СМІ анансавалі новыя санкцыі ЗША супраць Расіі — у тым ліку высылку дыпламатаў і абмежаванні супраць дзярждоўгу РФ
Новыя санкцыі звязаныя з умяшаннем Расіі ў выбары прэзідэнта ЗША ў 2020 годзе, кібератакай на дзяржаўныя ўстановы ЗША і змовай Расіі з талібамі супраць амерыканцаў у Афганістане.
ЗША падрыхтавалі новыя санкцыі супраць Расіі, паведамілі шматлікія амерыканскія
СМІ, сярод іх «Bloomberg», «Reuters», «The New York Times» і «The Wall Street Journal».
Чакаецца, што пра абмежаванні могуць афіцыйна абвясціць ужо 15 красавіка.
Паводле інфармацыі Bloomberg, санкцыі закрануць каля 10 фізічных асоб (у тым ліку звязаных з расійскім урадам і спецслужбамі) і каля 20 кампаній. «Reuters» піша, што пад абмежаванні патрапяць 30 кампаній.
Таксама ЗША плануюць выслаць з краіны каля 10 расійскіх афіцыйных асоб, паведамляе «Bloomberg». Раней агенцтва пісала, што гаворка можа ісці аб высылцы расійскіх выведнікаў, якія працуюць пад дыпламатычным прыкрыццём.
Акрамя таго, амерыканскія ўлады збіраюцца ўвесці абмежаванні супраць расійскага суверэннага доўгу. Паводле звестак «The Wall Street Journal», пасля 14 чэрвеня фінансавыя ўстановы ЗША не змогуць купляць дзяржаблігацыі цэнтральнага банка Расіі, расійскага Міністэрства фінансаў і Фонду нацыянальнага дабрабыту.
Новыя санкцыі звязаныя з удзелам Расіі ва ўмяшанні ў выбары прэзідэнта ЗША ў 2020 годзе, кібератакай на дзяржаўныя ўстановы ЗША і змовай Расіі з талібамі супраць амерыканцаў у Афганістане, паведамляюць амерыканскія СМІ. Белы дом яшчэ ў лютым заявіў, што плануе санкцыі праз гэтыя дзеянні, якія амерыканскія ўлады прыпісваюць Расіі.
Калі новыя санкцыі ўвядуць, гэта будзе ўжо другі пакет абмежаванняў супраць Расіі, падрыхтаваны адміністрацыяй новага прэзідэнта ЗША Джо Байдэна. У сакавіку ЗША разам з Еўрасаюзам увялі санкцыі ў дачыненні да высокапастаўленых расійскіх чыноўнікаў з-за пераследу апазіцыянера Аляксея Навальнага.
Паводле meduza.io