Што адбываецца ў Судане, ці Ну калі ж яны ўсе аб’яднаюцца?

З суботы 15 красавіка ў сталіцы Судана Хартуме ідуць вулічныя баі паміж аддзеламі суданскай арміі і гэтак званымі Сіламі хуткага рэагавання. Гэта не спроба дзяржаўнага перавароту і не выступленне якіх-небудзь сепаратыстаў, якія жадаюць у чарговы раз падзяліць краіну. Наадварот, падстава канфлікту — пытанне аб’яднання.

Судан. Ілюстрацыйная выява. Фота: Twitter/militerdoktrin1

Судан. Ілюстрацыйная выява. Фота: Twitter/militerdoktrin1


Два саюзнікі — генерал Абдэль Фатах аль-Бурхан, які з’яўляецца фактычным кіраўніком Судана, і ягоны намеснік і камандзір Сіл хуткага рэагавання генерал Махамед Хамдан Дагала (больш вядомы па сваёй мянушцы Хемеці) — высвятляюць, як ім спрытней аб’яднацца. Дакладней, як ім аб’яднаць свае ўзброеныя рэсурсы — армію і СХР адпаведна.

Абдэль Фатах аль-Бурхан і Хемеці

Абдэль Фатах аль-Бурхан і Хемеці

Пачатак: вайна ў Дарфуры

Супраца гэтых двух найбольш уплывовых на сёння людзей у Судане пачалася з вайны ў Дарфуры. Гэты заходні рэгіён Судана мае пераважна не-арабскае насельніцтва, прадстаўленае, напрыклад, такімі народамі, як фур (па імі якога рэгіён і атрымаў назву). Некаторыя з гэтых народаў пражывалі на тэрыторыі Дарфура яшчэ з эпохі неаліту — задоўга да з’яўлення тут арабаў. Да 1916-га Дарфур быў незалежным султанатам, але пад шумок Першай сусветнай брытанцы далучылі яго да «свайго» Судана (юрыдычна Судан быў у сумесным кіраванні Брытаніі і Егіпта). З таго часу рэгіён апынуўся на перыферыі ўвагі суданскага кіраўніцтва — як каланіяльнага брытанскага, так і незалежнага (з 1956-га).
Акрамя эканамічнай і палітычнай занядбанасці жыхары Дарфура, якія займаліся пераважна земляробствам, сутыкнуліся і з праблемамі з боку арабізаваных качэўнікаў-жывёлаводаў, з якімі давялося канкурыраваць за землі. Сітуацыя пагоршылася праз умяшальніцтва заходняга суседа — Лівіі. Ейны тагачасны лідар — стары добры Муамар Кадафі, апантаны ідэяй пан-арабізму, абвесціў аб стварэнні Ісламскага Легіёна. Ён уяўляў сабой парамілітарную групоўку з расісцкай пан-арабскай скіраванасцю, мэтай якой было зацвярджэнне панавання «арабскага свету» ў Дарфуры.
Легіён праз набегі на тэрыторыю Дарфура паціху ладзіў генацыд тамтэйшых не-арабаў, ахвярамі якога ў другой палове 80-х зрабіліся да 9 тыс. чалавек. У 1988-м сітуацыя яшчэ больш пагоршылася, калі ў Дарфур з тэрыторыі суседняга Чада адступілі разбітыя атрады Ашэйха ібн-Умара, праз якога Кадафі марыў «адцяпаць» паўночныя рэгіёны Чада. Зброя, якая апынулася праз гэта ў Дарфуры, пайшла на ўзбраенне мясцовых арабскіх парамілітарных фарміраванняў.

