Упершыню абраны Спецдакладчык па пытанні аб абаронцах навакольнага асяроддзя. Прычым тут Беларусь?
23-24 чэрвеня ў Жэневе праходзіць пазачарговая Сустрэча Бакоў Орхускай Канвенцыі. На ёй упершыню быў абраны Спецыяльны дакладчык па пытанні аб абаронцах навакольнага асяроддзя — гэта новы ўнікальны механізм, закліканы абараніць экаактывістаў. Хто ім стаў і чаму гэта важна і для Беларусі? Тлумачыць «Экадом» — адна з найстарэйшых некамерцыйных экалагічных арганізацый у Беларусі (ліквідавана ўладамі).
Што за Орхуская канвенцыя?
Орхуская канвенцыя — гэта міжнароднае пагадненне, якое забяспечвае абарону экалагічных правоў. Канвенцыя прадугледжвае права грамадскасці на ўдзел у прыняцці экалагічна значных рашэнняў, у тым ліку права на ўдзел на самым раннім этапе, права на падачу і разгляд усіх заўваг і прапановаў, а таксама на тое, каб заўвагі і прапановы грамадскасці былі ўлічаныя пры прыняцці канчатковага рашэння. У адпаведнасці з палажэннямі Канвенцыі любыя формы пераследу і ціску на актывістаў, якія рэалізуюць свае экалагічныя правы, недапушчальныя (арт. 3(8) Канвенцыі). Беларусь з'яўляецца ўдзельніцай Орхускай канвенцыі з 2001 года.
У 2017 годзе бакі Канвенцыі прызналі пераслед антыядзерных актывістаў, якія выступаюць супраць будаўніцтва Астравецкай АЭС, парушэннем Канвенцыі. А ў жніўні 2021 года па палітычных матывах была ліквідаваная найстарэйшая экалагічная грамадская арганізацыя Беларусі — грамадскае аб'яднанне «Экадом». У кастрычніку таго ж года Сустрэча Бакоў прызнала ліквідацыю «Экадома» першым у гісторыі Канвенцыі выпадкам пераследу і прыгнёту НДА за яго дзейнасць, запатрабаваўшы аднавіць легальны статус арганізацыі. Аднак беларускае чынавенства не зрабіла гэтага, і з 1 лютага 2022 года Беларусь была абмежавана ў асаблівых правах і прывілеях згодна з Орхускай канвенцыяй.
Нягледзячы на тое, што Беларусь пагражала выхадам з Канвенцыі, яна працягвае заставацца яе бокам, і мандат спецыяльнага дакладчыка будзе распаўсюджвацца і на нашу краіну.
Чым будзе займацца спецдакладчык?
Гэты механізм створаны для хуткага рэагавання ў выпадках пераследу і ціску на экаактывістаў, паколькі такія выпадкі з'яўляюцца істотным парушэннем палажэнняў Канвенцыі і патрабуюць неадкладнай рэакцыі, якая ўяўляецца немагчымай пры разглядзе справаў у агульным парадку.
У адпаведнасці з Мандатам, Спецдакладчык будзе прымяняць дыпламатычныя меры і інфармацыйна мабілізаваць грамадскасць для абароны любой асобы, якая падвяргаецца пераследу, пакаранням і прыгнёту або знаходзіцца пад немінучай пагрозай пераследу за спробы ажыццявіць свае правы ў адпаведнасці з Орхускай канвенцыяй.
Сустрэчаю Бакоў канвенцыі кансэнсусам спецдакладчыкам быў абраны Мішэль Форст. З 2014 па 2020 год Форст быў спецыяльным дакладчыкам ААН па пытанні аб становішчы праваабаронцаў. На пасадзе спэцдакладчыка Мішэль шмат працаваў з міжнароднымі і нацыянальнымі праваабарончымі арганізацыямі. У 2019 годзе ён сустракаўся з праваабарончай супольнасцю ў Мінску, дзе зазначыў: «Я ўпэўнены, што да канца свайго жыцця буду знаходзіць новыя спосабы абараняць праваабаронцаў, бо гэта тое, што я лічу справай свайго жыцця незалежна ад мандата».
Таксама на пазачарговай Сустрэчы Бакоў адбыўся круглы стол, прысвечаны пытанням аховы экаактывістаў, дзе была прадстаўлена і сітуацыя з экаправаабаронцамі і ЭкаНДА ў Беларусі.
Пераслед экаактывістаў — не рэдкасць. Паводле Global Witness Report, за перыяд з 2012 па 2020 год ва ўсім свеце было забіта 1540 экаактывістаў, што праводзілі мірныя акцыі супраць несправядлівай, дыскрымінацыйнай, карумпаванай палітыкі, якая наносіць шкоду навакольнаму асяроддзю.
Сярод мноства справаў па пераследу і прыгнёту экаактывістаў у Беларусі вы можаце памятаць выпадкі ціску на актывістаў, што выступалі супраць будаўніцтва акумулятарнага завода ў Брэсце, антыядзерных актывістаў і актыўных жыхароў Светлагорска, якія пратэстуюць супраць шкоднай вытворчасці Светлагорскага ЦКК. Больш за тое, нагадаем, што пасля 2020 года было ліквідавана ці прымушана да самаліквідацыі каля 70 беларускіх экалагічных арганізацый, а сярод палітвязняў сёння ёсць не менш за дзесяць экаактывістаў. Гэта значна панізіла магчымасці беларусаў атрымліваць незалежную экспертную інфармацыю аб рэальным экалагічным становішчы ў краіне і яго ўплыве на людзей, а абараняць свае правы і прыроду стала яшчэ складаней.
Паводле прэс-рэлізу