Эканаміст: Абменнікі закрыюцца, банкам больш нявыгадна мяняць валюту

Яраслаў Раманчук таксама мяркуе, што перамены моцна адаб’юцца на ўсім камерцыйным банкаўскім сектары краіны.



abmienniki_zaczynienyja.jpg

22 снежня Нацбанк прымусіў банкі краіны наблізіць курсы набыцця валюты ў насельніцтва да рэальнага курса продажу, які вызначаецца ўжо з улікам 30% збору. Некаторыя эксперты мяркуюць, што гэты крок прывядзе да закрыцця абменнікаў.
«Банкі прымушаюць прадаваць валюту, якой таксама пакуль няма. Нават сёння будуць прымушаць прадаваць па 14 700 — 14 800. А на рынку ўжо можна атрымаць за 15 — 16 тысяч. Будуць страты. Плюс дадамо да гэтага тое, што падатак на банкаўскія прыбыткі і прыбыткі страхавых арганізацый таксама павялічыўся да 25%. Так што банкі ў шоку, ім такі бізнэс не патрэбны. Я прагназую, што камерцыйная дзейнасць банкаў будзе скарачацца», — гаворыць эканаміст Яраслаў Раманчук.
Ад раніцы 23 снежня на банкаўскіх экранах з курсамі валют у Беларусі можна назіраць незвычайную карціну: курс продажу долараў і еўра значна меншы за курс набыцця. Розніца даходзіць нават да 3 тысяч рублёў.
euroradio.fm