Суд у Маскве пакінуў пад арыштам 8 украінскіх маракоў
Маскоўскі гарадскі суд не задаволіў скаргу абароны васьмі захопленых расейскімі сілавікамі ўкраінскіх вайскоўцаў. Тыя застануцца ў следчым ізалятары да канца ліпеня, паведаміў у Фэйсбуку адвакат Мікалай Полазаў. Пра гэта паведамляе Радыё Свабода.
![2793ec91_7e07_4fcc_b273_e9921b87ae92_w1023_r1_s.jpg 2793ec91_7e07_4fcc_b273_e9921b87ae92_w1023_r1_s.jpg](/img/v1/images/2793ec91_7e07_4fcc_b273_e9921b87ae92_w1023_r1_s.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Украінскіх маракоў затрымалі ў Керчанскай пратоцы 25 лістапада 2018 году. Расейскія памежнікі спачатку пратаранілі, а потым абстралялі тры ўкраінскія караблі (браняваныя артылерыйскія катэры «Бярдзянск» і «Нікапаль» і рэйдавы буксір «Яны Капу»). Паводле сцвярджэння ўкраінскіх уладаў, гэта адбылося пасля таго, як караблі пакінулі 12-мільную зону ля берагоў Расеі – гэта значыць па-за тэрыторыяй, якую Расея пасля анексіі называе сваёй.
Пад арыштам апынуліся 24 чалавекі: спачатку іх змясцілі ў ізалятар у Крыме, а потым перавезлі ў Маскву.
Украіна з самага пачатку настойвала на неабходнасці прызнаць арыштаваных маракоў ваеннапалоннымі. У канцы снежня 2018 году вызвалення вайскоўцаў запатрабавалі канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель і прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон, а прэзідэнт ЗША Дональд Трамп праз керчанскі інцыдэнт адмяніў запланаваную на саміце двухгадзінную сустрэчу з Уладзімірам Пуціным.