Беларускі тыднёвік “Ніва” — прыклад для ўсіх беларускіх СМІ

Беларускаму тыднёвіку “Ніва” ў Беластоку 4 сакавіка споўнілася 60 гадоў. Газета была заснавана ў 1956 годзе Беларускім грамадска-культурным таварыствам у Польшчы. У першыя пасляваенныя дзесяцігоддзі тыднёвік з’яўляўся важным чыннікам яднання беларускага насельніцтва ў раёнах, якія перадаў Сталін Польшчы ў 1944 годзе.



3b5c8f07_225d_4bb5_ad0b_a602f6f6bd6e.jpg

І вось на працягу 60 гадоў “Ніва” і яе супрацоўнікі, як піша сённяшні рэдактар тыднёвіка Яўген Вапа, “сталі летапісцамі пэўнай часткі беларускага народа, якому выпала жыць у сваёй Малой Айчыне — Беласточчыне”.

           

“Ніва” не толькі для беларусаў Польшчы, але і для ўсіх беларусаў свету — унікальная з’ява. Тыднёвік быў і застаецца тым выданнем, які заўсёды аб’ядноўваў беларусаў вакол сябе, дзе б яны не жылі, чым бы яны не займаліся. Беласток без беларускай “Нівы” для беларусаў, якія там жывуць, якія прыязджаюць у Беласток — гэта, як хата без печы. “Ніва” заўсёды сустракала і сустракае ўсіх беларусаў, ды не толькі беларусаў, найперш роднай мовай, якой ніколі не здрадзілі “ніўскія” журналісты і рэдактары за ўсе гэтыя 60 гадоў. Родная мова на старонках “Нівы” — гэта святое. Без беларускай мовы ніколі не было б “Нівы” і “Ніва” ніколі не выдавалася на чужой мове, як гэта цяпер робіцца ў Беларусі на ніве сродкаў масавай інфармацыі.

           

Беларускі тыднёвік у Беластоку — гэта прыклад для ўсіх журналістаў Беларусі, для ўсіх рэдактараў беларускіх СМІ, як трэба любіць сваю Бацькаўшчыну, шанаваць сваіх аўтараў, мову, гісторыю, традыцыі, культуру і, вядома ж, чытачоў.

“Ніва” — гэта пачуццё беларускай годнасці і гісторыя нашай Айчыны. Бо на старонках яе друкавалі свае творы не толькі беларусы з Польшчы, але і сотні, а можа і тысячы беларусаў з іншых краін свету, у тым ліку і з Беларусі. Беларускія літаратары, гісторыкі, палітыкі, дзеячы культуры, дыпламаты — усе, хто наведваў “Ніву”, мог вольна выказаць на яе старонках свае ўражанні, думкі, планы, пажаданні. “Ніва” давала і дае слова ўсім, але толькі не ворагам Беларушчыны. Дый яны мінаюць “Ніву”, бо наша газета ў Польшчы — гэта беларускі астравок незалежнасці, праўды,шчырасці і дабра.

У 1956 годзе “ніўская” журналістка Вера Леўчук пра з’яўленне “Нівы” пісала: “Мы, беларусы, грамадою спалучым звонкі голас твой…”. І… спалучылі: “Ніва” атрымалася, тыднёвік жыве, выдаецца, чытаецца. Наш тыднёвік – родны, цікавы, блізкі, дарагі нам. Беларускі шлях у 60 гадоў ён прайшоў і верыцца, што ніколі не збочыць з гэтага шляху і надалей. З юбілем цябе, “Ніва”! З юбілеем вас, дарагія мае сябры-“ніўцы”, калегі, аднадумцы! Хай вам і нам ўсім шчасціць!