ЕАБР: долар у Беларусі будзе па 2.75, а рост ВУП — 0,3%

Эксперты Еўразійскага банка развіцця ў сваім прагнозе на 2024 год малююць для Беларусі нярадасную карціну — у найбліжэйшы час беларускую эканоміку чакае стагнацыя. Рост ВУП будзе нязначным, не большым за 1%.

_belarus_hroszy_ekanomika_kurs_infljacyja_fota_novy_czas__2__logo.jpg


Эканамісты мяркуюць, што Беларусь у бягучым годзе будзе паступова аднаўляць экспарт калію і нафтапрадуктаў. Гэта дазволіць захаваць падтрымку дзяржсектара, а таксама паспрыяе таму, што ВУП краіны пачне аднаўляцца і па выніках бягучага года вырасце на 0,3%. У наступным годзе эканоміка можа павялічыцца ўсяго на 0,5%. У доўгатэрміновай перспектыве тэмпы эканамічнага росту Беларусі складуць каля 1% у год.

Па выніках бягучага года інфляцыя можа скласці каля 8%, але з улікам таго, што ў Беларусі дзяржава моцна кантралюе цэны. Улады перастануць кантраляваць кошты толькі ў 2024 годзе. Але сёлета стрымліваць цэны будзе не толькі ўлада, але і нізкі ўнутраны попыт.

Сярэднегадавы курс нацыянальнай валюты да долара ЗША сёлета прагназуецца на ўзроўні 2,75 рублёў.

Сёння стала вядома, што Рада ЕС прадоўжыла да 28 лютага 2024 года абмежавальныя меры супраць Беларусі ў сувязі з рэпрэсіямі ў краіне і тым, што рэжым Лукашэнкі падтрымлівае ваеннае ўварванне Расіі ва Украіну.


Пастанова была прынята «на аснове штогадовага агляду» і «з улікам сур'ёзнасці ўнутранай сітуацыі ў краіне, якая захоўваецца», а таксама ўлічваючы тое, што «працягваецца датычнасць Беларусі» да расійскага вайсковага ўварвання ва Украіну.

«Са жніўня 2020 года ЕС паслядоўна ўводзіў санкцыі супраць тых, хто нясе адказнасць за ўнутраныя рэпрэсіі і парушэнні правоў чалавека ў Беларусі», — таксама гаворыцца ў заяве Рады ЕС.

Такім чынам, санкцыі прадоўжаны ў дачыненні да 195 фізічных асоб і 34 кампаній. Прадаўжаецца і забарона на прадастаўленне фізічнымі і юрыдычнымі асобамі з ЕС крэдытаў (фінансавых сродкаў) падсанкцыйным асобам прама ці ўскосна.

У дачыненні да Беларусі таксама працягваюць дзейнічаць адрасныя эканамічныя санкцыі, абмежаванні ў фінансавай сферы, гандлі (таварах падвойнага прызначэння), тэхналогіях і тэлекамунікацыях, энергетыцы, транспарце і іншых сектарах.

А раней стала вядома, што ЗША пашырылі экспартныя абмежаванні ў дачыненні да Расіі і Беларусі.