцы. The Insider падлічыў, што, паводле паведамленняў у СМІ, з сакавіка па чэрвень у розных рэгіёнах сышлі з рэек 63 таварныя цягнікі. Гэта амаль у паўтара разы больш, чым за той жа перыяд мінулага года. Аварыі здараліся ў асноўным на захадзе і паўднёвым захадзе РФ, часам побач з вайсковымі часткамі. Адзін з такіх выпадкаў — пашкоджанне чыгуначнага моста ў памежным раёне Белгародскай вобласці ў красавіку.

У чэрвені часопіс «РЖД-партнёр» пісаў, што больш за 55% аварый таварных цягнікоў у апошнія чатыры месяцы былі звязаны са станам чыгуначных шляхоў. Пры гэтым ФСБ як мінімум аднойчы заявіла пра затрыманне людзей, якія нібыта рыхтавалі дыверсіі на «аб'екце транспартнай інфраструктуры» ў Белгародскай вобласці.

У траўні тэлеграм-канал «Осторожно, новости» без спасылак на крыніцы напісаў, што ФСБ шукае сябраў нейкай «Баявой арганізацыі анарха-камуністаў», якая распавяла ў тэлеграме аб дыверсіі на чыгунцы ў Падмаскоўі. Праваахоўнікі выехалі на месца і высветлілі, што хтосьці часткова развёў рэйкі на ўчастку, які вядзе да вучэбна-тактычнага цэнтра 12-га Галоўнага ўпраўлення Мінабароны, якое адказвае за ядзерную зброю.

The Insider высветліў, што пасля пачатку вайны людзі, якія называлі сябе ўдзельнікамі «Баявой арганізацыі анарха-камуністаў» (БААК), пачалі публікаваць у тэлеграме інструкцыі аб тым, як ладзіць аварыі на чыгунцы, і распавядалі аб уласных паспяховых «аперацыях». Яны ўзялі на сябе адказнасць не толькі за дыверсіі з цягнікамі, але і за падпалы ваенкаматаў, вышак сотавай сувязі, аўтамабіляў праўладных актывістаў.

БААК стала «найбольш актыўнай» падрыўной «сілай» у Расіі пасля пачатку вайны. Чальцы БААК, з якімі звязаўся карэспандэнт The Insider, распавялі, што арганізацыя існуе ўжо некалькі гадоў, але заявіла пра сябе публічна толькі пасля пачатку вайны. Ідэя з дыверсіямі на чыгунцы ўзнікла пасля пачатку «рэйкавай вайны» ў Беларусі, заявілі суразмоўцы The Insider.


«Сабатаж на чыгунцы — гэта адносна просты ў выкананні і вельмі эфектыўны спосаб нанесці ўрон арміі праціўніка. Прычым з мінімальнай рызыкай для цывільных асобаў, пры правільным выкананні. < ... > Усё гэта можа сур'ёзна аслабіць Узброеныя сілы Расіі і аказаць уплыў на тое, як хутка вайна спыніцца», — заявілі ў БААК.

Анархісты сцвярджаюць, што ў іх ёсць свая распрацаваная методыка, якая дазваляе прадухіліць аварыю пасажырскага цягніка, так што мірныя людзі ад іх дзеянняў не пацерпяць. Анархісцкі партызанскі рух у РФ пакуль дэцэнтралізаваны, адзначае The Insider. «Ёсць і арганізаваныя суполкі, і спантанныя дзеянні людзей. Дэцэнтралізацыя робіць нас больш мабільнымі і няўлоўнымі, але перашкаджае асвятленню і ўскладняе ацэнку колькасці. Ва ўмовах рэпрэсій так усё ж лепш. Паводле ацэнак на красавік, у Расіі дзейнічала ад 20 да 40 такіх ячэек, але цяпер, верагодна, ужо больш», — распавялі расійскія анархісты

Паводле "Медузы", theins.ru