Украіна. Будзем скардзіцца ў Белы дом!
Да каго звяртаюцца незадаволеныя грамадзяне? Відавочна, да ўраду і праваахоўных структураў, якія могуць дапамагчы аднавіць справядлівасць. Аднак ва Украіне намеціўся новы трэнд.
Усё часцей людзі выходзяць на пікет да амерыканскага пасольства. З чэрвеня каля пасольства ЗША ў Кіеве праходзіць мітынг падманутых укладчыкаў.
Днямі амерыканскае пасольства прасілі навесці парадак жыхары вёскі Кацюбінскае, дзе адбываецца рэйдарскі захоп.
Скаргі паслу ЗША толькі на першы погляд падаюцца дзіўнымі. Агульнавядома, што пасольства ЗША сапраўды моцна ўплывае на курс украінскіх уладаў.
Прычым, ніхто з пікетоўцаў, паводле журналістаў, не верыць, што Дзярждэп будзе вырашаць іх праблемы. Хутчэй, украінцы, якія выходзяць да пасольства ЗША, абвінавачваюць уласных кіраўнікоў у недзеяздольнасці, выказваюць на іх адрас пагарду.
Дарэчы, пікеты каля пасольства ЗША сапраўды выклікалі вялікую цікавасць у прэсе. Як вынік, практыка падобных акцый, хутчэй за ўсё, будзе працягнутая.
Паводле ўкраінскай прэсы