Хлопцу, які адмовіўся ад прэзідэнцкай стыпендыі, прад'явілі яшчэ адно абвінавачанне

Стала вядома, што 20-гадоваму экс-студэнту 2 курса хімфака БДУ, палітвязню Арцёму Баярскаму прадʼявілі яшчэ адно абвінавачанне, паведамляе «Радыё Свабода».

Арцём Баярскі, архіўнае фота / «Радыё Свабода»

Арцём Баярскі, архіўнае фота / «Радыё Свабода»


Раней яго ўзялі пад варту па справе за «стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім». Цяпер жа стала вядома, што яго абвінавацілі таксама ў «арганізацыі або ўдзеле ў беспарадках».
Справу Арцёма Баярскага следчыя ўжо перадалі ў пракуратуру.
Пра гэта паведаміла праваабаронцам «Вясны» маці Арцёма. 8 кастрычніка бацькі ўпершыню пабачылі яго за 7 месяцаў у СІЗА. Маці кажа, што выглядае ён не вельмі добра.
Першы раз Арцёма Баярскага затрымалі 16 лістапада 2020 года пасля Маршу сталых людзей у Мінску. Яго тады арыштавалі на 15 сутак.
Другі раз Арцёма Баярскага затрымалі сёлета 24 сакавіка.
Спачатку ён адседзеў адміністрацыйны арышт за бел-чырвона-белы сцяг, які нібыта вісеў на 11-м паверсе яго інтэрната. Потым на яго завялі крымінальную справу за «стварэнне экстрэмісцкага фарміравання». З'явілася відэа, дзе Баярскі прызнаецца, што адміністраваў «экстрэмісцкі» рэсурс «Мая краіна Беларусь». Яму пагражае да сямі гадоў пазбаўлення волі.
Летась у жніўні Арцём, разам яшчэ з сотняй студэнтаў, адмовіўся ад прэзідэнцкай стыпендыі. Яшчэ школьнікам ён чатыры разы займаў прызавыя месцы на нацыянальных алімпіядах па хіміі. Пасля затрымання ў чэрвені яго адлічылі з БДУ.
 У верасні яго завочна залічылі ў Ковенскі ўніверсітэт Вітаўтаса Вялікага на бакалаўрскую праграму «Біятэхналогія».