ДАІ пачала рассылаць «лісты шчасця» за няпройдзены тэхагляд
Камеры аўтаматычнай фіксацыі цяпер будуць «лавіць» не толькі ліхачоў, але і тых, хто ездзіць без тэхагляду, піша auto.tut.by.
Пра гэта паведаміла прэс-служба МУС. Нагадаем, рассылаць «лісты шчасця» за гэта парушэнне дазволіў новы КаАП, які ўступіў у сілу з 1 сакавіка.
Дагэтуль кіроўцы ў Беларусі атрымлівалі «лісты шчасця» ад ДАІ за парушэнне хуткасці, а таксама за паркоўку пад знакам. Аднак у новым КаАП прапісалі магчымасць фіксацыі на камеру і іншых парушэнняў: праезд на чырвонае святло, выезд на «сустрэчку» або паласу для руху грамадскага транспарту, язда без тэхагляду і гэтак далей. Гэта значыць? Тэхнічна гэтыя магчымасці былі і раней, цяпер іх прапісалі на заканадаўчым узроўні.
Цяпер жа камеры будуць фіксаваць нумары аўтамабіляў, спраўджваць з базай, і, калі машыны ў спісе тых, хто прайшоў, не будзе, уласніку прыйдзе «ліст шчасця».
Праўда, калі на працягу папярэдняга года штрафаў за тое не было, у першы раз прыйдзе пастанова не са штрафам, а з папярэджаннем. У наступны раз уласнік будзе прыцягнуты да адказнасці ў выглядзе штрафу ў памеры 0,5 базавай велічыні. Пры гэтым да адказнасці прыцягваецца як фізічная, так і юрыдычная асоба — уласнік або ўладальнік транспартнага сродку.
У адпаведнасці з палажэннямі новага КаАП, калі камеры зафіксуюць некалькі такіх парушэнняў на працягу сутак (з 00.00 да 23.59), уласнік транспартнага сродку будзе прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці толькі адзін раз.