Генадзь Фядыніч: Лукашэнка можа дачакацца народных бунтаў

Уладам не варта забываць, чым багата сцісканне спружыны: рана ці позна яна разыдзецца ў зваротным кірунку.



timthumb15.jpg

Пра гэта ў інтэрв'ю “Салідарнасці” заявіў старшыня Беларускага прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) Генадзь Фядыніч, каментуючы ўчарашнія словы Лукашэнкі пра тое, што “на працы рот павінен быць зашыты”.

На думку Генадзя Фядыніча, падобныя выказванні могуць быць выкліканыя тым, што ўрад не бачыць наперадзе прыкмет паляпшэння сітуацыі:

— Улады Беларусі ў чарговы раз папярэджваюць людзей, каб тыя сядзелі ціха. Але калі ў рабочага з аховай працы дрэнна, калі з заробкам праблемы ёсць, то што — ён павінен маўчаць? З якога перапуду?

Прафсаюзны лідэр падкрэсліў, што свае правы трэба адстойваць:

— Я заўсёды казаў, што за свае законныя правы трэба змагацца, іх трэба адстойваць. Хто б што ні казаў.

Законы фізікі

Ці могуць улады такім чынам дзейнічаць прэвентыўна, баючыся паўтарэння рабочых хваляванняў ўзору пачатку 1990-х?

— У той час рот рабочым ніхто не "зашываў”, сітуацыя са свабодай слова была лепей сённяшняй. Але трэба думаць пра іншае. Не варта забываць, чым багата сцісканне спружыны — рана ці позна яна разыдзецца ў зваротным кірунку. Вось тут уладам трэба добра падумаць, каб не дачакацца народных бунтаў, —папярэдзіў Генадзь Фядыніч.

“Ні ў адной краіне свету”

Суразмоўца падкрэсліў, што сістэма ўзаемаадносінаў працоўных і ўладаў у Беларусі па-свойму ўнікальная:

— У цывілізаваных краінах няма рабочых камісій, як у нас, у якія ўключаюцца не толькі прадстаўнікі прафсаюзаў, але і наймальнікаў. Там наймальнік ніколі не з'яўляецца членам прафсаюза.

У цывілізаваных краінах працоўныя і прафсаюзы змагаюцца з капіталам. У нас, на жаль, даводзіцца змагацца з сістэмай. Таму што ў Беларусі няма буйнога прыватнага сектара эканомікі. І як толькі працоўны пачынае адстойваць свае правы, яму кажуць: “Што ж ты супраць свайго прадпрыемства выступаеш? Мы ж дзяржаўнае прадпрыемства, мы ўсе ў адной лодцы сядзім”.

Але пытанне ў тым, што вёслы ад гэтай лодкі ў руках ва ўладаў, што дае ім магчымасць веславаць ў абраным імі кірунку. А вось простым рабочым прапануецца моўчкі сядзець у гэтай самай агульнай лодцы.

Нагадаем, напярэдадні Аляксандр Лукашэнка заявіў наступнае:

— Права чалавека сказаць тое, што ён думае, у патрэбным месцы: на сходзе, пры абмеркаванні з калегамі, вам прама ў вочы — гэтага не трэба баяцца. Гэта плюс у нас будзе. Але калі прыйшоў на працу, там рот павінен быць, груба кажучы, зашыты, таму што там дыктат ажыццяўляе тэхналогія. У тэрмін прыйшоў, зрабіў па тэхналогіі справу — ідзі. Бачыш нешта не так — папярэдзь кіраўнікоў сваіх, скажы, прапануй.

Паводле: Хартыя 97