Пратэсты ва Узбекістане: улады пайшлі на саступкі
Парламент Узбекістана вырашыў унесці змены ў праект Канстытуцыі і захаваць суверэнітэт Каракалпакстана.
Парламент Узбекістана вырашыў унесці змены ў праект Канстытуцыі і захаваць суверэнітэт Каракалпакстана. Пастанова прынятая пасля кровапралітных масавых пратэстаў у горадзе Нукус. Адпаведныя змены будуць унесеныя ў Канстытуцыю Узбекістана, паведаміла прэс-служба ўзбекскага парламента ў панядзелак, 4 ліпеня.
«Прэзідэнт Рэспублікі Узбекістан Шаўкат Мірзіёеў на сустрэчы з дэпутатамі Жакаргы Кенеса (Вярхоўнага Савета. — Заўв. рэд.) і прадстаўнікамі грамадскасці Каракалпакстана адзначыў неабходнасць улічыць усе прапановы. То-бок пазначана, што артыкулы 70, 71, 72, 74 і 75 Канстытуцыі Рэспублікі Узбекістан будуць пакінутыя без змен, а дзеючыя нормы будуць захаваныя», — гаворыцца ў паведамленні.
У канцы чэрвеня ў Каракалпакстане ўспыхнулі масавыя пратэсты. Незадоўга да гэтага быў апублікаваны праект паправак да Канстытуцыі Узбекістана, якія выключалі з асноўнага закона палажэнні аб аўтаноміі Каракалпакстана і яго праве выйсці са складу Узбекістана на падставе ўсеагульнага рэферэндуму народа рэспублікі. Прэс-служба МУС краіны 1 ліпеня заявіла, што незадаволенасць звязаная з «няправільным тлумачэннем» рэформ.
Заканадаўчы орган Каракалпакстана Жакаргі Кенес абвінаваціў «злачынную групу асоб» у спробе захопу органаў дзяржкіравання Каракалпакстана і выказаў занепакоенасць з нагоды «спроб знешніх сіл з-за мяжы паўплываць на развіццё сітуацыі». 3 ліпеня ў Каракалпакстане ўвялі рэжым надзвычайнага становішча.
Рэспубліка Каракалпакстан размешчана на захадзе Узбекістана і займае каля 40% яго тэрыторыі. У аўтаноміі пражывае крыху менш за 2 млн. людзей.