Кыргызстан: трэці раз за 15 гадоў вуліца захапіла ўладу

Шмат хто з беларусаў сёння пачаў захапляцца жыхарамі Кыргызстана, маўляў, якія малайцы, за адну ноч усё зрабілі. Цяпер зажывуць. Аднак, у далёкай ад Беларусі азіяцкай краіне ўсё не так проста, як падаецца. Асабліва, калі ўзгадаць, што гэта ўжо трэцяя іх "рэвалюцыя" за 15 гадоў.

Фота 24.kg. Разбітая брама «Белага дома»

Фота 24.kg. Разбітая брама «Белага дома»


«У Кыргызстане адбылася сапраўды гістарычная падзея. У чарговы раз народ, аб’яднаны імкненнем да справядлівасці і свабоды, зрынуў злачынную ўладу. Народ зноў паказаў, што не дазволіць сямейна-кланаваму рэжыму ўзурпаваць усе органы ўлады ў краіне», — такімі словамі апісаў тое, што адбывалася ў сталіцы напярэдадні, адзін з лідараў пратэстаў.
У панядзелак, 5 кастрычніка, тысячы нязгодных з абвешчанымі вынікамі парламенцкіх выбараў выйшлі на вуліцы, каб уступіць у бойку з сілавікамі. Пасля першага разгону, пратэстоўцы ноччу ўсё ж захапілі рэзідэнцыю прэзідэнта Сааранбая Жээнбекава і выпусцілі з турмы яго галоўнага ворага — былога прэзідэнта Алмазбека Атамбаева.
Спачатку Жээнбекаў заявіў, што гэтай ноччу ў краіне адбылася спроба незаконнага захопу ўлады, аднак пасля дапусціў перагляд вынікаў галасавання. Удзень 6 кастрычніка ЦВК сапраўды прызнаў, што выбары не адбыліся. Між тым, група палітыкаў-аксакалаў заявіла пра стварэнне Каардынацыйнай рады, місія якой — у тым, каб аднавіць прававое поле ў Кыргызстане. Маладое пакаленне мітынгоўцаў адразу заявіла, што не задаволенае новым органам. Пра гэта яны казалі на стыхійным мітынгу ўвечары 6 кастрычніка.
Таксама пішуць, што простыя людзі на базе раённых акіматаў актыўна ствараюць атрады самаабароны, бо баяцца пагромаў і разгулу крыміналу. Прадпрымальнікі і ўладальнікі буцікаў у гандлёвых цэнтрах Бішкека вывозяць свой тавар. Паводле іх слоў, якія цытуюць мясцовыя медыя, бізнесоўцы баяцца, што марадзёры пачнуць рабаваць гандлёвыя кропкі.
Пасля рэкамендацыі Нацыянальнага банка прыпыніць усе фінансавыя аперацыі банкі пачалі забіраць грошы з банкаматаў. На сярэдзіну тыдня заставалася не зразумела, хто кіруе Міністэрствам унутраных спраў Кыргызстана.
У першых экспертных каментарах на апошнія навіны з Бішкеку бракуе прыгожых фраз пра «імкненне кыргызаў да справядлівасці і свабоды». Напэўна таму, што той жа Алмазбек Атамбаеў далёка не падобны на карыфея дэмакратыі. Прэзідэнцтва Атамбаева адзначалася шматлікімі грамадзянскімі і крымінальнымі судовымі працэсамі супраць журналістаў, апазіцыйных палітыкаў, праваабаронцаў. Мела месца спроба перапісаць пад сябе Канстытуцыю.
Таму генезіс рэвалюцыі ў Кыргызстане 6 кастрычніка бачаць у ракурсе старога канфлікту паўднёвага і паўночнага кланаў. Прыналежнасць Жээнбекава да паўднёвай групоўкі абумовіла масавы пратэст за вызваленне Атамбаева — прадстаўніка паўночных кланаў (у зону гэтага клану ўваходзіць сталіца).
Адной з ускосных прычынаў фарміравання рэвалюцыйнай сітуацыі, безумоўна, стала пандэмія COVID-19. Урад Кыргызстана пасіўна змагаўся з вірусам, бо сродкаў бракавала. Аднак значна больш сітуацыю расхістала забарона на выезд з краіны. З улікам таго, што абсалютная большасць гастарбайтараў — гэта маладыя амбіцыйныя людзі, за паўгады эпідэміі Кыргызстан ператварыўся ў вулкан, які выбухнуў з прычыны выбараў.
Сустракаюцца, натуральна, версіі пра тое, што бунт быў інспіраваны нейкім трэцім бокам. Некаторыя бачаць тут руку Эрдагана, які марыць пра Кыргызстан як частку вялікага Турану. Звяртаюць увагу на тое, што ў краіне працуюць вельмі шмат амерыканскіх грантавых арганізацый. Аднак, з улікам цяперашніх выбараў у Злучаных Штатах і актыўнага ўдзелу Анкары ў падзеях на Каўказе, версія датычнасці туркаў або янкі да перавароту 5 кастрычніка не выглядае пераканаўчай.
З улікам таго, што Жээнбекаў падаў сігнал пра гатоўнасць да дыялогу, ёсць спадзяванне, што сітуацыя дастаткова хутка нармалізуецца, і бакі дамовяцца пра фармат выхаду з крызісу. Хаця тэма пераезду цяперашняга гаранта Кыргызстана ў Мінск да экс-прэзідэнта Бакіева — ахвяры «рэвалюцыі цюльпанаў» 2005 года — не абмяркоўваецца. Медыятарам перамоваў, напэўна, будзе Масква, якая ўцягнула Бішкек у еўразійскія гаспадарчыя і вайскова-палітычныя структуры. Дый раней Масква, як правіла, дапамагала стабілізаваць сітуацыю пасля папярэдніх рэвалюцый.

Сваё бачанне развіцця падзеяў у Кыргызстане «Новаму Часу» прапанаваў кыргызска-казахскі журналіст Айнур Курман:

— Відавочна, што для выхаду з цяперашняга крызісу трэба праводзіць новыя выбары. Аднак наўрад ці яны абыдуцца без спробаў таго ж подкупу электарату. Таму цяжка сказаць, ці задаволяць новыя канчатковыя вынікі ЦВК усе партыі і ці абыдзецца без новых заклікаў ісці на плошчу. Тым больш, ва ўмовах дэфіцыту рэсурсаў барацьба за мандаты, якія даюць права кантролю над бюджэтам, будзе асабліва жорсткай.
Што да сцэнару экспарту цяперашняй рэвалюцыі з Кыргызстану як мінімум на краіны-суседзі, то ён не праглядаецца. З 2005 года жыхары суседніх краін Цэнтральнай Азіі прызвычаіліся, што ў Кыргызстане дзяжурна адбываюцца падобныя рэчы. Аднак таксама нельга забываць, што на гэтым тыдні будуць абіраць прэзідэнта Таджыкістана.
Калі пасля Беларусі, Каўказу, Кыргызстану запалае яшчэ адзін расійскі саюзнік — Таджыкістан, то ўзнікне абсалютна новы і непрадказальны расклад па знешнім перыметры зоны ўплыву Масквы.