Чаму чыноўнікі ЖКГ баяцца журналістаў?
Дарэмна журналісты чакалі 2 сакавіка ў Нацыянальным прэс-цэнтры высокіх чыноўнікаў, адказных за сістэму жыллёва-камунальнай гаспадаркі Беларусі. Ніхто з іх не з’явіўся.
Пытанне росту тарыфаў на жыллёва-камунальныя паслугі сёння з’яўляецца, бадай, ці не самым важным сёння. І супрацоўнікі як дзяржаўных, гэтак і недзяржаўных СМІ, што прыехалі ў Нацыянальны прэс-цэнтр, жадалі пачуць канкрэтныя адказы на канкрэтныя пытанні, прынамсі, ад намесніка міністра жыллёва-камунальнай гаспадаркі Алега Паскробкі.
Па словах начальніка аддзела арганізацыі інфармацыі Нацыянальнага прэс-цэнтра Аляксея Цыбулькі, Паскробка мусіў з’явіцца з хвіліны на хвіліну. Але на галаву чыноўніка нібыта звалілася “экстраная чарговая нарада па пытаннях жыллёва-камунальных паслугах”, і ён мусіў быць там.
Карацей, атрымалася чарговая “казка пра згублены час.
З іншага боку, відавочна, што прадстаўнікам міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі няма чаго сказаць журналісцкай братыі – што афіцыйнай, што недзяржаўнай. Яны, гэтыя чыноўнікі, не могуць патлумачыць, з якой “балды” узяліся паслянавагоднія тарыфы на камуналку, ад якіх “едзе дах” амаль ва ўсіх грамадзянаў Сінявокай, хто адказны за правалы ў гэтай галіне, што зроблена дзеля выканання патрабаванняў афіцыйнага лідара прадаставіць яму падрабязныя разлікі па жыллёва-камунальных паслугах да 1 сакавіка. А ці былі прадастаўлены Лукашэнку гэтыя разлікі? Невядома, прынамсі, да гэтай хвіліны.
Адсутнасць на запланаванай і пацверджанай прэс-канферэнцыі адказных чыноўнікаў можа сведчыць пра тое, што ў гэтай галіне гаспадаркі зараз паніка. З аднаго боку, трэба выконваць патрабаванні кіраўніка дзяржавы і, адпаведна, пералічваць і зніжаць тарыфы. З іншага боку, а што рабіць далей? Відавочна, што адказу на гэтыя пытанні ў міністэрстве жыллёва-камунальнай гаспадаркі, як і цалкам ва ўрадзе, ніхто не знаходзіць.
Нічога дзіўнага, бо ў Беларусі ўжо даўно склалася такая сістэма, якая сама не можа адказаць нават на пытанне, навошта сама яна існуе.