У Чарнігаве затрымалі беларуса паводле падазрэння ў шпіянажы

Грамадзянін Беларусі, як вынікае з абнародаванага судовага рашэння, быў затрыманы 16 чэрвеня супрацоўнікамі Упраўлення Службы бяспекі Украіны па Чарнігаўскай вобласці. 

307593_default.jpg


Згодна з рашэннем суда, 19 чэрвеня ён пераведзены на ўтрыманне ў ізалятар СБУ ў Кіеве.
Прозвішча беларуса пакуль не ўдакладняецца. Вядома толькі, што ён не жанаты, нідзе не працуе, мае на ўтрыманні бацьку-пенсіянера, і раней не прыцягваўся да крымінальнай адказнасці.
У Службе бяспекі Украіны пакуль гэтае затрыманне не каментуюць. У судовым рашэнні таксама не ўдакладняецца, якой замежнай дзяржаве ён перадаваў сакрэтную інфармацыю, і пад час якіх абставінаў быў затрыманы.
Зараз трывае дасудовае расследаванне, але на судовым пасяджэнні, калі абіралі меру стрымання, грамадзянін Беларусі заявіў, што выкладзенае следчым у справе не адпавядае рэчаіснасці і падставы для ўтрымання яго пад вартай адсутнічаюць. На судовым працэсе прысутнічаў перакладчык.
Згодна з заканадаўствам Украіны, «перадача або збор з мэтай перадачы замежнай дзяржаве, звестак, якiя складаюць дзяржаўную таямніцу, калі гэтыя дзеянні здзейсненыя замежнікам або асобай без грамадзянства» караюцца пазбаўленнем волі на тэрмін ад дзесяці да пятнаццаці гадоў з канфіскацыяй або без канфіскацыі.
Радыё Свабода