Беларусь завязе з-за мяжы 20 тысяч тон цукру
У Беларусь плануюць завезці з-за мяжы да 20 тысяч тон цукру. Пра гэта гаворыцца ў паведамленні прэс-службы Белдзяржхарчпрама.
Столькі цукру імпартуюць «для забеспячэння
збалансаванасці на спажывецкім рынку і прамысловай перапрацоўкі».
Адпаведны аб'ём імпарту вызначыла рабочая група, зыходзячы з
тарыфнай ільготы, выдзеленай Еўразійскай эканамічнай камісіяй.
У снежні 2021-га Савет ЕЭК вызначыў тарыфныя квоты на ўвоз
цукру да 31 жніўня 2022 года. Беларусі дазволілі бяспошлінна завезці да 100
тысяч тон цукру.
Дарэчы, у першым квартале імпарт цукру ў Беларусь склаў 383
тоны. Цяперашні запланаваны імпарт перавысіць яго ў 50 разоў.
Найбольшы попыт на цукар у Беларусі быў адзначаны ў
сакавіку, калі адбыўся скачок валютнага курсу. Тады аб'ёмы продажу цукру
выраслі ўтрая — з 1 кг да 3 кг у сярэднім на чалавека ў месяц.
Паводле «Еўрарадыё».