Выбары прайшлі. Інтрыга засталася
У аўторак, 6 лістапада, у ЗША адбыліся так званыя прамежкавыя выбары. Але і рэспубліканцы, і дэмакраты разглядалі іх як двубой, у выніку якога «застацца павінен толькі адзін».
![Фота www.profinance.ru Фота www.profinance.ru](/img/v1/images/546323_1.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Фота www.profinance.ru
У ЗША пераабіраліся 35 са 100 сенатараў, усе 435 чальцоў Палаты прадстаўнікоў Кангрэсу, 39 губернатараў штатаў і тэрыторый, а таксама 6073 чальцы заканадаўчых сходаў штатаў, суддзі і чальцы саветаў школьных акругаў.
Фактычна, галасаванне нагадвала плебісцыт па пытанні стаўлення да курсу Дональда Трампа. Прычым плебісцыт з усімі прававымі наступствамі. Амаль усе кандыдаты ў дэмакраты абяцалі ў выпадку перамогі ўзняць пытанне пра датэрміновую адстаўку прэзідэнта.
У выніку «аслы» сапраўды атрымалі большасць у Палаце прадстаўнікоў, хаця дакладных лічбаў пакуль яшчэ няма. Прычым нічога падобнага не было аж з 2010 года. Таму вынікі выбараў выклікалі ў прагрэсіўных колах сапраўдную эйфарыю. Тым больш, калі ў дадатак сталі вядомыя вынікі на ўчастках, дзе быў вырашаны лёс мінулых прэзідэнцкіх выбараў. Гаворка пра шэраг акругаў, дзе ў 2016 годзе нечакана перамог Трамп. Мясцовыя выбаршчыкі зноў пачалі сімпатызаваць дэмакратам.
![Інфаграфіка www.bbc.com Інфаграфіка www.bbc.com](/img/v1/images/zsza_vybary.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Інфаграфіка www.bbc.com
Дадатковым фактарам для радасці дэмакратаў стала неасцярожная рэпліка Трампа, які першапачаткова назваў вынікі выбараў «фантастычным поспехам». Каментуючы тую фразу, вядучыя сатырычных праграм заклікаюць прэзідэнта прызнаць вынікі 6 лістапада «фэйкавымі навінамі».
Аднак у агульнай суме вынікі выбараў можна назваць амбівалентнымі. Прайграўшы бітву за Палату прадстаўнікоў, «чырвоныя» (чырвоны — партыйны колер рэспубліканцаў) захавалі большасць у Сенаце. На раніцу 7 лістапада яны забяспечылі сабе 51 месца са 100. Менавіта кантроль над Сенатам практычна страхуе Трампа ад імпічменту.
Акрамя таго, рэспубліканцы маюць някепскія вынікі на выбарах губернатараў, якія таксама праходзілі ў шэрагу штатаў. У тым ліку за рэспубліканцамі засталіся Флорыда, Джорджыя і Тэхас, дзе выбары былі вельмі прынцыповымі для абедзвюх партый. Дэмакраты могуць ганарыцца хіба што навінамі з Каларада, дзе іх кандыдат Джарэд Поліс, які не хаваў гомасексуальных прыхільнасцяў, стаў губернатарам.
Таму эксперты асцярожныя з прагнозамі наконт абяцанняў дэмакратаў пра хуткі імпічмент. З іншага боку, маючы парламенцкую большасць, яны прыбіраюць да сябе ўсе профільныя камітэты. Таму Трампу давядзецца, перш чым рабіць некаторыя крокі, праводзіць з дэмакратамі адпаведныя кансультацыі.
Хаця, ведаючы стыль Дональда Трампа, можна чакаць не пошукаў кансенсусу, а наадварот новай серыі супрацьстаяння. Тым больш, што па сутнасці выбары нічога глабальна не вырашылі. Яны хутчэй у чарговы раз давялі слушнасць тэзісу пра тое, што краіна палітычна і ментальна моцна палярызаваная.
Тым не менш выбары сапраўды можна лічыць гістарычнымі. Упершыню ў Палаце прадстаўнікоў Кангрэса ЗША аказаліся дэпутаткі ад дэмакратаў з нізкім сацыяльным статусам, вельмі радыкальнымі поглядамі і стаўкай на грамадскі актыў.
![У штабе Александрыі Акасіа-Картэз — самай юнай кангресвумэн у гісторыі Амерыкі — бурна адсвяткавалі яе перамогу. Фота GETTY IMAGES У штабе Александрыі Акасіа-Картэз — самай юнай кангресвумэн у гісторыі Амерыкі — бурна адсвяткавалі яе перамогу. Фота GETTY IMAGES](/img/v1/images/_104207223_f50c2c8c_041b_4195_bc86_5919a53aa0e3.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
У штабе Александрыі Акасіа-Картэз — самай юнай кангресвумэн у гісторыі Амерыкі — бурна адсвяткавалі яе перамогу. Фота GETTY IMAGES
Гэта перш за ўсё 29-гадовая Александрыя Акасіа-Картэз (AlexandriaOcasio-Cortez) з Нью-Ёрка і 44-гадовая Аяна Прыслі (AyannaPressley). Акрамя таго фракцыя дэмакратаў папоўнілася першымі ў гісторыі амерыканскага парламентарызму дэпутаткамі, якія вызнаюць іслам. А таксама прадстаўніцай індзейцаў. Такога таксама яшчэ не было. Трапіў у Палату прадстаўнікоў — таксама ўпершыню ў гісторыі — і індзеец-дэпутат. Апошні, дарэчы, перад тым, як падацца ў вялікую палітыку, лячыўся ад алкагалізму.
Паколькі ўсе пералічаныя палітыкі паходзяць з сацыяльна слаба абароненых групаў і адстойваюць іх правы, ад дэмакратаў чакаюць павароту налева. У прыватнасці, кажуць, што дэвізам партыі ў бліжэйшы час стане патрабаванне прагрэсіўнай медыцынскай рэформы. Тым больш, што выбары 6 лістапада называюць пачаткам адраджэння дэмакратаў, якім трэба вызначыцца з новым профілем.
Наўрад ці разбор палётаў 6 лістапада абмяжуецца пералічанымі вышэй тэмамі. Выбары ледзь завяршыліся, і, адпаведна, эксперты толькі пачалі аналізаваць розныя іх аспекты і выяўляць трэнды.
Нарэшце, агляд выбараў 6 лістапада будзе няпоўным, калі не згадаць, што ў аўторак таксама праходзілі мясцовыя рэферэндумы. Часам на такія рэферэндумы выносяцца вельмі экстравагантныя пытанні. Так адбылося і на гэты раз у Алабаме, дзе ўхвалілі папраўку ў мясцовы закон, які патрабуе выяўляць біблейскія дзесяць запаведзяў у афіцыйных установах, публічных месцах і школах.