Пратэсты ў Лівіі: гарыць парламент на ўсходзе краіны

Лівійцы пратэстуюць супраць адключэнняў электрычнасці, росту цэн і палітычнага тупіку. Пратэсты былі як на захадзе, так і на ўсходзе — розныя сілы кантралююць па палове краіны.

Пратэстоўцы ў Лівіі штурмавалі будынак парламента

Пратэстоўцы ў Лівіі штурмавалі будынак парламента


У ноч на 2 ліпеня пратэстоўцы штурмавалі і падпалілі будынак у лівійскім горадзе Табрук, дзе месціцца парламент Лівіі. Прычыны пратэстаў — адключэнні электрычнасці, рост цэн і палітычны крызіс.
Паводле звестак мясцовых тэлеканалаў, пратэстоўцы праніклі ў будынак, здзейснілі там акты вандалізму. Над парламентам падымаліся густыя слупы чорнага дыму ад шын, падпаленых дэманстрантамі. Паводле некаторых паведамленняў, у шэрагу памяшканняў адбыўся пажар.
Як адзначае тэлеканал «Al Jazeera», будынак парламента быў пусты, бо пятніца — выхадны дзень у Лівіі. Пратэсты супраць праблем з электрычнасцю і высокіх цэн на хлеб прайшлі таксама ў іншых гарадах Лівіі.
Людзі выйшлі таксама ў Трыпалі — там патрабавалі новых выбараў. Патрабаванне пратэстоўцаў падтрымаў старшыня часовага ўрада адзінства, ён заклікаў да перамен ва ўсіх інстытутах дзяржавы. Гэтыя пратэсты адбыліся на наступны дзень пасля перамоў у Жэневе пад эгідай Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, але ў працэсе арганізацыі галасавання было мала прагрэсу.
У лівійскім парламенце адрэагавалі на тое, што адбылося, апублікаваўшы заяву аб прызнанні «права грамадзян на мірныя дэманстрацыі», але пры гэтым асудзіўшы «акты вандалізму і падпал заканадаўчага органа».
Палітычныя сілы ў краіне змагаюцца за кантроль над урадам пасля таго, як у мінулым годзе не ўдалося правесці запланаваныя выбары. У апошні час праз палітычны крызіс эканамічная сітуацыя ў краіне значна пагоршылася.
На Плошчы пакутнікаў у Трыпалі некалькі соцень чалавек сабраліся, выкрыкваючы лозунгі з крытыкай паліцыі і палітыкаў і патрабуючы правядзення выбараў.
Дэманстранты таксама выйшлі на вуліцы ў Бенгазі, Аль-Кубе, Аль-Байдзе і Місраце, а таксама ў некаторых меншых гарадах.
Сярод іншых, на мітынгах гучаць лозунгі: «Нам надакучыла, надакучыла!», «Нацыя хоча звергнуць урад!», «Мы хочам электраэнергіі!».
Электраэнергетычны сектар Лівіі быў знішчаны гадамі вайны і палітычнага хаосу, што прывяло да спынення інвестыцый, разбурэння інфраструктуры і адсутнасці рамонтаў. Створаны ў мінулым годзе часовы «Урад адзінства» абяцаў вырашыць праблему, аднак ні адна з электрастанцый так і не пачала працаваць, а палітыкі працягваюць спрэчкі.