«Д’яблы на конях» і іхні лідар

1280px_darfur_report___page_4_image_1.jpg

Апалчэнец-джанджавід Гэтыя фарміраванні атрымалі назву «джанджавід», што некаторыя перакладаюць як «джыны (ці д’яблы) на конях».
Джанджавід пры маўклівай (а падчас і матэрыяльнай) падтрымцы з боку суданскага кіраўніцтва «наводзіў парадак» сярод неарабскага насельніцтва. Тое ў адказ таксама пачало брацца за зброю. У лютым-красавіку 2003-га атрады інсургентаў здзейснілі шэраг паспяховых атак на гарнізоны і аэрадромы суданскіх войскаў у Дарфуры. З гэтых падзей у рэгіёне распачалася практычна поўнамаштабная вайна (якая і ўвайшла ў гісторыю як «вайна ў Дарфуры»).
Суданскай арміі было вельмі цяжка даць рады партызанскай тактыцы дарфурцаў. Тады суданскае кіраўніцтва прыцягнула для барацьбы супраць іх джанджавід, што адразу дало плён. Але аддзелы джанджавіда адзначыліся, перш за ўсё, не паспяховымі дзеяннямі супраць інсургентаў, а крывавымі расправамі над мясцовым насельніцтвам. Па прыблізных падліках з 2003-га па 2007-мы (пачатковы этап вайны) ад іхніх рук у Дарфуры загінула ад 200 да 400 тыс. чалавек.
У выніку слова «генацыд» для пазначэння таго, што адбывалася ў Дарфуры, трывала замацавалася ў міжнародных дакументах. І паколькі ні ў каго не ўзнікала сумненняў, што ўсё гэта робіцца з маўклівага ўхвалення суданскага кіраўніцтва, у ліпені 2008-га Міжнародны крымінальны суд высунуў абвінавачанні супраць тагачаснага прэзідэнта Амара аль-Башыра ў арганізацыі спроб знішчыць афрыканскія (не-арабскія) плямёны ў Дарфуры праз кампанію забойстваў, згвалтаванняў і дэпартацый, якая ажыццяўляліся рукамі баевікоў джанджавіда.

Лагер бежанцаў на тэрыторыі Паўднёвага Судана. Крыніца: unhcr.org

Лагер бежанцаў на тэрыторыі Паўднёвага Судана. Крыніца: unhcr.org

Вось тады і адбылося з’яўленне на суданскай палітычнай арэне Махамеда Дамгана (Хемеці). Яшчэ на першых этапах вайны ў Дарфуры ён выйшаў у лідары фарміраванняў джанджавіда. Як сцвярджае Ньемат Ахмадзі, заснавальніца Групы жаночага дзеяння ў Дарфуры, вядомасць ён набыў праз колькасць людзей, якіх забіў, колькасць вёсак, якія разбурыў, і колькасць жанчын, якіх згвалтаваў. Прычым рабіў гэта цягам шматлікіх гадоў. За сваю дзейнасць ён атрымаў прамоцыю да рангу брыгаднага генерала і камандуючага СХР, у якія дзесяць год таму былі трансфармаваны атрады джанджавіда.

 І зноў гвалт як крыніца профіту

Калісьці даўно — у эпоху гэтак сярэднявечча (ну, умоўна, калі казаць пра Еўропу) — існавала канцэпцыя, што той, хто валодае зброяй, той валодае і палітычнай уладай, і эканамічнай моцай. Падаецца, чалавецтва з таго часу мусіла прайсці вялікі шлях у сваім развіцці, каб здагадацца пра заганнасць гэтай канцэпцыі. Яно і прайшло, але за апошнім часам нам чамусьці зноўку пачалі настойліва падсоўваць гэту застарэлую ідэю.
І варта прызнаць, што Хемеці досыць добра яе ілюструе. Ён не толькі атрымаў генеральскі ранг, але і здолеў у 2017-м прыдбаць радовішчы золата, што зрабіла яго самым буйным гандляром золата ў Судане. Не забыў ён пры гэтым і пра сваю сям’ю: кіраўнікамі ягонай кампаніі па здабычы золата «аль-Джумайд» з’яўляюцца ягоны брат Абдул Рахім (які таксама мае пасаду намесніка камандуючага сіламі хуткага рэагавання) і два пляменнікі.


