Следчы камітэт Расіі завёў крымінальную справу на Баўмгертнера

Следчы камітэт Расіі распачаў крымінальную справу аб злоўжыванні паўнамоцтвамі ў дачыненні да старшыні назіральнай рады ЗАТ «Беларуская калійная кампанія» гендырэктара ААТ «Уралкалій» Уладзіслава Баўмгертнера і мае намер прасіць аб яго экстрадыцыі ў Расію.



baumgertner1.jpg

Як паведаміў ІТАР-ТАСС прадстаўнік СК РФ Уладзімір Маркін, «сёння Галоўным следчым упраўленнем СК Расіі па выніках разгляду матэрыялаў, якія паступілі з кампетэнтных органаў Рэспублікі Беларусь, распачата крымінальная справа ў дачыненні да старшыні назіральнага савета «БКК» Уладзіслава Баўмгертнера, былога першага намесніка «БКК» Канстанціна Саладоўнікава і іншых асоб па прыкметах злачынства, прадугледжанага ч. 2 арт. 201 КК РФ (злоўжыванне паўнамоцтвамі асобай, якая выконвае кіраўнічыя функцыі ў камерцыйнай ці іншай арганізацыі)».
«З матэрыялаў вынікае, што названыя кіраўнікі, выконваючы кіраўнічыя функцыі ў камерцыйных арганізацыях, злоўжывалі сваімі паўнамоцтвамі, выкарыстоўваючы іх насуперак законным інтарэсам гэтых арганізацый і ў мэтах здабывання выгод і пераваг для іншых асоб, што пацягнула прычыненне істотнай шкоды і цяжкія наступствы для «Беларускай калійнай кампаніі» і «Беларуськалія», — адзначыў Маркін.
«У бліжэйшы час следчымі органамі будзе вырашана пытанне аб вынясенні пастановы аб прыцягненні ў якасці абвінавачанага і аб абранні меры стрымання ў дачыненні да Уладзіслава Баўмгертнера.
Пасля чаго, з улікам нормаў, прадугледжаных ч. 1 арт. 12 КК РФ, Следчым камітэтам будуць падрыхтаваныя дакументы аб экстрадыцыі Баўмгертнера на тэрыторыю Расійскай Федэрацыі.
У дачыненні да іншых фігурантаў па крымінальнай справе таксама будуць прымацца працэсуальныя рашэнні, у тым ліку звязаныя з прад'яўленнем абвінавачвання і абраннем меры стрымання», — дадаў Маркін.
Па словах прадстаўніка СК РФ, «з улікам таго, што ў матэрыялах, прадстаўленых беларускім бокам, утрымліваюцца звесткі аб іншых парушэннях, дапушчаных кіраўнікамі «Беларускай калійнай кампаніяй» і «Уралкаліем», яны ў поўным аб'ёме будуць правераны ў рамках расследавання распачатай крымінальнай справы, а дзеянням асоб, якія іх учынілі, будзе дадзена адпаведная прававая ацэнка», — адзначыў Маркін.
Артыкул, па якім распачата крымінальная справа, пагражае ад штрафа да аднаго мільёна расійскіх рублёў да пазбаўлення волі на тэрмін да 10 гадоў.
«Гэта, безумоўна, станоўчая навіна, — сказаў ІТАР-ТАСС адвакат Баўмгертнера Аляксей Басістаў. — Мы разлічваем, што ў выпадку экстрадыцыі Баўмгертнера ў Расію беларускімі ўладамі тут ён зможа разлічваць на справядлівую ацэнку яго дзеянняў, якія яму інкрымінуюцца ў якасці крымінальна каральных».
Паводле itar-tass.com