Грошы пойдуць на фантастыку!
«Ну што, вы ўжо вярнуліся з адпачынку?» — запытаўся ў народа ўрад. «Так!» — нягучна прагучала ў адказ. «Добра. Тады мы ў чарговы раз узнімем кошты», — усміхнуліся чыноўнікі.
Праўда, пакуль што кошты ўзраслі на адну катэгорыю тавару, а канкрэтна — на паліва. З 19 жніўня ў Беларусі на 4% павялічаныя рознічныя цэны на нафтапрадукты. Кошт літра бензіну АІ-95-К5 складае зараз Br10.400 (раней — Br10.000), АІ-92-К5 — Br9.700 (Br9.300), дызельнага паліва К5 — Br10.700 (Br10.300), ДТ-К4 — Br10.500 (Br10.100).
Гэтая падзея — даволі знакавая для Беларусі. Справа не ў тым, што гэта другое падаражанне паліва за год — у мінулым годзе «ежа» для «жалезнага каня» даражэла аж пяць разоў. Справа ў тым, што пасля гэтага падаражання нашыя кошты на паліва сягнулі за сусветны ўзровень. Беларусам упершыню стала больш выгадна запраўляцца нават на расійскіх АЗС. Да прыкладу, калі літр АІ-95 у нас каштуе долар, то ў Расіі ён абыдзецца ў сярэднім на чатыры цэнты танней. Па кошце дызельнага паліва мы абганяем сваіх суседзяў прыкладна на 10 цэнтаў.
На працягу 2014 года расійскае паліва вырасла ў цане прыкладна на 6%, у той час як у Беларусі ўпершыню кошт бензіну павысілі ў пачатку ліпеня на 5%. А вось пасля апошняга падаражання нават маскоўскае паліва стала танней за нашае. За мінулы год наш бензін падаражэў у сярэднім на 20%, а ў Еўропе, наадварот, цэны за 2013 год панізіліся прыкладна на 2,6%, што стала вынікам падзення коштаў на нафту на сусветным рынку.
Як ужо казалася раней, паліва — гэта тое, што адбіваецца на ўсіх коштах, ад чыгуначных перавозак да кошту бохана хлеба. Бо ў кошт любога прадукту закладзеныя выдаткі на ягоную транспарціроўку ад вытворцы да спажыўца. Таму зараз варта чакаць хоць маленькага, хоць малазаўважанага, але падаражання ўсіх прадуктаў у нашых крамах.
Але пры гэтым краіна вырашыла глабальную праблему кантрабанды паліва ў краіны ЕС. Прынамсі, беларускія ўлады адмянілі абмежаванне на продаж паліва для грузавікоў на прымежных АЗС, што вынікае з пастановы Саўміна ад 18 жніўня.
Абмежаванне на запраўку грузавікоў дзейнічала з 2011 года, і складала 200 літраў на адзін грузавы транспартны сродак. Яно было ўведзенае на фоне трохразовай дэвальвацыі нацыянальнай валюты з мэтай абмежаваць вываз паліва, што набываецца за беларускія рублі па сацыяльных коштах, і тым самым павялічыць валютную выручку. «Мера сябе вычарпала, таму было прынята рашэнне вярнуцца да ранейшай сістэмы продажаў», — гаворыцца ў афіцыйным каментары да пастановы, якая ўжо ўступіла ў сілу.
Але разам з гэтым станоўчым вынікам урад атрымаў для сябе вельмі шмат праблемаў у кірунку выканання такога сацыяльна-эканамічнага паказчыка, як інфляцыя. Справа ў тым, што за сем месяцаў 2014 года нашая інфляцыя ўжо апярэдзіла першапачатковы гадавы прагноз у 11% і склала 11,1%. З падвышэннем коштаў на паліва мы, пэўна, да канца года перасягнем і «ўдакладнены» ўзровень інфляцыі ў 14,5%. Таму што набраць 3% за чатыры месяцы для нас — лёгка. Шкада толькі, што гэта тычыцца «негатыўнага» паказчыка, а не, напрыклад, росту ВУП.
