Украіна мяняе колер: з чырвона-чорнага на зялёны
Ва Украіне прайшла інаўгурацыя прэзiдэнта. У апошнія дні перад цырымоніяй ранейшая структура ўлады літаральна пайшла ўразнос, таму зараз выбаршчыкаў хвалюе, хто з цяперашняй «каманды Зяленскага» перамесціцца ва ўладу, а таксама якімі будуць першыя крокі новага ўкраінскага лідара.
Гэты дзень
Як і мае быць, дзень інаўгурацыі быў перапоўнены навінамі, тым больш, што галоўны герой ад самага пачатку зламаў усе традыцыі і звычаі. Зяленскі пешкам накіраваўся ў Вярхоўную Раду. Там абраны прэзідэнт прынёс прысягу на Канстытуцыі Украіны і Перасопніцкім Евангеллі. «Я абавязваюся прытрымлівацца Канстытуцыі і законаў Украіны, выконваць свае абавязкі ў адпаведнасці з інтарэсамі суайчыннікаў», — сказаў новы кіраўнік дзяржавы. Што цікава, равін Зяленскага напярэдадні не рэкамендаваў яму класці руку на Евангелле, — але той усё ж паклаў.
Далей — першая прамова Зяленскага на пасадзе прэзідэнта. Яна ў чымсці была падобная на прамовы яго кіношнага альтэр-эга Васіля Галабародзькі. Але — толькі збольшага. Бо гэта было б занадта пафасна.
Цэнтральная ідэя — «Кожны з нас — прэзідэнт Украіны». Гэта азначае — агульная перамога, але і агульная адказнасць. Але, як выснова — і «мы ўсё гэта пераадолеем, таму што кожны з нас — украінец. У Львове, Харкаве, Жытоміры, Дняпры, Данецку, Адэсе». Зяленскі сказаў — «украінцаў 65 мільёнаў» (у краіне 42 млн жыхароў). Ён меў на ўвазе тых, хто з’ехаў, і прадстаўнікоў дыяспары. І заклікаў усіх украінцаў вяртацца, паабяцаў грамадзянства Украіны.
Пра Данбас і Крым Зяленскі сказаў: «І Крым, і Данбас — гэта ўкраінская зямля. Мы страцілі не толькі тэрыторыі, мы страцілі самае галоўнае — людзей. І сёння мы проста павінны вяртаць іх. За гэтыя гады ўлада не зрабіла нічога, каб яны адчувалі сябе ўкраінцамі. Яны не чужыя, яны нашыя. Яны ўкраінцы».
Зяленскі сказаў наконт спынення агню на Данбасе: «Мяне часта пыталіся: а на што вы гатовыя для прыпынення агню? Дзіўнае пытанне! А на што вы, украінцы, гатовыя? Я гатовы нават страціць сваю пасаду, толькі каб наступіў мір». «Гісторыя несправядлівая, гэта праўда, — працягнуў новы прэзідэнт Украіны. — Не мы пачалі гэтую вайну, але нам гэтую вайну заканчваць. І мы гатовыя да дыялогу. Але я ўпэўнены, што пачаткам гэтага дыялогу стане вяртанне ўсіх украінскіх палонных. Наступнае, з чым трэба будзе мець справу, — вярнуць тэрыторыі, хаця нельга страціць тое, што і так сваё. Але нам трэба вяртаць не толькі тэрыторыі, але і людзей».
Пасля гэтага, аднак, Уладзімір Аляксандравіч адразу пачаў парушаць тую самую Канстытуцыю, на якой прысягаў. Паспрабаваў пачаць з роспуску парламента: «Я распускаю Вярхоўную Раду восьмага склікання». Натуральна, абвясціўшы аб роспуску парламента новы прэзідэнт не ўлічыў ніякіх працэдур, прадугледжаных Канстытуцыяй. Не было і юрыдычна карэктнай падставы для роспуску, не праводзіліся кансультацыі з фракцыямі і гэтак далей.
Адразу пасля гэтага Зяленскі раптам даў дэпутатам два месяцы на прыняцце законаў: аб адмене недатыкальнасці, змене сілавога блока, прыняцці новага выбарчага кодэксу. Калі ён хацеў канчаткова заблытаць украінцаў, то яму гэта ўдалося.