Але галоўнае, як мы ведаем, што нараджае зброя, — гэта ўлада. У снежні 2018-га народ Судана, даведзены «геніяльным» кіраваннем дыктатара аль-Башыра практычна да галечы, выйшаў на вулічныя пратэсты з патрабаваннем адстаўкі прэзідэнта. Нягледзячы на рэпрэсіі і ўведзены аль-Башырам рэжым надзвычайнага становішча хваля народнага непадпарадкавання (мірнага, заўважым) не спадала. І тады грымнуў вайсковы пераварот.
11 красавіка 2019-га вайскоўцы, пры актыўнай падтрымцы СХР, зрынулі аль-Башыра з пасады прэзідэнта, распусцілі ўрад і парламент і абвясцілі на тры месяцы надзвычайнае становішча, за якім мусіў пачацца двухгадовы «пераходны перыяд». Тагачасны галоўнакамандуючы суданскай арміяй і віцэ-прэзідэнт Ахмед Авад ібн Ауф зрабіўся фактычным кіраўніком дзяржавы. На гэтай пазіцыі ён пратрымаўся, аднак, не надта доўга. Ужо ўвечары наступнага дня яго замяніў у гэтай ролі аль-Бурхан.
Аль-Бурхан падчас Дарфурскай вайны камандаваў суданскімі сіламі ў гэтым рэгіёне, і тады ж ён пазнаёміўся з Хемеці. Калі аль-Бурхан заняў пасаду кіраўніка Пераходнай вайсковай рады, утворанай пасля звяржэння аль-Башыра, ён зрабіў Хемеці сваім намеснікам. Але пры гэтым, як адзначаюць назіральнікі, Хемеці меў большы ўплыў на прыняцце рашэнняў, чым аль-Бурхан. Ягоныя СХР зрабіліся асноўнай сілай у справе задушэння мірных народных пратэстаў, удзельнікі якіх працягвалі патрабаваць дэмакратычных перамен, у тым ліку — перадачы ўлады ад «людзей са стрэльбамі» цывільнаму ўраду.
Вайскоўцы, дарэчы, яшчэ 12 красавіка скарацілі тэрмін сваіх паўнамоцтваў да «аднаго месяца», але выконваць сваё абяцанне зусім не спяшаліся. І калі ў канцы траўня 2019-га ў сталіцы краіны — горадзе Хартум (далёкім ад Дарфура) — пачалася мірная сідзячая акцыя пратэсту, на яе ўдзельнікаў наляцелі дарфурскія байцы СХР. 3 чэрвеня яны атакавалі пратэстоўцаў — у сваёй звычайнай брутальнай манеры. Вынікам было забойства ў гэты дзень каля 130 чалавек, сярод якіх былі і дзеці ва ўзросце ад шасці год. Больш за 600 атрымалі раненні, а дзясяткі жанчын і мужчын зрабіліся ахвярамі згвалтаванняў. Судзячы па відэаздымках, зробленых падчас расправы, камандаваў ёй непасрэдна Хемеці.

Шлях да дэмакратыі — цяжкі і безвыніковы

Праз некалькі дзён пасля разні ў Хартуме цывільны ўрад быў-такі сфарміраваны. Прэм’ерам быў прызначаны Абдала Хамдок — вядомы суданскі эканаміст і прафесіянал у галіне дзяржаўнага кіравання.

Абдала Хамдок (IMAGE:CFP | TheKR Media)

Абдала Хамдок (IMAGE:CFP | TheKR Media)

