Што будзе заўтра з курсам долара і расійскага рубля?

У «старэйшага таварыша» з'явіўся яшчэ больш «старэйшы таварыш», а ў нас — новая валюта ў валютным кошыку, юань.

_hroszy___valjuta__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__4__logo.jpg

Што будзе заўтра з курсам долара і расійскага рубля? Любыя прагнозы на гэтую тэму заўсёды спалучаныя з рызыкай памыліцца, але верагоднасць памылкі зніжаецца, калі мы разумеем працэсы, якія адбываюцца на валютным рынку, і ведаем, як курсы сябе паводзілі ў тых ці іншых умовах. Менавіта для таго, каб у нас з вамі было такое разуменне, мы разгледзім сёння дынаміку валютнага кошыка Беларусі ў 2022 годзе — і вывучычым кожны з яе складнікаў, піша тэлеграм-канал “Нашы грошы”.

Што такое валютны кошык? Гэта індыкатар, які дазваляе зразумець, што менавіта адбываецца з беларускім рублём. Уявіце, што на чарговых валютных таргах курс расійскага рубля моцна вырас, юаня — вырас нязначна, а долара — прыкметна ўпаў. Дык што ж у выніку адбылося з беларускім рублём, аслабеў ён ці ўмацаваўся?


Адказ на гэтае пытанне дапамагае атрымаць валютны кошык, дакладней, яго дынаміка. Па спецыяльнай формуле з улікам змененых курсаў усіх замежных валют можна разлічыць значэнне кошыка і адсачыць змены, убачыць, вырас ён ці, наадварот, знізіўся. Кошык дапамагае Нацбанку бачыць, якая рэальная дынаміка курсу беларускага рубля і прымаць рашэнні, звязаныя з рэгуляваннем валютнага рынку.

У пачатку мінулага года прапорцыі валют у кошыку складваліся наступным чынам: расійскі рубель — 50%, долар — 30%, еўра — 20%. Год скончылі інакш: расійскі рубель — 60%, долар — 30%, юань — 10%. Што ж адбылося і чаму?

Па-першае, на працягу года расійскі рубель паказаў сваё ключавое значэнне для беларускай эканомікі. Яго доля ў кошыку павялічылася з 50% да 60%, а вельмі зменлівая дынаміка — спачатку рэзкае паслабленне да беларускага рубля, а затым умацаванне — звязана з высокай ступенню залежнасці эканомікі ад знешняга гандлю з Расіяй. Даводзіцца падладжвацца, так, каб спачатку з беларускай эканомікі не вымывалася іншая замежная валюта, а затым, каб беларускія тавары засталіся канкурэнтаздольнымі (больш таннымі з-за курсу) на расійскім рынку. Адразу пасля пачатку вайны беларускі рубель умацаваўся да расійскага на 20%, а затым рэзка аслабеў. Да чэрвеня падзенне беларускага рубля да расійскага дасягнула 45% ад студзеньскіх паказчыкаў.

Па-другое, долар, нягледзячы на дэманстратыўныя заявы беларускіх уладаў аб ненадзейнасці гэтай валюты, працягвае займаць значнае месца ў валютным кошыку. Большасць пакінутых партнёраў чамусьці не жадае гандляваць за беларускія рублі і выбірае стары добры долар.

Па-трэцяе, на фоне прасадкі гандлю з ЕС і ростам значэння гандлю з Кітаем, юань пацясніў еўра ў кошыку.

У выніку ўсіх гэтых перыпетый беларускі рубель па выніках года аслабеў да валютнага кошыка на 8%. Менавіта столькі склала дэвальвацыя «вавёркі» ў 2022 годзе.

У тым ліку беларускі рубель упаў на 10,2% да расійскага калегі, на 7,4% — да долара ЗША і ўмацаваўся на 3,4% да кітайскага юаня. Апошні, хоць і не лічыцца свабодна канверсоўнай валютай, цяпер з'яўляецца стратэгічна важным для нашай краіны, бо Кітай, разам з Расіяй, становяцца ключавым для беларускай эканомікі партэрам. Мала таго, калі ва ўрадзе Беларусі цяпер Расію ўважаюць за «старэйшага таварыша», то ў Расіі, мяркуючы па ўсім, старэйшым таварышам ужо ўважаюць Кітай. Можа так здарыцца, што гэта паўплывае і на нашу краіну, і кітайскія таварышы будуць неўзабаве адчуваць сябе ў беларускай эканоміцы практычна гаспадарамі.


Нагадаем, як тлумачыў НЧ эканаміст Леў Марголін, змена валютнага кошыка — гэта хучтэй адлюстраванне эканамічнай сітуацыі , а не палітычнае рашэнне: «У лепшыя гады прыкладна палова знешнегандлёвага абароту Беларусі прыпадала на Расію, і палову — на краіны Заходняй Еўропы. Але што мы прадавалі ў Еўропу? Калійныя ўгнаенні, металапракат, драўніну — пераважная большасць пазіцый, якія мы пастаўлялі ў Еўропу, апынуліся пад санкцыямі... Адпаведна, аб’ёмы долараў і еўра значна скараціліся ў знешнегандлёвым абароце. Таму Нацыянальны банк і прыняў рашэнне выключыць еўра з валютнага кошыка: на мой погляд, у гэтым рашэнні — мінімум палітыкі і максімум эканомікі.

Долар застаўся таму, што зусім без свабодна канвертаванай валюты абысціся нельга. Разлікі ў доларах распаўсюджаныя нават больш, чым у еўра: гэта тая валюта, якая патрэбна заўсёды і паўсюль».