СБУ правяла антытэрарыстычныя вучэнні ва ўсіх памежных з Беларуссю абласцях
Служба бяспекі Украіны супольна з падраздзяленнямі Нацыянальнай паліцыі і вайсковай контравыведкі за апошнія два тыдні правялі шэраг антытэрарыстычных вучэнняў у абласцях, якія мяжуюць з Беларуссю — у Чарнігаўскай, Ровенскай, Валынскай і Жытомірскай, перадае «Радыё Свабода».
У кожнай з абласцей спецыяльныя падраздзяленні адпрацоўвалі розныя сцэнары.
Паводле прэсавага цэнтру СБУ, у Валынскай вобласці адпрацоўваліся дзеянні ў выпадку захопу «дыверсантамі» вайсковых частак і складоў з боепрыпасамі. Вучэнні праводзіліся ва ўмовах, максімальна набліжаных да рэальных, з выкарыстаннем узбраення і спецыяльнай тэхнікі. На іх адпрацоўваліся механізмы міжведамаснага ўзаемадзеяння для папярэджання тэрарыстычных дзеянняў на вайсковых аб’ектах.
Тыднем раней на антытэрарыстычных вучэннях ў Ровенскай вобласці спецыяльныя падраздзяленні Службы бяспекі і іншых праваахоўных органаў адпрацоўвалі затрыманне «тэрарыстаў», якія захапілі будынак гаспадарчага суда.
Паводле легенды вучэнняў у Чарнігаўскай вобласці, што адбыліся у канцы сакавіка, група ўмоўных «тэрарыстаў» пранікла на прадпрыемства і захапіла яго супрацоўнікаў у закладнікі. Да гэтых трэніровак былі далучаныя таксама падраздзяленні службы ў пытаннях надзвычайных сітуацый, памежнікаў, Нацыянальнай гвардыі, Узброеных сіл, а таксама прадстаўнікі органаў выканаўчай улады і мясцовага самакіравання.
У сярэдзіне сакавіка такія вучэнні прайшлі і ў Жытомірскай вобласці. Там адпрацоўвалі алгарытм супрацьдзеяння дыверсійна-тэрарыстычным групам і правяралі ўзровень контрадыверсійнай абароненасці аб’ектаў інфраструктуры.
У Херсоне ад сёння пачалі адпрацоўваць абарону марской прыбярэжнай зоны і адміністрацыйнай мяжы з анэксаваным Расіяй Крымам.
З канца сакавіка Расія актывізавала перамяшчэнне сваіх войск і тэхнікі ўздоўж усёй мяжы з Украінай і ў акупаваным Крыме. Даследчыкі і журналісты спрабавалі вызначыць геалакацыю гэтых здымкаў і зрабіць высновы пра намеры расійскага вайсковага камандавання і Крамля. Адна з галоўных версій палягае ў тым, што гэта дэманстрацыя сілы, каб запалохаць Кіеў і даслаць сігнал Захаду, што Расія гатовая вельмі хутка перакінуць сілы для наземнай ваеннай аперацыі.
Увесь гэты час міжнародная супольнасць заклікае Расію спыніць эскалацыю на мяжы з Украінай.
На пачатку красавіка Украіна заявіла, што разглядае падрыхтоўку Беларусі і Расіі да правядзення супольных вайсковых вучэнняў «Захад-2021» і «эскалацыю расійскага ўплыву на Беларусь» як пагрозу бяспецы ў рэгіёне.