Услед за гэтым, у ліпені, было падпісана пагадненне паміж вайскоўцамі і прадстаўнікамі цывільных палітычных партый і прафсаюзаў аб пераходным перыядзе ў 39 месяцаў, з якіх цягам 21 месяца ўлада мусіла быць у руках вайскоўцаў, а потым перайсці да цывільных. За гэты час трэба было сфарміраваць урад, парламент, завяршыць мірнымі дамоўленасцямі Дарфурскую вайну і правесці расследаванне падзей у Хартуме. Па завяршэнні перыяду мусілі прайсці прэзідэнцкія выбары. Ад імя вайскоўцаў подпіс пад пагадненнем паставіў Хемеці. СХР «адзначылі» пагадненне атакай на мірных суданцаў, якія святкавалі ягонае падпісанне.
Але ж рукі, якія трымаюць зброю, свярбяць ад прагі ўлады. У кастрычніку 2021-га аль-Бурхан здзейсніў чарговы вайсковы пераварот, разагнаўшы цывільны ўрад і кінуўшы ягонага кіраўніка Хамдока за краты. Праўда, праз месяц пасля гэтага вайскоўцы вызвалілі яго і нават вярнулі на пасаду прэм’ера. Але ў пачатку 2022-га той сышоў у адстаўку, абвясціўшы, што анічога не можа зрабіць супраць тых, хто не жадае дэмакратызацыі Судана. Пасля гэтага пытанне пра пераход да дэмакратыі моцна падвісла. Ужо ніхто не прыгадваў, што па пагадненнях 2019-га ў кастрычніку 2022-га мусілі прайсці прэзідэнцкія выбары.
Праўда, вулічныя пратэсты, як тое не дзіўна, працягваліся, і вайскоўцы, як тое не дзіўна, вымушаны на іх рэагаваць. І рэагаваць нават у большай ступені, чым на ўзброеныя выступленні. Бо апошнія можна задушыць тым жа інструментам — зброяй. Упартыя мірныя пратэсты зброяй задушыць куды цяжэй. Тым больш, што з патрабаваннямі іхніх удзельнікаў міжволі даводзіцца пагаджацца, бо зброяй і гвалтам эканоміку не адновіш.
Таму ў снежні мінулага года паміж вайскоўцамі (аль-Бурхан і Хемеці) і цывільнымі сіламі было падпісана новае пагадненне. Паколькі праблемы, якіх тычылася папярэдняе пагадненне, так і не былі вырашаны, дык новае іх практычна цалкам паўтарае. Цяпер прэзідэнцкія элекцыі прызначаны на ліпень бягучага года, пасля чаго пачнецца двухгадовы пераходны перыяд. За гэты перыяд трэба будзе распрацаваць драфт канстытуцыі з вызначэннем формы кіравання і выбарчай сістэмы і г.д.
Але існуе яшчэ адно патрабаванне пратэстоўцаў: спыніць свавольствы СХР і інкарпараваць іх у склад суданскай арміі. І ў гэтым патрабаванні вайскоўцы цалкам салідарны з суданскім народам. Ды й Хемеці, падаецца, не асабліва супраць. Вось толькі адна праблема ўзнікае: як доўга будзе ісці працэс інкарпарацыі і хто будзе камандаваць узброенымі сіламі падчас гэтага працэсу. Як і потым.
Аль-Бурхан настойваў на як мага хутчэйшым правядзенні інкарпарацыі (за два гады), Хемеці патрабаваў не менш за дзесяць год. Гэта праблема і прывяла да таго, што Хемеці адмовіўся ставіць свой подпіс пад пагадненнем аб інкарпарацыі, і два калегі па кіраванні Суданам пачалі пры дапамозе стралковай зброі і артылерыі высвятляць пасярод суданскай сталіцы, як ім інтэгравацца.

«Заунывное пение славянина» ва Усходняй Афрыцы

У адпаведнасці з нейкай дзіўнай заканамернасцю, яшчэ не зразумелай навукоўцам і экспертам-аналітыкам, там, дзе адбываецца нейкая ўнутраная сумятня, асабліва абцяжараная дыктатурай ды непазбежнай у такіх выпадках карупцыяй, там адразу знаходзіцца Расія. Тым больш гэтае правіла дзейнічае, калі ў няшчаснай краіне, дзе склалася такая сітуацыя, прысутнічаюць багатыя радовішчы карысных выкапняў.


