Зялёная перашкода

Пасля сыходу сацыяліста-дэмакрата Берні Сандэрса з прэзідэнцкай гонкі, Джо Байдэн фактычна забяспечыў сабе намінацыю кандыдата ў прэзідэнта ад дэмакратычнай партыі. Аднак, каб выйграць у Трампа, гэтага мала. У тым ліку трэба вырашыць праблему партыі Зялёных.

Фота Getty Images

Фота Getty Images

«Будучыня гэтай краіны — за нашымі ідэямі», — сказаў Сандэрс у сваёй заяве пра рашэнне спыніць удзел у прэзідэнцкай кампаніі. І гэта праўда. Нават крытыкі Сандэрса прызнаюць, што той захапіў уяўленне маладых амерыканцаў, у якіх слова «сацыялізм» цяпер выклікае, хутчэй, пазітыў. Разам са зменай пакаленняў за акіянам гэта немінуча адаб’ецца і на палітычным працэсе.

Аднак для многіх прыхільнікаў Сандэрса гэта слабая кампенсацыя. Яны, як мінімум, прагнуць выказаць пратэст кіраўніцтву дэмакратаў, якое, на думку многіх, прымусіла Сандэрса пакінуць выбарчую гонку. «Яны адчулі, што жывуць не ў свабоднай рэспубліцы, а ў гнілой алігархічнай імперыі, і іх краіна — дакладна такая ж кіраваная дэмакратыя, як самі ведаеце хто, з такім жа выбарчым правасуддзем, падтасаванымі выбарамі», — апісвае шок некаторых актывістаў Дэмпартыі адзін з расійскіх лібералаў.

А якім чынам можна выказаць свае «фэ» апарату дэмакратаў? Найбольш просты спосаб — прагаласаваць за нейкую больш радыкальную партыю. Такім чынам, імкліва набыла актуальнасць праблема трэцяй партыі на выбарах–2020, і гэта найперш партыя Зялёных.

На першы погляд, амерыканскія Зялёныя — гэта нейкая вялікая тусоўка эколагаў, пацыфістаў, сацыяльных актывістаў, феміністак і гэтак далей. Яе цэнтры знаходзяцца ў традыцыйных бастыёнах контркультуры на паўночным захадзе краіны і ў штатах ціхаакіянскага ўзбярэжжа. Хаця на выбарах 2016 года кандыдатка ад Зялёных Джыл Стэйн нечакана атрымала істотную падтрымку ў акругах з высокім працэнтам насельніцтва карэнных амерыканцаў.

Нягледзячы на знешні інфантылізм, агрэсіўная левая рыторыка Зялёных у нейкі час дазволіла ім зайсці на электаральнае поле дэмакратаў і рэгулярна збіраць там істотны ўраджай галасоў. Найбольш «ураджайным» быў 2000 год, калі за Зялёных галасавалі тры мільёны выбаршчыкаў, якія ў пераважнай большасці раней падтрымлівалі дэмакратаў. Някепскімі для эколагаў былі і апошнія выбары 2016-га. Тады іх прадстаўніка падтрымалі каля 1,5 мільёнаў амерыканцаў.

Пры гэтым за Зялёных часта галасавалі і ў штатах, якія называюць swing states (штаты з нявызначаным вынікам галасавання, якія ўрэшце часта вызначаюць пераможцу ўсёй прэзідэнцкай кампаніі). Лічыцца, што ў тым ліку праз прысутнасць Зялёных на выбарах Хілары Клінтан не здолела перамагчы Трампа ў шэрагу ключавых штатах ды прайграла Белы дом.

У гэтым годзе гісторыя можа не толькі паўтарыцца, аднак і быць для дэмакратаў яшчэ больш драматычнай. Цяжка ўзгадаць, калі яшчэ партыйны істэблішмент умудрыўся ўласнымі рукамі задушыць прагрэсіўнае крыло ў партыі. Акрамя таго, эпідэмія каронавіруса ўзняла тэму дыспрапорцый у бюджэтным фінансаванні войска і сацыяльнай сферы, а гэтае пытанне — адна з фішак эколагаў.

