Беларусь за год прадала Украіне ў 800 разоў больш вугалю

У 2018 годзе Беларусь экспартавала ва Украіну каменнага вугалю на $ 50,36 млн, што ў 798 разоў больш, чым у 2017 годзе. Аб'ёмы экспарту антрацыта з Беларусі ва Украіну за год выраслі ў 307 разоў і склалі $ 8,82 млн.

197147.jpg


Адпаведныя дадзеныя ўтрымліваюцца ў афіцыйнай справаздачы Дзяржаўнай службы статыстыкі Беларусі. Пры гэтым у дадзеных украінскага Дзяржстата імпарт вугалю з Беларусі не адлюстроўваецца наогул, паведамляе hromadske.ua.
Адзначаецца, што пакладаў вугалю ў Беларусі мала, і прадстаўлены яны ў асноўным бурым вуглём. Антрацыта ў Беларусі няма наогул. Такім чынам, адзінай крыніцай гэтага вугалю магла стаць толькі яго купля ў іншых краінах.
Па дадзеных журналістаў «Радыё Свабода», вугаль у Беларусь мог патрапіць з шахт на акупаваным Данбасе. У прыватнасці, такім чынам гэты вугаль купляе кампанія «ДТЭК» Рыната Ахметава і дзяржаўная кампанія Цэнтрэнерга, якую планавалі прыватызаваць у канцы 2018 года.
Журналісты адзначаюць, што новым спосабам пастаўкі вугалю з акупаванага Данбаса дзяржаўная кампанія зацікавілася пасля таго, як ў 2016 годзе трапіла ў скандал з-за пакупкі вугалю ў баявікоў.
У кампаніі Ахметава журналістам паведамілі, што вугаль з Беларусі не купляюць.
Акрамя Украіны, больш за ўсё Беларусь прадавала вугаль у краіны СНД і ў Літву. Антрацыт Беларусь больш прадавала ў СНД і краіны ЕС, у прыватнасці ў Польшчу.
Раней кіраўнік «ДТЭК» Ахметава паведамляў, што баевікі прадалі каля 2 млн тон вугалю ў краіны ЕС праз Расію.