Судан — яскравы прыклад гэтай заканамернасці. Ён мае запасы кобальту, цынку, нікелю, урану і гэтак далей. Прыблізна пятую частку суданскага экспарту ўтварае нафта, але яна, у асноўным, пампуецца праз Судан з тэрыторыі незалежнага цяпер Паўднёвага Судана. Яшчэ больш прыбытку Судан атрымлівае ад экспарту золата. На продаж гэтага металу за мяжу прыпадае траціна ўсіх паступленняў ад знешняга гандлю. І гэта — пры дыктатуры і адным з самых высокіх узроўняў карупцыі ў свеце. Карацей — усё, как любіць Расія. Варта да гэтага дадаць яшчэ і істотнае стратэгічнае размяшчэнне краіны на ўзбярэжжы Чырвонага мора, што злучае Арабскае мора з Міжземным, і робіцца цалкам зразумелым, што расійцы не маглі пакінуць Судан па-за сваёй увагай.
Прысутнасць Расіі вызначалася і ў выглядзе паставак зброі ўрадавым сілам, і ў выглядзе падтрымкі на міжнароднай арэне. Па некаторых ацэнках, 87% узбраення суданскай арміі складае зброя расійскай вытворчасці. Гэтая зброя актыўна выкарыстоўвалася ў тым ліку для карных акцый супраць мірнага насельніцтва ў Дарфуры. У чэрвені 2019-га Расія разам з Кітаем прагаласавала супраць драфта рэзалюцыі Рады Бяспекі ААН, у якім асуджалася забойства суданскімі вайскоўцамі ўдзельнікаў мірных пратэстаў.
За гэту падтрымку Пуцін яшчэ ў 2017-м папрасіў аль-Башыра зрабіць Судан расійскай «брамай у Афрыку».
Канечне, не варта забывацца на тое, што ў Расіі існуе яшчэ адзін інструмент пранікнення ў афрыканскія краіны — сумнавядомая «група Вагнера». Без якой не абышлося і ў Судане. І хто б здзіўляўся, што «асаблівыя» адносіны склаліся менавіта паміж «Вагнерам» і СХР Хемеці. І, зноўку, хто б здзіўляўся, што грунтам для гэтых адносін зрабілася золата.


Даследаванне, якое было праведзена ў 2020-м на замову Казначэйства ЗША, паказала, што расійская кампанія «М Инвест» з’яўлялася прыкрыццем для дзейнасці «Вагнера», у прыватнасці, па ахове радовішчаў золата ў Судане. Пры гэтым ідзе актыўная супраца паміж «Вагнерам» і Хемеці. У красавіку 2022-га ён прыязджаў у Маскву для ўмацавання сувязяў паміж «Вагнерам» і СХР. Расійская кампанія зацікаўлена ў захаванні палітычнага ўплыву Хемеці, паколькі ЗША цяпер ціснуць на прадстаўнікоў цывільных улад, каб тыя прыбралі расійскіх наймітаў з тэрыторыі краіны. Між іншым учора, 20 красавіка, Прыгожын заявіў, што «Вагнер» адсутнічае ў Судане ўжо два гады. Праўда, гэтаму пакуль мала хто паверыў.

Што далей?

Акрамя падтрымкі з боку Расіі Хемеці мае добрыя стасункі і з кіраўніцтвам Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў, якія з’яўляюцца адным з найбуйнейшых хабаў па гандлі золатам. Такім чынам, у бягучым процістаянні за камандуючым СХР стаяць дзве сілы: Расія і ААЭ. Ягонага суперніка, у сваю чаргу, падтрымлівае прэзідэнт Егіпта Ас-Сісі. Гэта зусім не значць, што Расія, ААЭ і Егіпет будуць цвёрда і паслядоўна адстойваць інтарэсы сваіх пратэжэ. Тая ж Расія зусім не знаходзіцца ў контрах з аль-Бурханам і імкнецца падтрымліваць з ім сяброўскія адносіны. Таму для яе можа не мець асаблівага значэння, хто пераможа ў гэтай барацьбе. 
А тым часам баі ў Хартуме працягваюцца. Хемэці ўчора адхіліў прапановы аб перамовах. Тым больш не жадае ён капітуляваць. Тыдзень баёў каштаваў больш за тры сотні жыццяў. Па сведчаннях відавочцаў, трупы забітых ляжаць проста на вуліцах сталіцы. Сярод ахвяр — адзін грамадзянін ЗША. Амерыканцы перакідваюць у Афрыку дадатковыя войскі і рыхтуюцца да эвакуацыі сваёй амбасады.
На дадзены момант ніхто не адважваецца рабіць прагнозы па далейшым развіцці сітуацыі. Усе выказваюць спадзяванні, што бакі канфлікту ўсё ж спыняць агонь і сядуць за стол перамоў. Але пры гэтым не адвяргаецца і больш драматычны варыянт, у адпаведнасці з якім Судан зноў спаўзе ў грамадзянскую вайну.
І зразумела, магчымасць правядзення ў ліпені гэтага года прэзідэнцкіх элекцый, як і імавернасць рэалізацыі плана па дэмакратызацыі краіны, імкліва набліжаюцца да нуля.