Зняволеным журналісткам завочна ўручылі Ляйпцыгскую прэмію за свабоду СМІ

У Ляйпцыгу завочна ўручылі прэмію за свабоду СМІ беларускім журналісткам Кацярыне Андрэевай і Дар’і Чульцовой, якія адбываюць двухгадовы тэрмін зняволення ў калоніі. Прэмія была прысуджаная сёлета ў ліпені, перадае Радыё Свабода.

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

У Нямеччыне адбылася цырымонія ўручэння Ляйпцыгскай прэміі за свабоду СМІ. Адну з прэстыжных нямецкіх узнагарод у галіне сродкаў масавай інфармацыі завочна атрымалі ў пятніцу, 8 кастрычніка, беларускія журналісткі Кацярына Бахвалава, якая працавала пад псеўданімам Кацярына Андрэева, і Дар’я Чульцова, які цяпер адбываюць зняволенне ў калоніі.
Супрацоўніцы тэлеканалу, які цяпер у Беларусі прызналі экстрэмісцкім, сваёй працай «далі магчымасць пачуць голас свабоднай журналістыкі ў аўтакратычным рэжыме», гаворыцца ў заяве Фонду ў справах СМІ ашчаднай касы Ляйпцыгу. За сваю працу 27-гадовая Бахвалава і 24-гадовая Чульцова «вымушаныя пакутаваць ад рэпрэсій рэжыму, як і многія іншыя» беларусы, сказана далей у заяве. Фонд настойліва заклікаў улады Беларусі вызваліць журналістак.
Як адзначаецца ў заяве, узнагарода — гэта «знак падбадзёрвання ўсім супрацоўнікам СМІ, а таксама дзеячам грамадзянскай супольнасці — не толькі ў Беларусі». Грашовая частка прэміі складае 10 тысяч еўра кожнаму лаўрэату.
Ляйпцыгскую прэмію за свабоду СМІ прысуджаюць штогод з 2001 года і ўручаюць вечарам 8 кастрычніка — напярэдадні гадавіны вырашальнай дэманстрацыі супраць рэжыму ГДР, якая адбылася 9 кастрычніка 1989 году. Узнагароду прысуджаюць супрацоўнікам СМІ, якія сваёй працай прыкладаюць асаблівыя намаганні для свабоды і будучыні журналістыкі.
Кацярына Андрэева і Дар’я Чульцова былі затрыманыя 15 лістапада 2020 года падчас жывой трансляцыі з акцыі памяці загінулага беларускага актывіста Рамана Бандарэнкі.
Паводле версіі следства, з прычыны стрыму, які журналісткі вялі з аднаго з суседніх высотных будынкаў, быў спынены рух 13 аўтобусных маршрутаў, трох тралейбусных і трох трамвайных. Шкоду ГП «Мінсктранс» ацанілі ў 11 562,14 рублі.
Журналісткам прысудзілі два гады пазбаўлення волі паводле абвінавачання ў «арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўным удзеле ў іх».