Дзе ніша для ІПшніка?

У той час, калі беларускія індывідуальныя прадпрымальнікі апынуліся ў незайздроснай сітуацыі з-за розных дэкрэтаў і эканамічнага крызісу, ім прапануюць выйсце. Выйсце — гэта інтэрнэт.

dsc_0085.jpg


Апошнія тры гады колькасць індывідуальных прадпрымальнікаў у Беларусі скарачаецца. За апошнія тры гады іх стала менш на 30 тысячаў. Самае імклівае скарачэнне зазнаў рознічны гандаль — абкладзены падаткамі, сертыфікатамі, указамі і нормамі ЕАЭС губляюць пакупніка і вымушаныя закрывацца. Цяпер колькасць ІПшнікаў складае 245 тысячаў асобаў, але пры гэтым працуюць далёка не ўсе.

Між тым, як адзначае кіраўнік упраўлення камерцыі і маркетынга пляцоўкі «Куфар» Ілля Жукавец, па дадзеных кампаніі Gemius інтэрнэтам ў Беларусі рэгулярна карыстаецца 5 млн. чалавек. Саму ж пляцоўку «Куфар» наведвае 1,2 млн. чалавек штомесяц. І менавіта такія лічбы падштурхнулі «Куфар» і міжнародны праект «Мазгабойня» запусціць новую гульню, якая мае назву «Куфарызацыя».

«Мы з калегамі шмат абмяркоўваем патэнцыял Беларусі. Яе асноўны патэнцыял — гэта людзі, якія любяць працу, адказныя і гэтак далей — казаў на прэзентацыі «Куфарызацыі» Ілля Жукавец. — У Фінляндыі, напрыклад, 50 працэнтаў ВУП дае прадпрымальніцтва. А дзе наш малы і сярдні бізнес?»

А наш малы і сярэдні бізнес, які скарачае сваю прысутнасць на рынку, далей нікуды не выходзіць. «Куфарызацыя» мае на мэце даць гэтаму малому бізнесу новы старт — ужо ў інтэрнэце.

Таму «Куфар» прапанаваў камандзе «Мазгабойні» распрацаваць новую квіз-гульню, скіраваную менавіта на ІПшнікаў.

Квіз — гэта нешта падобнае на аматарскае «Што? Дзе? Калі?», калі незнаёмыя людзі збіраюцца ў каманды і граюць у пытанні і адказы недзе ў бары ці кавярні. Арганізацыяй такіх гульняў і займаецца праект «Мазгабойня». Па словах Кацярыны Максімавай, стваральніцы гэтага паб-квіза, зараз у «Мазгабойню» гуляюць у 115 гарадах міра, а кампаніі просяць распрацаваць для іх карпаратыўны квіз. Таму, калі паступіла прапанова зрабіць такую гульню ад «Куфара», ім такая ідэя спадабалася.

Адрозненне «Куфарызацыі» ад стандартнай «Мазгабойні» ў тым, што гэта не проста гульня — гэта своеасаблівы адукацыйны курс для прадпрымальнікаў. Кожная гульня будзе суправаджацца навучальным працэсам. Напрыклад, пра анлайн-бізнес і стварэнне інтэрнэт-крамаў будуць распавядаць прадстаўнікі «Студыі Баравога» — вэб-праекта па прасоўванні сайтаў у інтэрнэце. Як з мінімальнымі стратамі перайсці з афлайн у анлайн продажы (груба кажучы, змяніць кропку на рынку на анлайн-краму) распавядуць выкладчыкі школы Інстытута прадпрымальніцтва і менеджмента. Як правільна гандляваць у інтэрнэце з пункту гледжання падатковай інспекцыі распавядуць прадстаўнікі Міністэрства па падатках і зборах. То бок, ад пачатку ІПшнікам дадуць базавыя веды пра тое, як стварыць свой бізнес у інтэрнэце — ці перавесці туды ўжо існуючы. А ўжо потым пачнецца гульня, удзельнікі якой будуць падзеленыя на каманды па 4-6 чалавек.

Усяго ў межах праекту адбудзецца пяць такіх тэматычных гульняў, адна ў Мінску, астатнія ў рэгіёнах. Першая «Куфарызацыя» пройдзе ўжо 28 верасня ў прасторы «Хто такі Джон Голт?» Прычым, рэгістрацыя на гульню бясплатная — трэба толькі зайсці на старонкі «Куфара» ў сацыяльных сетках, знайсці там спасылку на анкету ўдзельніка гульні і, адпаведна, запоўніць гэтую форму.

Рэгістрацыя бясплатная, а вось прыз — цалкам канкрэтны. Каманда, якая пераможа ў гульні, атрымае 20 тысячаў «куфаў», — унутранай валюту «Куфара», што адпавядае прыкладна 2 тысячам рублёў. І патраціць гэтыя «куфы» можна будзе для стварэння першай анлайн-вітрыны і прасоўвання сваіх тавараў праз інтэрнэт.

На прэзентацыі «Куфарызацыі» ў гэты квіз паспрабавалі пайграць журналісты. Атрымалася сапраўды цікава: адказы на некаторыя пытанні можна дадумаць, а некаторыя патрабуюць дакладных ведаў. Але, у адрозненне ад сапраўднай «Куфарызацыі», нам была прапанаваная «лайт-версія» гульні. Зразумела, сапраўднаму ІПшніку не дапаможа адказ на пытанне, напрыклад, што рэкламуе той ці іншы малюнак (хаця ідэі па стварэнні ўласнай візуальнай рэкламы, зразумела, з’явяцца). Але арганізатары запэўнілі: на сапраўднай «Куфарызацыі» пытанняў будзе ўдвая больш, і гэтая «схаваная» ад журналістаў частка будзе менавіта па падабраным для прадпрымальнікаў матэрыяле.

Канешне, адразу ўзнікае пытанне: навошта «Куфару» ствараць сабе канкурэнтаў? Але Ілля Жукавец канкурэнцыі не баіцца. Па яго словах, у развітых краінаў доля продажаў тавараў праз інтэрнэт складае 10 — 15 працэнтаў. У нас жа гэты паказчык — 2,8 працэнта. То бок, каб дасягнуць сусветнага ўзроўню, Беларусі патрабуецца ў чатыры-пяць разоў больш інтэрнэт-крамаў, чым ёсць зараз.

А таму гэтая ніша будзе яшчэ доўга адкрытая для развіцця і цікавых праектаў.