Паміж Мінскам і Кіевам разгараецца пашпартны скандал

МЗС Украіны адрэагаваў на дэмарш беларускай памежнай службы, што не прапускала грамадзян Украіны паводле новых ID-пашпартоў.



ukraina_pashpart.jpg

Дэпартамент консульскай службы МЗС Украіны апублікаваў афіцыйны адказ на заяву Дзяржаўнага памежнага камітэта Беларусі аб тым, што пашпарт грамадзяніна Украіны ў выглядзе ID-карты (электроннага пашпарта) пакуль не разглядаецца як сапраўдны дакумент для перасячэння беларускай мяжы.
ДКС нагадвае, што ў стасунках паміж дзвюма краінамі дзейнічае міжурадавае пагадненне аб бязвізавых паездках грамадзян ад 12 чэрвеня 2009 года. У адпаведнасці з артыкулам 1 дакумента ўкраінцы павінны мець пры сабе адзін з наступных дакументаў: пашпарт грамадзяніна Украіны, пашпарт грамадзяніна Украіны для выезду за мяжу, дыпламатычны, службовы пашпарт, праязны дакумент дзіцяці.
Пагадненне прадугледжвае неабходнасць «неадкладнага інфармавання праз дыпламатычныя каналы аб увядзенні новых дакументаў або унясенні змяненняў у дакументы, якія выкарыстоўваюцца для мэт гэтага пагаднення, і адначасовага накіравання іх узораў».
«У сувязі з увядзеннем Украінай афармлення пашпартоў грамадзяніна Украіны ў форме пластыкавай карты беларускаму боку загадзя ў снежні 2015 году былі накіраваныя адпаведная дыпламатычная нота і ўзоры электронных пашпартоў», — падкрэсліваецца ў паведамленні ДКС МЗС Украіны. Пры гэтым «перасцярог беларускага боку што да іх выкарыстання ў рамках згаданага пагаднення ў МЗС не паступала».
ДКС паведамляе, што з ініцыятывы беларускага боку ў найбліжэйшы час плануецца правядзенне кансультацый у пытаннях рэалізацыі палажэнняў міжурадавага дакумента.
Электронныя пашпарты Украіна ўвяла 1 студзеня 2016 года. Аднак, як заявіла беларуская памежная ўстанова, «украінскія грамадзяне памылкова разлічваюць уехаць на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь паводле гэтых новых электронных дакументаў».
«Паводле дзейнай двухбаковай дамовы паміж Рэспублікай Беларусь і Украінай ад 2009 года аб бязвізавых паездках грамадзян новы ўкраінскі пашпарт у выглядзе ID-карты не прадугледжаны як дакумент для пропуску праз дзяржаўную мяжу Беларусі», — адзначылі ў памежным камітэце.
Акрамя таго, падкрэсліў ДПК, украінскі бок дагэтуль не ініцыяваў працэдуру паміж міністэрствамі замежных спраў аб прызнанні ID-карт у якасці сапраўднага дакумента для перасячэння мяжы ў рамках бязвізавых паездак.
«Да ўрэгулявання гэтых пытанняў беларускі бок можа прапускаць праз мяжу грамадзян Украіны толькі паводле сапраўдных дакументаў: замежны пашпарт (для ўладальнікаў ID-карт) і ўнутраны пашпарт старога ўзору (у папяровым выглядзе)», — паведаміла прэс-служба ДПК.
Паводле "Хартыі'97"