Ва Узбекістане ўведзены рэжым надзвычайнага становішча
Указ аб надзвычайным становішчы падпісаў прэзідэнт краіны Шаўкат Мірзіёеў.
Шаўкат Мірзіёеў прыбыў у суботу ў сталіцу аўтаномнай рэспублікі Каракалпакстан Нукус і неўзабаве прапанаваў захаваць у Канстытуцыі краіны пункт аб суверэнітэце аўтаноміі. Разам з гэтым з 3 ліпеня ён увёў у мяцежным рэгіёне рэжым надзвычайнага становішча. Ён абвешчаны да 2 жніўня, пра гэта расказаў прэс-сакратар кіраўніка краіны Шэрзод Асадаў.
Таксама ўводзяцца іншыя часовыя абмежаванні:
- узмацненне аховы грамадскага парадку, асабліва важных аб’ектаў і аб’ектаў, што забяспечваюць жыццядзейнасць насельніцтва;
- абмежаванне руху транспартных сродкаў;
- забеспячэнне правядзення асабістага надгляду фізічных асоб, праверкі дакументаў, якія сведчаць іх асобу, надгляд рэчаў і транспартных сродкаў;
- абмежаванне ўезду і выезду з Каракалпакстана;
- забараняецца правядзенне мірных збораў, забаўляльных, спартовых і іншых масавых мерапрыемстваў;
- забараняецца страйк і іншыя дзеянні, накіраваныя на прыпыненне дзейнасці юрыдычных асоб;
- забараняецца рэалізацыя зброі, баявых прыпасаў да яе, выбуховых рэчываў, спецыяльных сродкаў, атрутных рэчываў. Уводзіцца асаблівы рэжым абарачэння лекавых сродкаў і прэпаратаў, якія змяшчаюць наркатычныя элемэнты і іх аналягі, псіхатропныя і моцнадзейныя рэчывы; этылавага спірту, алкагольнай прадукцыі;
- забеспячэнне часовага адабрання ў грамадзян зброі і баявых прыпасаў, у арганізацый — зброі і баявых прыпасаў да яе, спецыяльных сродкаў і атрутных рэчываў, а таксама баявой і вучэбна-баявой вайсковай тэхнікі, выбуховых і радыеактыўных рэчываў.
Акрамя таго, на перыяд дзеяння рэжыму надзвычайнага стану ўводзіцца каменданцкая гадзіна з 21:00 да 07:00. Кіраўніком камендатуры прызначылі камандзіра Нацыянальнай Гвардыі Узбекістана Рустама Джураева.
Буйныя пратэсты ў Каракалпакстане пачаліся 1 ліпеня пасля публікацыі праекта паправак да Канстытуцыі. Новая рэдакцыя была вынесена на грамадскае абмеркаванне 26 чэрвеня. У ёй выключаецца сувэрэнітэт Рэспублікі Каракалпакстан і права яе насельніцтва на аддзяленне на аснове ўсеагульнага рэферэндуму. Пасля пратэстаў папраўкі пра адмену аўтаноміі вырашылі скасаваць.