Камітэт Сената ЗША пацвердзіў высновы аб умяшанні РФ у выбары
Камітэт па выведцы Сената ЗША вырашыў пераправерыць даклад спецслужбаў аб умяшанні Расіі ў выбары 2016 года. І пераканаўся, што высновы аб умяшанні справядлівыя.
Узначалены рэспубліканцамі камітэт па выведцы Сената ЗША ў аўторак, 21 красавіка, пацвердзіў слушнасць высноў амерыканскіх спецслужбаў аб умяшанні Расіі ў прэзідэнцкія выбары 2016 года на карысць Дональда Трампа. Задачай камітэта з'яўляўся не пошук новых доказаў, а высвятленне, наколькі падрыхтаваны ў 2017 годзе даклад спецслужбаў з'яўляўся пэўнай крыніцай. Камітэт не знайшоў прычыны сумнявацца ў заключэннях пра расійскае ўмяшанне.
"З набліжэннем прэзідэнцкіх выбараў 2020 года зараз важней, чым калі-небудзь, каб мы былі гатовыя да небяспекі ўмяшання варожых замежных сіл", — заявіў кіраўнік камітэта Рычард Бэры, назваўшы ўмяшанне з Расіі "новым нармальным станам" амерыканскай палітыкі.
Між тым сенатары-дэмакраты яшчэ 25 лютага заклікалі ўвесці новыя санкцыі ў дачыненні да Расіі і асабіста Уладзіміра Пуціна за ўмяшальніцтва ў маючыя адбыцца выбары прэзідэнта ЗША. Ліст з гэтым патрабаваннем яны накіравалі дзяржсакратару Майку Пампеа і міністру фінансаў Стывену Мнучыну.
"Любыя іншыя дзеянні будуць лічыцца сыходам ад адказнасці абараняць ЗША ад пагроз нацыянальнай бяспекі", — пазначана ў лісце. Подпісы паставілі лідар дэмакратычнай меншасці ў Сенаце Чак Шумер, старэйшы дэмакрат камітэта па замежных справах Сената Роберт Менендэс і сенатар Шэрод Браўн.
Пра пачатак умяшання Расіі ў хуткія выбары прэзідэнта ЗША ў лістападзе 2020 года раней напісала The New York Times. Паводле яе даных, спецслужбы падчас закрытага брыфінгу нібыта папярэдзілі Палату прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША пра тое, што Масква мае намер дамагчыся перавыбрання Дональда Трампа.
dw.com