Як звязаны ПВК «Вагнер», здабыча золата і беспарадкі ў Судане?

Расіі трэба грошы, золата і дыяменты, каб працягваць вайну. Дзе гэта браць? Вядома, рабаваць багатыя радовішчы Афрыкі.

 У Судане ўжо другі тыдзень працягваюцца баі.

 У Судане ўжо другі тыдзень працягваюцца баі.

Здушаная заходнімі санкцыямі, эканоміка РФ мае патрэбу ва ўліваннях, у прыватнасці, у золаце. Дзе яго ўзяць і пры чым тут беспарадкі ў Судане?

Расійская ўлада, якая прывыкла да хуткага ўзбагачэння, са сваімі памагатымі прыкладае руку да беспарадкаў у Судане, піша korrespondent.net

 

Хроніка бурных падзей

15 красавіка ў Судане пачаліся сутыкненні паміж сіламі хуткага рэагавання (RSF) і рэгулярнай арміяй краіны. Гэта адбылося з-за рознагалоссяў паміж камандуючым суданскай арміяй Абдэль Фатахам аль-Бурханам, які фактычна з'яўляецца прэзідэнтам краіны, і кіраўніком сіл хуткага рэагавання Мухамедам Хамданам Дагала (Хаміці).

Пасля ваеннага перавароту ў кастрычніку 2021 года Суданам кіруе савет, які складаецца з генералаў, канфлікт выбухнуў паміж двума самымі галоўнымі з іх. Рэгулярная армія атакавала базы RSF, гэтым сілам прапаноўвалі ўвайсці ў склад рэгулярнай арміі, але яны адмовіліся.

Сутыкненні пачаліся ў сталіцы Судана Хартуме. Страляніну было чуваць у раёне штаб-кватэры суданскай арміі і Міністэрства абароны ў цэнтры Хартума, а таксама ў паўночнай частцы сталіцы, дзе знаходзіцца прэзідэнцкі палац. Мясцовыя жыхары паведамлялі, што бачылі на вуліцах горада артустаноўкі і бронетэхніку. Падчас беспарадкаў у Хартуме згарэў самалёт украінскай авіякампаніі «SkyUp».

Цяпер ужо гаворка ідзе пра 420 загінулых, акрамя таго паранены чатыры тысячы чалавек.


Пры гэтым Дагала абвінаваціў суданскую армію ў спробе дзяржаўнага перавароту, а таксама заявіў, што ў горадзе Мераве да групоўкі далучыліся падраздзяленні Узброеных сіл, а многія здаліся. У сваю чаргу армія Судана назвала RSF мяцежнай сілай і абвінаваціла ў нападзе на дзяржаўныя і стратэгічныя аб'екты.

Тэрмінова спыніць агонь заклікаў бакі канфлікту прадстаўнік ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі Жазэп Барэль. Ён паведаміў аб сваёй размове з Абдэль Фатах аль-Бурханам і генералам Мухамадам Хаманам Дагала, у якой заклікаў да абароны цывільнага насельніцтва і забеспячэння бяспечнай эвакуацыі грамадзян ЕС з краіны.

23 красавіка ў Судане прызямліўся першы французскі эвакуацыйны самалёт. На наступны дзень стала вядома, што МЗС Украіны таксама прымае актыўныя меры па эвакуацыі грамадзян з Судана. У прыватнасці, быў сфарміраваны спіс асоб, якія выказалі жаданне пакінуць краіну, адпрацоўваліся лагістычныя маршруты і аспекты бяспекі. З Судана былі эвакуіраваны 87 украінцаў (гэта пераважна супрацоўнікі авіякампаніі «SkyUp») і грамадзян Грузіі і Перу, усяго 138 чалавек.

Для каардынацыі гуманітарнай дапамогі, як паведамляе «Reuters», Агенцтва ЗША па міжнародным развіцці (USAID) накіравала ў Судан спецыяльную групу экспертаў па рэагаванні на стыхійныя бедствы. Сярод яе галоўных задач — каардынацыя дапамогі з міжнароднай супольнасцю і партнёрамі, а таксама праца па вызначэнні прыярытэтных патрэб і бяспечная дастаўка гуманітарнай дапамогі ў краіну.

«Баявыя дзеянні паміж суданскімі ўзброенымі сіламі і сіламі аператыўнай падтрымкі ў Судане забралі сотні жыццяў, тысячы атрымалі раненні, у чарговы раз падарваны дэмакратычныя памкненні суданскага народа, адчуваецца недахоп электраэнергіі, вады і харчавання», — гаворыцца ў заяве USAID.

Пры гэтым, паводле даных арганізацыі, траціна насельніцтва Судана (а гэта амаль 16 мільёнаў чалавек) яшчэ да пачатку баявых дзеянняў мела патрэбу ў гуманітарнай дапамозе для задавальнення асноўных чалавечых патрэбнасцей.

