Папулярызатар беларускай гісторыі. Памяці Міколы Багадзяжа

Сёння на Паўночных могілках у Мінску адбылося развітанне з пісьменнікам, журналістам, папулярызатарам беларускай гісторыі і міфалогіі Міколам Багадзяжам.

mikola_bahadzjaz.png

На развітанні прысутнічалі родныя, сябры, паплечнікі. Мікола Багадзяж памёр 16 сакавіка 2022 года на 65-ым годзе жыцця.

Падчас станаўлення беларускай незалежнасці ў пачатку 1990-х Мікола Багадзяж працаваў у выданні “Чырвоная змена” і быў адказным за артыкулы па гісторыі і міфалогіі Беларусі, працаваў разам з вядомымі дзеячамі беларускай культуры Вітаўтам Мартыненкам і Алесем Палынскім.

Апроч журналісткіх матэрыялаў, Мікола Багадзяж паспеў напісаць багата навукова-папулярных кніг па гісторыі Беларусі: “Сыны зямлі Беларускай”, сумесна з І.Масляніцынай (жонка Міколы Багадзяжа): “Слава і няслаўе” “Радзивиллы — Несвижские короли”, “Радзивиллы в эпоху интриг и авантюр”, “Жанчыны, найбольш знакамітыя ў гісторыі Беларусі”, “Беларусь далетапісная”, “София Слуцкая”.

У апошнія гады жыцця Мікола Бага займаўся серыяў навукова-папулярных матэрыялаў, прысвечаных выбітным постацям беларускай гісторыі. Усяго каля 30 постацяў. Паспелі выйсці матэрыялы, прысвечаныя Анастасіі Слуцкай, Давіду Гарадзенскаму, Усяславу Чарадзею, Ірыне Паскевіч, Міхалу Клеафасу Агінскаму, Сямёну Лугвену (князю Мсціслаўскага), Элаізе Ажэшцы, доктару Клумаву. У бліжэйшы час павінны пабачыць свет матэрыялы, прысвечаныя Аляксандру Казарскаму і Сафіі Гальшанскай. Яго справу плануе завяршыць жонка Ірына Масляніцына.

Вечная памяць папулярызатару беларускай гісторыі!