У Крыме арыштавалі лідара крымскіх татар, яго могуць асудзіць на 10 гадоў

Cуд у Сімферопалі прыняў рашэнне аб арышце да 19 лютага аднаго з лідараў Меджлісу крымска-татарскага народа Ахтэма Чыйгоза.



a21b8671_24fe_4616_a0bc_f078e7a2a45d_w640_r1_cx0_cy5_cw0_s.jpg

Ён быў затрыманы напярэдадні паводле падазрэння ў арганізацыі і ўдзеле ў масавых беспарадках.

Так званы «пракурор» анексаванага Расіяй Крыма Наталля Паклонская на пасяджэнні суду заявіла, што Чыйгоз абвінавачваецца паводле артыкулу «Арганізацыя масавых беспарадкаў», які прадугледжвае пазбаўленне волі на тэрмін да 10 гадоў.

Паводле версіі расейскага следства, 26 лютага 2014 года падчас дэманстрацыі крымскіх татараў ля будынка Вярхоўнай рады Аўтаномнай рэспублікі Крым — на заклік неўстаноўленых асоб адбыліся сутыкненні, у выніку якіх загінулі два чалавекі. Паводле версіі следства, маніфестанты ўжылі сілу ў дачыненні да актывістаў «Рускага адзінства» і самаабароны Крыма. Будынку парламенту быў нанесены матэрыяльны ўрон на суму больш за 600 тысяч рублёў.

Як паведамляла Радыё Свабода, 26 лютым мінулага года ў Сімферопалі ў сутыкненнях удзельнікаў двух мітынгаў — прыхільнікаў і праціўнікаў новых уладаў Украіны — пацярпелі не менш за 30 чалавек.

Калегі Чыйгоза лічаць яго затрыманне палітычным ціскам і працягам рэпрэсій, адзначаючы пры гэтым, што адным з арганізатараў леташняга лютаўскага мітынгу быў цяперашні кіраўнік Крыма Сяргей Аксёнаў.

На той момант Крым яшчэ не быў анексаваны Расіяй.

www.svaboda.org