Далей прыйшла чарга ўрада. Яшчэ пару дзён таму здавалася, што Зяленскі і прэм’ер-міністр Гройсман знаходзяць агульную мову. Аднак на інаўгурацыі новы прэзідэнт заявіў: «Дазвольце мне зараз працытаваць аднаго амерыканскага акцёра, які стаў прэзідэнтам. «Урад не вырашае нашых праблем, урад і ёсць наша праблема», — гэта проста цытата. Я не разумею наш урад, які толькі разводзіць рукамі і кажа, што нічога нельга зрабіць. Гэта няпраўда, можаце: вы можаце ўзяць паперу, узяць асадку і вызваліць свае месцы для тых, хто будзе думаць аб наступных пакаленнях, а не пра наступныя выбары».
Першай неспадзяванкай інаўгурацыі Зяленскага стала «падвышэнне на пасадзе» прадстаўніка Беларусі: у час прадстаўлення гасцей спікер Рады назваў віцэ-прэм’ера Беларусі Ігара Ляшэнку прэм’ер-міністрам. Цікава, ці звольняць яго пасля такога...
Фішка Зяленскага — ён прамаўляў па чарзе на украінскай і рускай мовах. Скандальна вядомы дэпутат Алег Ляшко зрабіў было заўвагу, што трэба на ўкраінскай мове прамаўляць — Зяленскі адказаў яму так: «Дзякуй Ляшко, што вы працягваеце дзяліць краіну па пашпарце і мове. Украінец — гэта не графа ў пашпарце, гэта ў сэрцы!» Характэрна, што ў камедыйных выпусках шоў «Квартал-95» і камедыйным серыяле «Недатыкальныя» Уладзімір Зяленскі часцей за ўсё парадыраваў менавіта Алега Ляшко.
Адразу пасля інаўгурацыі Уладзімір Зяленскі сустрэўся з амерыканскімі прадстаўнікамі. І на гэтай сустрэчы выразна абмаляваў сваю замежнапалітычную пазіцыю. З амерыканскага боку ў сустрэчы ўзялі ўдзел члены прэзідэнцкай дэлегацыі на чале з міністрам энергетыкі ЗША Рыкам Перы — спецпрадстаўнік ЗША па пытаннях Украіны Курт Волкер, сенатар ЗША Рон Джонсан. Зяленскі падзякаваў амерыканскі бок за лідарства ў справе аднаўлення суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны і за дапамогу ў прасоўванні ўнутраных рэформаў.
«ЗША з’яўляецца магутным і вельмі сур’ёзным партнёрам Украіны, перш за ўсё, у пераадоленні агрэсіі Расіі. Самастойна пераадолець расійскую агрэсію на Данбасе і ў Крыме мы не зможам. Таму нам патрэбна ваша дапамога», — падкрэсліў Зяленскі, заклікаўшы ЗША працягнуць ўзмацненне жорсткасці санкцый супраць РФ. Таксама Зяленскі заявіў, што гатовы ўвасабляць празрыстыя, адкрытыя і дэмакратычныя рэформы ў Украіне.
Словам, менавіта гэтая сустрэча новага прэзідэнта, наколькі можна меркаваць, выклікала найбольшае раздражненне ў Маскве.
Аднак для самога бліжэйшага будучага Украіны больш важна іншае: тое, што ўрад пайшоў у адстаўку, хаця, па ўкраінскім заканадаўстве, яго лёс вызначае зусім не прэзідэнт, а Вярхоўная Рада. Аднак Уладзімір Гройсман вырашыў не чакаць ля мора надвор’я. У панядзелак, 20 траўня, ён абвясціў, што прыняў рашэнне падаць заяву аб сваёй адстаўцы ў сувязі з заявамі Уладзіміра Зяленскага на інаўгурацыі.
«Украіну наперадзе чакае шмат складаных выклікаў. Я прапанаваў новаму прэзідэнту і парламенту сабрацца разам, кансалідаваць намаганні і прымаць важныя рашэнні. Але Уладзімір Зяленскі прыняў іншае рашэнне. Таму ён узяў на сябе ўсю адказнасць перад усімі пагрозамі ў будучыні. Дзякуй украінцам за гэтыя тры гады плённай працы. Мы шмат зрабілі і, упэўнены, шмат што яшчэ зробім», — сказаў Уладзімір Гройсман.
