Фрыдман: Калі рэжым прадае зброю вагнераўцам, то чаму б не падараваць Азаронку кувалду?

Вельмі сімвалічны падарунак зрабіў Лукашэнка свайму прыхвасню Азаронку. Цытуе пуцінскае «мочить в сортире»?

Рэжым працягвае рабіць стаўку на гвалт. Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Рэжым працягвае рабіць стаўку на гвалт. Ілюстрацыйнае фота «НЧ»


Тэлеграм-канал Лукашэнкі распаўсюдзіў відэаролік з подпісам «Белорусский Тор обрёл свой молот». Такімі прычындаламі ПВК «Вагнер» забівае вагнераўцаў, якія чымсьці «правініліся». Якое пасланне і каму адрасуецца ў гэтым «кувалдавым» выпадку?

«Свободные новости плюс» пагаварылі з гісторыкам, палітычным аглядальнікам Аляксандрам Фрыдманам.

— Цяжка сказаць, ці быў гэта экспромт. Відавочна тое, што ўлады вырашылі зрабіць з гэтага мэсэдж. Усім вядома, што да «Першага» дапускаюць толькі правераных людзей. Прапаганда палічыла патрэбным відэа запусціць.

Чаму? Мне падаецца, тут сваю ролю сыгралі наступныя чыннікі.

Першы і галоўны — ім падаецца, што гэта смешна: сюжэт, безумоўна, звяртае ўвагу на Лукашэнку, які павінен быць у трэндзе. Прэс-служба працуе з тым прыцэлам, што гаспадар павінен увесь час гаварыць, заўсёды фігураваць у навінах, пажадана — у міжнародных. Усе яго заявы ўжо нікога асабліва не цікавяць ні за мяжой, ні ў Беларусі. А вось знятая на відэа кувалда, падараваная ажно кіраўніком дзяржавы Азаронку, — зусім іншае: ролік займеў «поспех» і ў Расіі, і ва Украіне, праўда, на Захадзе пакуль на яго ўвагі не звярнулі.

Па-другое, дагэтуль беларускі рэжым не адрэагаваў на публікацыю брытанскага выдання «Financial Times», у якой са спасылкай на «дакументы з Пентагона» сцвярджаецца, што Лукашэнка прадаваў зброю ПВК «Вагнер». Рэжым «не заўважыў» публікацыі, праігнараваў яе. Магчыма, падораная Азаронку кувалда і ёсць адказ на тую публікацыю. А ўвогуле, што тут здзіўляцца: калі рэжым прадае зброю вагнераўцам, то чаму б і кувалду Азаронку не падараваць?

Пасля публікацыі беларуская прапаганда ўвогуле закрыла тэму вагнераўцаў.


— Кувалда — гэта сімвал расправы «правільных» вагнераўцаў над вагнераўцамі-«здраднікамі». Сімвал расправы транслюецца беларускаму народу на дзяржаўным узроўні. Што гэта азначае?

— Цяжка залезці ў галаву і зразумець, што там адбываецца, наколькі гэта прадуманае рашэнне. Але відавочна — гэта мэсэдж.

Я б вось што адзначыў. Кувалда ў беларуска-ўкраінска-расійскім кантэксце сёння цалкам звязана з вагнераўцамі. Калі сімвал уваходзіць у публічную прастору, то гэта заўсёды адсылка да вагнераўцаў. Акрамя таго, варта адзначыць асобу, якой яна падаравана. Азаронак — адзін з найбольш адыёзных прапагандыстаў, яго асаблівасць у тым, што ён шмат звяртаецца да тэмы вайны, пры гэтым займае нават больш прарасійскую пазіцыю, чым звычайная дзяржаўная прапаганда. Для яго гэта не расійская «спецыяльная ваенная аперацыя», а «наша вайна». Ён з’яўляецца сімвалам прапаганды нянавісці і заклікаў да гвалту. Магчыма, гэта і штучная канструкцыя, але занадта шмат ужо супадзенняў.

— Паралельна Наталля Качанава дала інтэрв’ю, якое назвалі праграмным. Уся яго сутнасць палягае ў наступным: народу хопіць бізуна, пернікаў не трэба…

— Гэта і не здзіўляе, бо апошніх амаль не засталося: эканамічны стан далёкі ад ідэальнага, а паляпшэння не відаць. Таму стаўка робіцца галоўным чынам на гвалт, тым больш, відаць, рэжым лічыць, што з галоўным пернікам — лібералізацыяй — ён пралічыўся.