Справа Навальнага: як іншапланетнікі захапілі пракуратуру
Не паспелі ўсе здзівіцца прысуду Навальнага, не паспеў ён фармальна адмовіцца ад удзелу ў выбарах мэра, не паспелі яго прыхільнікі выйсці на Манежную, як расійская праваахоўная сістэма зрабіла ход нават не канём, а нейкай зусім невядомай фігурай. Слабанервных і юрыстаў просьба далей не чытаць.
Такім чынам, пракуратура абскардзіла рашэнне аб узяцці Навальнага і Афіцэрава пад варту. Падача пракуратурай апеляцыі на ўзяцце пад варту пасля вынясення абвінаваўчага прысуду — з'ява вельмі рэдкая, калі не сказаць ўнікальная.
Калі б пракуратура прапанавала заўтра ж расстраляць Навальнага, то і гэта было б не так дзіўна. Нават калі б Кіраўскі суд апраўдаў Навальнага, распачаў крымінальную справу супраць Пуціна ці канфіскаваў дачу Якуніна, многія юрысты і то менш б здзівіліся.
Ствараецца ўражанне, што Генеральная пракуратура Расійскай Федэрацыі была захоплена іншапланетнікамі, якія ўсяліліся ў цела пракурораў і пачалі патрабаваць правасуддзя па сваіх справядлівых
іншапланетных законах.
Толькі ўявіце сабе, што ў 2003 годзе пракуратура заяўляе аб незаконнасці арышту Хадаркоўскага (хоць тэхнічна гэта было складана —
Генпракуратура і Следчы камітэт былі не аддзеленыя адзін ад аднаго). Не можаце? Я таксама.
Сотні і тысячы тых людзей, хто сядзеў у папярэднім зняволенні, трацілі мільёны на адвакатаў, якія скардзіліся прэзідэнту, у Думу, у ААН і Страсбург на гэтую самую пракуратуру, якая цвёрда падтрымлівала пазіцыю следства: абвінавачаныя могуць схавацца або пазабіваць сведак і таму абавязкова павінны чакаць прысуду за кратамі. Скаргі былі абсалютна безвыніковыя. Ніхто нават і не спрабаваў скардзіцца, калі яго кідалі за краты пасля абвінаваўчага прысуду, — гэта ўспрымалася як абсалютная і адназначная норма.
Бо нават падследных пакідалі пад
вартай у паўмёртвым стане і пасля некалькіх рашэнняў ЕСПЧ аб неабходнасці пераводу іх у бальніцу для тэрміновага лячэння. А тут людзі ўжо
асуджаныя. Памочнік суддзі дае каманду. Уваходзіць канвой. Асуджаных адвозяць у СІЗА. Па ўсіх законах жанру —
на волю толькі праз пяць гадоў (калі не дададуць).
Але тут нешта ламаецца. І пачынаецца ўжо нікому не зразумелая юрыдычная гульня. Замест шашак пракуроры гуляюць у Чапаева і паказваюць, што не такія ўжо яны недалёкія, як многія думаюць. У Навальнага — блог, у іх — КПК. Сёння — пасадзім, заўтра — выпусцім.
Пасля пракурорскага дэмаршу сітуацыя са справай «Кіраўлеса» набыла характар канчаткова шызафрэнічны: спачатку Навальнага садзяць, каб ён не мог прыняць удзелу ў выбарах мэра,
потым —
выпускаюць (а ініцыятыва пракурораў гэтым з 99% верагоднасцю і абернецца), каб ён усё ж такі змог прыняць
у іх удзел, але зноў жа для таго, каб потым (пасля ўступлення прысуду ў законную сілу) зноў сеў, — паколькі
прысуд яму ніхто, зразумела, канчаткова адмяняць не збіраецца. Не для таго яго столькі публічна судзілі.
Зразумела, заўсёды ёсць прастора для тэорый накшталт вайны паміж рознымі вежамі Крамля, далейшага развіцця канфлікту паміж Генеральнай пракуратурай і Следчым камітэтам, «сілавікі Навальнага
пасадзілі, а лібералы выпусцілі». Але калі хто памятае, то практычна па ўсіх
рэзанансна-палітычных справах суды, следства і пракуратура праяўлялі кранальнае адзінства. Калі хто-то незнарок памыляўся і замест «дзесятачкі» даваў
«пяцёрачку», старэйшыя таварышы яго хуценька папраўлялі. Так было, напрыклад, са справай Платона Лебедзева, калі
раённы суд скінуў яму занадта вялікі тэрмін, а абласны — акуратна яго паправіў. Лейцы праваахоўнай сістэмы ў адных руках. Часам іншым даюць для забавы падсцёбнуць аднаго з конікаў, не змяняючы кірунку
руху.
Справа Навальнага паказала, што расійская праваахоўная сістэма выйшла на зусім новы ўзровень развіцця: калі раней яна кіравалася двума кнопкамі —
«наперад» і «стоп», —
то зараз у яе з'явіўся своеасаблівы рычаг пераключэння перадач, які мае на ўвазе яшчэ і розныя опцыі руху назад ( і нават у розныя бакі).
Раней было прасцей: пасадзілі і ўжо не выпусцяць, могуць толькі тэрмін дадаць. Зараз: трэба — пасадзілі, трэба — выпусцілі, потым — зноў пасадзілі. Заадно і ўражанне
ствараецца, што дзесьці там маецца правасуддзе.
Аднак усе гэтыя пракурорска-судовыя манеўры нікога не павінны ўводзіць у зман. Сістэма засталася абсалютна ранейшай. Проста зараз з ёй стала цяжэй змагацца.