Куды ж пойдуць заробленыя грошы? Не паверыце, але яны будуць укладзеныя ў развіццё фантастыкі. І гэта не перабольшванне. Мы сапраўды маем намер увасобіць у жыццё адну ідэю, якую агучыў Люк Бесон у фантастычным баевіку «Пяты элемент».
Урад краіны ўхваліў праект канцэпцыі стварэння Беларускай інтэграванай сэрвісна-разліковай сістэмы (БІСРС). «БІСРС дазволіць аб’яднаць розныя ведамасныя інфармацыйныя сістэмы і даць спажыўцу магчымасць атрымання электронных адміністрацыйных, інфармацыйных і аплатных паслуг на ўсёй тэрыторыі Беларусі на аснове адзіных правіл і інструментаў. Асноўным інструментам гэтай сістэмы, якая забяспечвае ўзаемадзеянне фізічных і юрыдычных асоб з дзяржаўнымі інфармацыйнымі сістэмамі і рэсурсамі, будзе беларуская электронная картка (БЭК) і адзіная сістэма ідэнтыфікацыі фізічных і юрыдычных асобаў», — гаворыцца ў паведамленні.
То бок БЭК — гэта аналаг «мультыпашпарту» «Пятага элемента» — шматфункцыянальная мікрапрацэсарная імянная картка. Фактычна гаворка ідзе аб стварэнні гібрыда пашпарта і аплатнай карты на ўсе выпадкі жыцця: для атрымання банкаўскіх паслуг, у мэтах падаткаабкладання, страхавання, электроннага гандлю, аплаты праезду ў грамадскім транспарце, камунальных паслуг і інш.
Куды там розным замежнікам з іх «біяметрычнымі пашпартамі» і адбіткамі пальцаў! Вось у нас сапраўды будзе самая «круцізна»! Канешне, стварэнне такой сістэмы, альбо на скрайні выпадак хаця б аб’яднанне ўсіх існуючых электронных базаў дадзеных, каштуе вельмі дорага. Але на тое, каб жыць, як у «Пятым элеменце», можна і скінуцца. Засталося толькі вынайсці антыгравітацыю, паветраныя таксоўкі і даць беларускае грамадзянства Брусу Уілісу — і мы цалкам можам ратаваць сусвет.
Пакуль нічога не створана, і ратаваць сусвет зарана, мы паспрабуем замірыць хаця б суседзяў. На тыдні стала вядома, што 26 жніўня ў Мінску ўсё ж сустрэнуцца кіраўнікі дзяржаў Мытнага саюза і Украіны з удзелам прадстаўнікоў Еўрапейскага саюза. Такім чынам, у Мінск прыедуць Пуцін, Назарбаеў і Парашэнка, а таксама кіраўнік еўрадыпламатыі Катрын Эштан, еўракамісар па гандлі Карэл дэ Гюхт і намеснік кіраўніка Еўракамісіі Гюнтэр Этынгер.
Гэта — ужо пэўны прарыў беларускай дыпламатыі і высілкаў афіцыйнага Мінска па сваіх «міратворчых ініцыятывах». Не раз пра «перамоўную пляцоўку» (без усялякага пасярэдніцтва) казаў афіцыйны беларускі лідар.
Варта нагадаць, што Беларусь ужо доўгі час знаходзіцца пад санкцыямі ЕС, і дагэтуль прыезд у краіну афіцыйных асобаў ЕС на ўзроўні еўракамісараў быў справай фантастычнаю. Зараз іх будзе аж трое. І гэта выдатны шанец пераканаць еўрапейцаў, што Беларусь — «белая і пухнатая».
Як будзе — і ці будзе наогул — скарыстаны гэты шанец, паглядзім.