Гройсман таксама заявіў: «За тры гады працы ўрада мне зусім не сорамна за тое, што нам удалося зрабіць, і наколькі адэкватна мы рэагавалі на выклікі і крызісы, якія перад намі стаялі».
Трэба разумець, што заява Гройсман аб адстаўцы мае сімвалічнае значэнне. Па-першае, гэтую адстаўку Рада павінна яшчэ прыняць. Прэзідэнт у гэтым працэсе не ўдзельнічае ніяк. Па-другое, кандыдатуру новага прэм’ера павінна вылучыць кааліцыя фракцый. А яе няма і не будзе да фармавання новага складу парламента. Гэта значыць, Гройсман можа працягнуць працаваць. Пытанне толькі ў статусе «выконваючага абавязкі», ці не. А галоўная інтрыга — як менавіта ён пойдзе на выбары.
«Зе-каманда» і яе першыя 100 дзён
Аналітыкі інвестыцыйнага банка JP Morgan ў сваёй справаздачы паказваюць, што склад каманды, прадстаўленай Зяленскім, хутчэй за ўсё на працягу бліжэйшых месяцаў зменіцца: «Па-ранейшаму невядомы план дзеянняў Зяленскага і сваю каманду ён вылучыў усяго за два дні да выбараў — у асноўным з тэхнакратаў. У яе ўваходзіць некалькі былых міністраў-рэфарматараў, таму застаюцца чаканні, што Зяленскі будзе паступаць слушна. У сфармаванай камандзе, хутчэй за ўсё, у бліжэйшыя шэсць-дзевяць месяцаў адбудуцца змены».
Як прэзідэнт Украіны, Зяленскі мае паўнамоцтвы прызначаць міністраў замежных спраў і абароны, генпракурора, кіраўнікоў СБУ, Службы знешняй разведкі і Нацыянальнага банка. Але для гэтага яму трэба сфармаваць большасць у парламенце. Пакуль прэзідэнт — самы ўплывовы палітык у Украіне, але адсутнасць падтрымкі з боку парламенцкай большасці ўскладніць здольнасць Зяленскага рэалізаваць свае планы.
Да парламенцкіх выбараў ці наладжвання дыялогу з Радай Уладзімір Зяленскі можа прызначаць толькі функцыянераў сваёй адміністрацыі і суддзяў. Таму пакуль усё «закіды» на тэму «хто якім міністрам стане» — хутчэй пажаданні.
Паводле папярэдняй інфармацыі, новым кіраўніком Адміністрацыі прэзідэнта павінен стаць юрыст перадвыбарчага штаба Андрэй Багдан. Ён жа вядомы як асабісты адвакат апальнага алігарха Ігара Каламойскага — спонсара Зяленскага-палітыка.
Сам жа Ігар Каламойскі ў сваіх інтэрв’ю (шматлікіх у апошнія дні) ужо назваў прозвішчы людзей, якіх ён бачыць на ключавых пасадах у краіне. Так, напрыклад, Каламойскі прапанаваў на пасаду прэм’ер-міністра скандальнага кіраўніка «Нафтагаза Украіны» Андрэя Кобалева.
Таксама Каламойскі назваў трох кандыдатаў на пасаду кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта — сузаснавальніка студыі «Квартал 95» Сяргея Шэфіра, адваката Андрэя Багдана і ідэолага штаба Зяленскага, юрыста Руслана Стэфанчука. «Там ёсць з каго выбраць, гэта Шэфір, Багдан і Стэфанчук. Я стаўлю на Багдана», — сказаў Каламойскі.
Што тычыцца сілавога блока, Каламойскі наўпрост заявіў, што цяперашняга кіраўніка МУС Арсена Авакава трэба пакінуць на пасадзе. «Я лічу, што гэта самы паспяховы прафесійны міністр за ўсе апошнія пяць гадоў. І найменш скандальны, практычна не скандальны. І які зрабіў рэформу, якая працуе», — адзначыў алігарх у інтэрв’ю. А ў камандзе Зяленскага ўжо заявілі, што кіраўнік МУС застанецца на сваёй пасадзе як мінімум да парламенцкіх выбараў.