Міграцыя прыхільнікаў дэмакратаў у «зялёны лагер», падаецца, ужо пачалася. «Тысячы тысяч чалавек вывучаюць “зялёную партыю” як магчымы палітычны прытулак пасля таго, як Сандэрс прыпыніў кампанію па выбарах прэзідэнта. Для нас гэта было трошкі нечакана, але мы радыя паведаміць пра шматлікіх валанцёраў. Мы павінны рухацца хутка, каб далучыць гэтых новых саюзнікаў да барацьбы за нізавую дэмакратыю, сацыяльную справядлівасць, экалагічную мудрасць і негвалтоўнасць», — заявіў прадстаўнік кіраўніцтва Зялёных ледзь не па гарачых слядах сыходу з кампаніі Сандэрса.

Рашэнне Берні Сандэрса прыпыніць кампанію дапамагло эколагам цэментаваць партыйны актыў. Напярэдадні выбараў–2020 шмат эколагаў сумняваліся, што Зялёным трэба ісці на выбары са сваім кандыдатам, аб’ектыўна гуляючы тым самым на руку Трампу. Некаторыя казалі, што прыярытэтам на цяперашні дзень павінна быць агульная барацьба прагрэсіўнай Амерыкі супраць лідара рэспубліканцаў. Адпаведна, прапаноўвалася падтрымліваць Сандэрса. Іншая ўнутраная партыйная групоўка адмаўлялася ад нават тактычных саюзаў з дэмакратам. Як казаў адзін з яе спікераў, «з сыходам Трампа знікне феномен “трампізму” як ідэалогіі часткі істэблішменту».

Цяпер, як бачым, крыніца рознагалоссяў знікла, і можна спакойна працягваць зялёны праймерыз кандыдатаў, у якім, дарэчы, удзельнічаюць восем чалавек. На сёння ў кастынгу з 40 працэнтамі падтрымкі перамагае Говард Хоўкінс (Howard Hawkins). Ён, гледзячы па насычанай біяграфіі, — вельмі яскравая асоба. У «рэзюмэ» Хоўкінса — праца будаўніком і шафёрам, сяброўства ў анархічным прафсаюзе «Індустрыяльныя рабочыя свету», супрацоўніцтва з Мюрэем Букчыным — культавым ідэолагам зялёнага анархізму. Праўда, незразумела, як будзе ставіцца да яго звычайны выбаршчык дэмакратаў. Хоўкінс сваёй задачай бачыць кааліцыю амерыканскіх левых у незалежную партыю працоўных па-за Дэмпартыяй. Не дзіўна, што ён атрымаў падтрымку Сацыялістычнай партыі ЗША і нейкіх трацкістаў.

Зрэшты, перамога Хоўкінса зусім не гарантаваная. Прыкладна на тузін пунктаў ад яго адстае не менш каларытны Дарыё Хантэр (Dario Hunter). Хантэр — чорны мусульманін (сын іранца і афраамерыканкі), які перайшоў у іудаізм, і нават пачаў вучыцца на рабіна. І гэта не перашкодзіла яму быць актывістам руху геяў. Праўда, з сінагогі яго вытурылі не за палавую арыентацыю, а за крытыку палітыкі ізраільскага ўрада на палесцінскіх тэрыторыях.

Развязка двубою Хоўкінс — Хантар будзе канчаткова вядомая да 10 ліпеня, калі ў Дэтройце пройдзе нацыянальных канвент партыі. Праўда, не чакаючы яго, блізкая да дэмакратаў амерыканская прэса ўжо пачала шукаць «рускі след» у кампаніі Зялёных.

Між тым, магчыма, што галоўная пагроза для Джо Байдэна — не эколагі. Фіксуецца незвычайна высокі інтарэс да кампаніі Верміна Супрыма (Vermin Supreme)амерыканскага мастака-перформера левых поглядаў, вядомага тым, што ён выступае ў якасці альтэрнатыўнага кандыдата на ўсіх выбарах. Асноўны пункт праграмы «Вялікага Паразіта» (мянушка артыста) — у выпадку перамогі прымусіць усіх амерыканцаў чысціць зубы. Гэтым разам у яго ёсць шанец стаць кандыдатам ад дастаткова вядомай Лібертарыянскай партыі, што, безумоўна, можа надаць выбарам–2020 новы каларыт і інтрыгу.