Сусветныя СМІ: Санкцыі Захаду супраць Расіі пачынаюць «кусацца»

Эфект санкцый Захаду супраць Расеі ў наяўнасці, пішуць сусветныя СМІ. Урад РФ выдаткаваў 30 млрд. долараў на падтрымку курсу рубля, а Расія страціла ўдвая больш у выглядзе адтоку капіталу. «А мы ж яшчэ не ўводзілі сектаральныя санкцыі», — адзначаюць у ЗША. Расійскім кампаніям становіцца ўсё цяжэй атрымаць крэдыт за мяжой, а ў Вашынгтоне, здаецца, прыдумалі, як ўвесці санкцыі супраць расійскай энергетыкі, не нашкодзіўшы ні сабе, ні Еўропе.



energ.jpg

Калі Масква працягне дэстабілізаваць сітуацыю ва Украіне і перашкаджаць прэзідэнцкім выбарам у гэтай дзяржаве, то будуць і новыя эканамічныя меры, заявіла 14 мая намеснік дзяржсакратара ЗША па справах Еўропы і Еўразіі Вікторыя Нуланд. «Прынятыя намі меры пачынаюць кусацца, — цытуе Нуланд TheWallStreetJournal. — Паводле нашых ацэнак, каля $30 млрд. было выдаткавана на падтрымку курсу рубля толькі з пачатку сакавіка, адток капіталаў з пачатку года склаў каля $60 млрд. — амаль столькі ж, колькі за ўвесь 2013 год, рэйтынг аблігацый ледзь-ледзь перавышае ненадзейны». «Гэтыя лічбы сапраўды выклікаюць моцнае ўражанне, калі прыняць да ўвагі, што сукупна мы ўвялі санкцыі супраць нейкіх 45 чалавек. Мы ж нават сектаральных санкцый яшчэ не ўводзілі», — адзначыла прадстаўнік Дзярждэпу.

TheFinancialTimes таксама піша, што з-за уведзеных супраць Расіі санкцый атрымаць крэдыты ў заходніх банках расійскім кампаніям становіцца ўсё цяжэй. «Банкі настойваюць на тым, каб новыя крэдытныя дамовы з расійскімі прадпрыемствамі, якія не падпалі пад санкцыі наўпрост, ўтрымлівалі пункт аб неадкладным пагашэнні крэдыту ў выпадку, калі санкцыі іх усё ж закрануць», — гаворыцца ў артыкуле.

Па дадзеных інфармаваных крыніц FT, «банкіры настаялі на змяненні фармулёвак кантракту з металургічным холдынгам Алішэра Усманава «Металаінвест» за лічаныя дні да таго, як у кампаніі абвясцілі аб атрыманні крэдыту ў памеры $1 млрд».

Расійскія кампаніі таксама сутыкнуліся з узмацненнем жорсткасці патрабаванняў, што прад’яўляюцца крэдытнымі арганізацыямі да пазычальнікаў. Так, нафтахімічная кампанія «Сібур», якая часткова належыць Генадзю Цімчанку, які патрапіў ў чорны спіс ЗША, узяла крэдыт у памеры $780 млрд. у Ашчадбанка Расіі пасля таго, як перамовы з замежнымі крэдыторамі ні да чаго не прывялі. У самой кампаніі сцвярджаюць, што аддалі перавагу Ашчадбанку, бо прапанаваныя ім ўмовы былі лепш.

Тым часам Forbes паведамляе, што з-за зніжэння курсу рубля з прычыны падзей ва Украіне продажы аўтамабіляў у Расіі ўпалі ў красавіку на 8%. За першы квартал 2014 года падзенне склала 4%.

ЗША шукаюць рычагі ўплыву на Расію, і адказ відавочны — энергетыка. «Праблема ў тым, што яна звязвае Расію і астатні свет узаемазалежнымі адносінамі. Спажыўцы — асабліва ў Еўропе — маюць патрэбу ў расійскай нафце і газе гэтак жа моцна, як Расія — у даходах», — адзначаецца ў іншым артыкуле The Financial Times.

Мэта прапанаваных ЗША энергетычных санкцый — абысці гэтую перашкоду. «План заключаецца ў забароне на экспарт нафтагазавых тэхналогій выключна для новых праектаў дзяржкарпарацый — з мэтай паставіць пад сумнеў доўгатэрміновую будучыню расійскай энергетычнай галіны, захаваўшы ў кароткатэрміновай перспектыве яе ўклад у сусветныя пастаўкі паліва», — гаворыцца ў артыкуле.

«Пазбаўленне «Газпрома» і «Раснафты» найноўшых распрацовак нанясе сур’ёзны ўдар па іх амбіцыях ў такіх галінах, як здабыча сланцавай нафты, экспарт звадкаванага прыроднага газу, распрацоўка арктычных радовішчаў. Без дапамогі заходніх кампаній гэтыя праекты будуць прасоўвацца павольней, пры ўмове, што яны ўвогуле будуць рэалізаваныя. Да таго ж іх кошт істотна ўзрасце. Няўпэўненасць у доўгатэрміновай перспектыве развіцця расійскай нафтагазавай галіны, верагодна, таксама знізіць кошт акцый «Газпрома» і «Раснафты», — адзначае выданне.

У Расіі ёсць ахілесава пята — кошты на нафту, пішуць у артыкуле The Wall Street Journal экс-дырэктар ЦРУ Джэймс Вулсі, сузаснавальнік US Energy Security Council, і старэйшы кансультант гэтай арганізацыі Эн Корын. «Паспяховая спроба абрынуць цэны на нафту, скажам, да $60 за барэль, пойдзе на карысць Захаду, а таксама Кітаю і Індыі», — пішуць аўтары.

Але як панізіць кошты ў сітуацыі, калі большая частка сусветных запасаў нафты з невысокай прыбытковасцю знаходзіцца ў руках АПЕК? Аўтары прапануюць арыгінальны спосаб: стварыць магчымасці для канкурэнцыі розных відаў маторнага паліва на рынку. «Калі прама на запраўцы спажыўцы змогуць выбіраць розныя віды паліва, арыентуючыся на затраты на мілю прабегу, з’явіцца магчымасць для так званага «арбітражу маторнага паліва». Калі прапановы досыць пашырыцца, канкурэнцыя аслабіць важнасць нафты і знізіць цэны на нафту», — гаворыцца ў артыкуле.

«Так, на нафтавых экспарцёраў, уключаючы Расію, канкурэнцыя паміж рознымі відамі паліва паўплывае не адразу. Але і санкцыі не адразу паўплываюць», — заўважаюць аўтары.

Паводле Inopressa.ru