Іншая моцная фігура ў камандзе Зяленскага — былы міністр фінансаў Аляксандр Данілюк. Разглядаецца ў якасці патэнцыйнага міністра замежных спраў ці міністра фінансаў. Яго паплечнік - экс-міністр эканамічнага развіцця і гандлю Айварас Абрамавічус, які таксама мае ўсе шанцы ўзначаліць эканамічны блок.
Яшчэ 18 траўня каманда новаабранага прэзідэнта Украіны анансавала правядзенне ў першыя 100 дзён «аўдыту дзяржавы», у тым ліку перапісу насельніцтва. Пра гэта заявіў іх ідэолаг Руслан Стэфанчук. «Мы пачалі з таго, што сёння ніхто не разумее, што ў дзяржаве, і хто ў дзяржаве. Для таго, каб рабіць якія-небудзь пераўтварэнні, мы павінны ведаць чалавечы рэсурс, фінансавы рэсурс і часовы рэсурс. На сёння ў нас у праграме гэта ўпісана і гэта тое, чым мы зоймемся ў першыя 100 дзён — гэта аб’ява аўдыту дзяржавы, мы павінны зразумець, у якім стане сёння пераходзіць дзяржава», - сказаў ён. Стэфанчук таксама заявіў, што ад вынікаў перапісу будзе залежаць колькасць дэпутатаў у Вярхоўнай Радзе і сацыяльныя праграмы.
Але выбаршчыкі чакаюць ад «Зе-каманды» зусім іншага. Вось вынік аднаго з апытанняў на тэму «што б вы хацелі, каб прэзідэнт зрабіў за першыя 100 дзён?»:
— Зніжэнне тарыфаў на камунальныя паслугі — 39,1%
— Унесці законапраекты аб зняцці імунітэту для прэзідэнта, дэпутатаў, суддзяў — 35,5%
— Пачаць/паскорыць расследаванне выпадкаў рэзананснай карупцыі — 32,4%
— Пачаць перамовы з Расіяй — 23,3%
— Знізіць заробак вышэйшым чыноўнікам — 18,4%
— Пачаць перамовы з ЕС / ЗША па Данбасе і Крыме — 16,4%
— Пачаць перамовы аб уступленні ў НАТА — 2,8%.
Аднак праблема ў тым, што з усяго пералічанага рэальна Зяленскі вольны выканаць толькі тыя пункты, якія пачынаюцца са слоў «пачаць перамовы». Таму што менавіта прэзідэнт займаецца міжнароднымі справамі. А вось ўсё іншае, — ад тарыфаў да барацьбы з карупцыяй, — у падпарадкаванні або Кабміна, або іншых дзяржструктур, якія кантралююцца Вярхоўнай Радай. Так ужо ўладкованая ўлада ў Украіне, што ў ёй цэнтральны орган — парламент, а не прэзідэнт.
На думку экспертаў інвестбанка JP Morgan, Уладзімір Зяленскі — закладнік высокіх чаканняў і сваіх жа папулісцкіх абяцанкаў. Пасля інаўгурацыі яму прыйдзецца мець справу з эканамічнай і геапалітычнай рэальнасцю Украіны ў спробах апраўдаць чаканні выбаршчыкаў. «Украінцы хутчэй галасавалі не за Зяленскага, а супраць Парашэнкі, сістэмы і цяперашняй эліты, спадзяючыся на перамены. Бо ў Зяленскага адсутнічала выразная праграма і стратэгія, ён пазбягаў інтэрв’ю і прамых дыскусій. Хоць коміку Зяленскаму прыпісваюць рашучую падтрымку, палітык Зяленскі будзе хутчэй за ўсё, закладнікам высокіх чаканняў. Калі ён не зможа паказаць хуткія і прыкметныя паляпшэння ўзроўню жыцця і барацьбу з карупцыяй, яго падтрымка можа знікнуць так жа хутка, як і з’явілася», — гаворыцца ў справаздачы JP Morgan.