 

«Аватары» Крамля

Вядома, суданскія падзеі невыпадковыя. Спецыяльны прадстаўнік Украіны ў краінах Блізкага Усходу і Афрыкі Максім Субх кажа, што расійскае кіраўніцтва такім чынам спрабуе пашырыць свой уплыў на тэрыторыю афрыканскага кантынента. Прычына ляжыць літаральна на паверхні: Судан займае трэцяе месца ў Афрыцы па здабычы золата, у якім так маюць патрэбу прагныя і адначасова прыціснутыя заходнімі санкцыямі расійскія ўлады.

Дарэчы, сувязі паміж расіянамі і суданцамі наладжаны ўжо даўно. Як паведамляе BBC, у 2017 годзе тагачасны прэзідэнт Судана Амар Башыр, абвінавачаны Міжнародным крымінальным судом у генацыдзе насельніцтва Дарфура, прылятаў у Маскву і падпісаў там некалькі пагадненняў. Сярод іх было пагадненне аб стварэнні расійскай ваенна-марской базы ў Порт-Судане на Чырвоным моры, а таксама пагадненні аб канцэсіях на здабычу золата паміж Расійскай фірмай «М Інвест» і суданскім Міністэрствам мінералаў.

У сакавіку 2022 года суданскія чыноўнікі заявілі, што плануюць аднавіць спыненае ў 2020 годзе пагадненне па базе ў Порт-Судане. Тады ж у Маскву прыязджаў Дагала, дзе ён сустракаўся з расійскімі чыноўнікамі, у тым ліку з міністрам замежных спраў РФ Сяргеем Лаўровым і Мікалаем Патрушавым, сакратаром Савета бяспекі Расіі.


А пасля візіту Лаўрова ў Судан вайсковы рэжым краіны ўхваліў будаўніцтва расійскай базы ВМФ — на ёй размесцяцца блізу 300 вайскоўцаў і чатыры караблі. У абмен Масква будзе забяспечваць Хартум зброяй і вайсковай тэхнікай.

Пры гэтым кіраўнік ПВК «Вагнер» Яўген Прыгожын з'яўляецца «аватарам» Уладзіміра Пуціна не толькі ва ўкраінскай вайне, але і ў барацьбе за суданскае золата: Мінфін ЗША называе ўзначаленую ім фірму «М Інвест» і яе даччыную фірму «Meroe Gold» шырмамі, якія прыкрываюць дзейнасць у Судане ПВК «Вагнер».

Яшчэ ў 2020 годзе тагачасны міністр фінансаў ЗША Стывен Мнучын сказаў, што «Прыгожын і яго сетка эксплуатуюць прыродныя рэсурсы Судана для асабістых мэт і распаўсюджваюць свой шкодны ўплыў на планету». Акрамя таго, ПВК «Вагнер» займаецца там навучаннем суданскіх вайскоўцаў і дапамагае здушыць масавыя пратэсты.

Паводле доктара Жоана дэ Дэуш Перэйра з брытанскага Каралеўскага аб'яднанага інстытута абаронных даследаванняў (RUSI), у 2018-м у ПВК «Вагнер» у Судане было каля 100 чалавек, «і потым пайшло развіццё адносін». Пазней колькасць вагнераўцаў у краіне ўзрасла да 500, большасць з іх базіраваліся на паўднёвым захадзе краіны, у сяле Дафук ля мяжы з Цэнтральна-Афрыканскай Рэспублікай (ЦАР).

У той жа час некаторыя залатыя капальні Судана кантралюе менавіта генерал Дагала, ён жа стварыў магутную ваенную групоўку, якая ўдзельнічала ў канфліктах у Емене і Лівіі.

Па словах Максіма Субха, цяпер канфлікт паміж Дагала і Фатахам аль-Бурханам увайшоў у гарачую фазу. Калі баявыя дзеянні працягнуцца, гэта можа яшчэ больш раздрабіць краіну і яшчэ больш пагоршыць палітычную стабільнасць.

«На вялікі жаль, Захад пакінуў Афрыку. За апошнія 30 гадоў Расія вельмі трывала ўвайшла больш чым у дзевяць афрыканскіх краін. Яна там крадзе золата, здабывае брыльянты, вярбуе наймітаў, — адзначыў галоўны рэдактар партала «Украіна па-арабску» Махамад Фараджалах.Калі Расія мае тавары, золата і брыльянты, тады заходнія санкцыі бессэнсоўныя. Расія скарысталася момантам, калі Еўропа і цывілізаваны Захад пакінулі Афрыку па-за ўвагай. Адпаведна, Расія зайшла сюды вельмі моцна».

 

Паводле Ірыны Насальскай, korrespondent.net